3 лiстапада 2023, Пятніца, 7:23
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Падстрэленага міліцыяй на Новы год менчука асудзілі на пяць гадоў «хіміі»

83
Падстрэленага міліцыяй на Новы год менчука асудзілі на пяць гадоў «хіміі»
АНДРЭЙ ГАЎРОШ
ФОТА: TUT.BY

29-гадовы Андрэй Гаўрош не прызнаў сваёй віны і заявіў, што супрацоўнік міліцыі першым напаў на яго.

У міліцыянта іншая версія - Гаўрош зладзіў бойку, спрабаваў выхапіць табельную зброю, таму ён стрэліў тры разы. Выслухаўшы бакі, суд Маскоўскага раёна вынес абвінаваўчы прысуд у дачыненні да менчука - 5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, піша tut.by.

Напярэдадні дзяржабвінаваўца Алена Крупеніна запрасіла для менчука Андрэя Гаўроша 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. А вось сам пацярпелы супрацоўнік міліцыі Руслан Салаўёў папрасіў абвінавачанага строга не караць і не пазбаўляць волі. Судовае пасяджэнне па стральбе ў навагоднюю ноч на праспекце Любімава ў Менску доўжылася тры дні. Першым быў дапытаны пацярпелы сяржант Руслан Салаўёў. Міліцыянт не змог дакладна адказаць на пытанне, як і куды ён стрэліў тры разы.

- папераджальнага не было, - распавядаў пацярпелы. - Першы раз стрэліў у нагу, каб нанесці меншую шкоду абвінавачанаму.

Як яшчэ адна куля трапіла ў спіну Гаўрошу, а трэцяя - у ліфт, міліцыянт не распавёў.

У сваім допыце абвінавачваны ўказаў: калі Салаўёў прыйшоў на выклік, пачалася слоўная сварка, пасля чаго сяржант ударыў Андрэя Гаўроша, той пахіснуўся, палез за тэлефонам і ў гэты момант раздаўся стрэл. Далей мянчук нічога не памятае. Выразнага адказу, як страляў міліцыянт, не дала і экспертыза, а сам экспэрт не быў дапытаны ў зале суда. З матэрыялаў крымінальнай справы стала вядома, спецыялісты ўсумніліся ў аповедзе Руслана Салаўёва, што куля ў спіну была выпушчана ў ходзе барацьбы. Па заключэнні экспэртаў, ствол знаходзіўся на адлегласці 3-5 см.

«Абставіны прычынення гэтага агнястрэльнага ранення не адпавядаюць абставінам, выкладзеным Салаўёвым», - пазначана ў дакументах.

Нагадаем, надзвычайнае здарэнне адбылося ў навагоднюю ноч на праспекце Любімава. Пасля 6-й раніцы суседзі Андрэя Гаўроша выклікалі міліцыю, каб супакоіць шумную кампанію. На лесвічнай пляцоўцы былі толькі сяржант Руслан Салаўёў і гаспадар кватэры Андрэй Гаўрош, праз хвіліну пачуліся стрэлы. Пацярпелы міліцыянт лячыўся ў вайсковым шпіталі 10 дзён, абвінавачаны - 17. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па ч. 2 арт. 363 КК «Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў». Санкцыя артыкула - да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Падчас суда таксама ўздымалася пытанне: ці мог міліцыянт ісці на выклік адзін ці не. Адны калегі Салаўёва сцвярджалі, што мог, іншыя - не. Сам сяржант распавёў: напярэдадні супрацоўнікаў міліцыі папярэдзілі, каб па адным на званок не выбывалі, у тую раніцу дзяжурны разам з Салаўёвым паслаў яшчэ аднаго вартавога парадку. Але сяржант вырашыў не чакаць напарніка:

- Думаў, па-хуткаму ўсё зраблю і вярнуся.

У ходзе судовага разбору высветлілася: у тую раніцу ў сяржанта была табельная зброя, кайданкі і ліхтарык. Газавы балончык скончыўся напярэдадні і міліцыянт не паспеў купіць новы, а гумовая палка адна на ўсё аддзяленне, таму Салаўёў не змог яе ўзяць.

Прысуд не ўвайшоў у законнае дзеянне і можа быць абскарджаны.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках