Асаблівасці селектарных нарад у Беларусі
5- 2.08.2017, 8:09
- 18,170
Ад публічных «лупцовак» да анекдотаў.
2 жніўня Аляксандр Лукашэнка правядзе селектарную нараду ў пытаннях уборкі ўраджаю ў 2017-м.
«Асаблівая ўвага да цяперашняй уборачнай кампаніі выклікана тым, што на яе аказваюць уплыў няўстойлівыя ўмовы надвор'я. Таму кантроль за правядзеннем палявых работ, вынік якіх уплывае на стан эканамічнай і харчовай бяспекі дзяржавы, вядзецца на вышэйшым узроўні», - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы кіраўніка.
Правядзенне селектарных нарад не практыкавалася ў Беларусі некалькі гадоў. «Салідарнасць» наважыла ўспомніць, як такія мерапрыемствы праходзілі ў мінулым.

З міністрамі на «ты»
Селектарныя нарады былі ўведзеныя Лукашэнкам у практыку ў першыя гады кіравання. Яны трансляваліся па радыё і ТВ. Нярэдка ў час такіх мерапрыемстваў кіраўнік дзяржавы ладзіў чыноўнікам публічную лупцоўку, фамільярна «тыкаючы» кіраўнікам міністэрстваў і ведамстваў.
Селектарныя нарады, прысвечаныя пачатку пасяўной, часта заканчваліся тым, што збожжавыя сеялі проста ў снег, не ўлічваючы агракліматычныя асаблівасці рэгіёнаў краіны. Так было, да прыкладу, вясной 2000 года, калі ў шэрагу раёнаў у першай дэкадзе красавіка выпаў снег.
З гадамі вобраз мудрага кіраўніка, які лепш за ўсіх ведае, калі сеяць і прыбіраць, надакучыў. Больш за тое, такі ўсёпранікальны стыль кіраўніцтва стаў падставай для з'яўлення анекдотаў. Адзін з іх распавядае пра тое, як кіраўнік дзяржавы вучыць свайго суразмоўцу праз тэлефон сартаваць бульбу.

Селектарныя нарады ў цытатах
2004
У жніўні 2004-га Лукашэнка чарговым разам запатрабаваў скараціць закупкі імпартных камбайнаў:
- Грошай «дурных» няма, каб выкідаць іх на развіццё Нямеччыны, Амерыкі. Ёсць прэтэнзіі па якасці да «Гомсельмаша», давайце іх агучым, але развiваць трэба сваё
Пры гэтым ён нагадаў пра ласку, якую ўлады зрабілі для вызначаных у якасці флагманаў 60 сельгаспрадпрыемстваў.
2007
Праз трынаццаць гадоў кіраўніцтва краінай кіраўнік дзяржавы і сам, відаць, зразумеў, што пастаянны асабісты кантроль за ўсім і ўсімі змяншае імпэт падначаленых.
- Я лавіў сябе на думцы, што сёлета як ніколі арганізавана пачалі ўборку, без усякіх панукванняў з майго боку, з цэнтра. Гэта мяне задавальняе, - заявіў ён у ліпені 2007-га на чарговай нарадзе.
2012
Калі ў гэтым годзе прычынай правядзення нарады назвалі надвор'е, то пяць гадоў таму такая неабходнасць была выкліканая «недастатковымі тэмпамі, якасцю ўборачных работ і залішняй самазаспакоенасцю кіраўнікоў на месцах».
- Адна з мэтаў сённяшняй нарады - ускалыхнуць людзей, падагнаць дынамізм у працы ўсяго ўборачнага канвеера, не дапусціць страты ўраджаю. Цяпер неабходна максімальна напружыцца ўсім і ўбраць з поля хлеб, не расцягваючы ўборку на паўтара, а то і два месяцы, як гэта звычайна бывае, - растлумачыў тады Лукашэнка.
Падганяць людзей кіраўнік краіны назваў сваёй галоўнай задачай:
- Сёння злачынец той, хто не прыбярэ, нават калі надвор'е сапсуецца. У нас дастаткова тэхнікі для таго, каб з высокай якасцю ўбраць ураджай, але не павінна быць расхлябанасці, неарганізаванасці. Гэта пераносіцца на людзей, становіцца нормай паводзінаў людзей, і мы потым адчуваем правалы ў іншых кірунках. Таму наша задача - падганяць, прымушаць людзей працаваць, даваць добрую дынаміку і пастаянна, пастаянна трымаць іх у тонусе, што я і раблю.
Што ў выніку
Добра ці дрэнна ў Лукашэнкі атрымліваецца «прымушаць людзей працаваць» у сельскай гаспадарцы? Звернемся да лічбаў і фактаў.
Паводле вынікаў 2016 году блізу 30% сельгаспрадпрыемстваў ад агульнага ліку падлягаюць працэдуры дасудовага аздараўленні і банкруцтва. Сельская гаспадарка, як і раней, прыцягвае да ўборкі ўраджаю сілавікоў.