Пінскія ўлады «асвоіліся» ў ролі рэкеціраў
5- 2.08.2017, 9:14
- 37,586
У народа адбіраюць зямлю метадамі, якія нагадваюць 90-я гады.
Жыццё пражываць - дабро нажываць! Але ў нашай краіне нажытае ўчора сёння могуць адабраць. Сям'я з Пінска раніцай пачула, што працоўныя разбіраюць дыхтоўны плот каля іх дома, паведамляе «Белсат».
«Ніхто нават не паставіў у вядомасць, не тое што падалі дакумент. Не паставілі ў вядомасць!», – абураецца ўладальніца дому Святлана Валоцка.
«90-я вярнуліся. Сказалі занадта шмат зямлі ў вас. Дакументаў няма, ніхто нічога не паказвае. Цяпер прыехаў трактар ламаць слупы далей», – дадаў сусед Алег Толсцікаў.
Але не плот аб’ект зацікаўленасці
Чыноўнікаў з гарвыканкаму, якія выслалі працоўных зруйнаваць плот, больш цікавіць надзел зямлі, што за плотам.
«Гарвыканкам Пінскі што хоча, тое і робіць не падначальваецца нікому. Таму што мы выкупілі ў прыватную ўласнасць, але нас рабуюць і рабуюць беларускія ўлады», – з адчаем кажа Сяргей Кучар, муж Святланы.
Надзел Святлана выкупіла ва ўласнасць яшчэ ў 94-ым годзе
Генеральны план вызначаў межы надзелу. Калі ж праз нейкі час выканкам пастанавіў зрабіць дарогу, то спатрэбіўся кавалак надзелу Святланы.
«Межы яе па слупкам праходзілі згодна з генпланам і яны перашкаджалі зрабіць гэты праезд. Што яны прыдумалі людзі з выканкаму. Яны прыйшлі і сказалі: давайце мы возьмем гэтыя заднія слупкі і крыху перанясём. Яна кажа, вы мне перанесяце, а гэта зменіць межы надзелу. А яны кажуць: Нічога страшнага, мы табе слупкі перанясём і павялічым з іншага боку (там дзе зараз руйнуюць плот). Яна кажа, а якая мне розніца. Жанчына даверлівая», – пракаментаваў сітуацыю мясцовы юрыст Яўген Неўдах.
Без ведаму Святланы юрыдычна ўсталявалі іншыя межы надзелу
Атрымалася, што частку зямлі ў жанчыны забралі ў рэальнасці, а другую – на паперы. Святлана прайшла ўсе судовыя інстанцыі, але безвынікова. А тры гады таму суд увогуле пастанавіў скасаваць межы.
«Гэта ўсё на гэты момант у 2014-м годзе скасавана судом. На гэты момант надзел увогуле не існуе. Ён існуе толькі паводле генплану. Ніякіх дакументаў мне ніхто не хоча даць. Ёсць у мяне аб выкупленасці дакумент і генеральны план. Іншыя дакументы мне гарвыканкам даць не хоча, кажа ў нас іх няма», – тлумачыць Святлана Валоцка.
Выканкам мае план на частку зямлі Святланы
Чыноўнікі дададуць яе да суседняга надзелу і выставяць на продаж. Кабеце ж прапануюць замест чарговага адарванага ў яе кавалку зямлі іншы.
«Тая частка, якую ёй навязвае выканкам знаходзіцца ў ахоўнай зоне лініі электраперадач. Па-сутнасці ёй гарвыканкам навязвае мёртвую частку зямлі, якую нельга выкарыстоўваць», – распавядае Яўген Неўдах.
Адстаяць сваё не дапамаглі ні суды, ні скаргі
Гаспадары, што звярнуліся да «Белсату», спадзяюцца, што ім дапаможа розгалас справы.