Экс-начальнік Веткаўскага РАУС: Мае паводзіны ганебныя
8- 2.08.2017, 11:09
- 12,708
Міліцыянт, які ўдарыў падлетка, абышоўся штрафам.
Сёння суд Чыгуначнага раёна Гомеля вынес прысуд у справе былога начальніка Веткаўскага РАУС Уладзіслава Антоненкі, які абвінавачваецца ў тым, што ўдарыў 15-гадовага падлетка. Суд прызнаў мужчыну вінаватым ва ўчыненні злачынства і пастанавіў прызначыць яму пакаранне ў выглядзе штрафу сумаю 30 базавых велічыняў (690 рублёў). Гэта менш, чым прасіла дзяржабвінавачанне, паведамляе tut.by.
Напярэдадні пракурор запрасіў для Антоненкі пакаранне ў выглядзе штрафу сумаю 40 базавых велічынь (920 рублёў).
Акалічнасцю, што абцяжарвала віну, дзяржабвінаваўца назваў моцнае алкагольнае ап'яненне, у якім знаходзіўся Антоненка ў момант учынення злачынства. У спісе змякчальных абставінаў - факт, што абвінавачаны ніколі не прыцягваўся ні да крымінальнай, ні да адміністрацыйнай адказнасці, станоўча характарызаваўся па месцы службы, у яго двое непаўналетніх дзяцей, былы міліцыянт цалкам прызнаў сваю віну і чыстасардэчна раскаяўся, больш за тое - прэтэнзій да яго пацярпелы бок не мае.
- У гэты час такія злачынствы (хуліганства) у нашых судах, на жаль, разглядаюцца часта. Але гэтае мае вялікі грамадскі рэзананс, і ўвага з боку прэсы, вядома, выключна праз тую пасаду, якую займаў абвінавачваны на момант учынення гэтага злачынства. Аднак гэта ж не пасада ўчыняла злачынства, а грамадзянін. Увесь гэты рэзананс, гучнае звальненне і такая «слава» на ўсю рэспубліку - гэта ўжо досыць сур'ёзнае пакаранне для таго, хто аддаў міліцыі 20 гадоў свайго жыцця, - дадаў дзяржабвінаваўца.
Нагадаем, 25-га красавіка, у свой выхадны, начальнік Веткаўскага РАУС выпіў і адправіўся на шпацыр з сабакам, дзе сустрэў знаёмую, супрацоўніцу міліцыі аддзела, якім кіраваў. Жанчына папрасіла правесці на павадку сабаку Антоненкі пароды баксёр. У нейкі момант, жыхар Веткі Уладзімір Сідараў, які праходзіў міма, зрабіў ёй заўвагу аб тым, што жывёла знаходзілася без намысніка. А праз некалькі хвілін мужчына накінуўся з кулакамі на 15-гадовага падлетка Вадзіма Шрэмава, які апынуўся побач з ім на адным тратуары, і якога, са слоў самога Антоненкі, ён пераблытаў з Сідаравым.
- Гэта абсалютна не адпавядае ні логіцы, ні здароваму сэнсу. Улічваючы мой жыццёвы досвед і становішча, якое я займаў... Мае паводзіны ганебныя, - заявіў Уладзіслаў Антоненка ў судзе.