3 лiстапада 2023, Пятніца, 7:22
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Гонар маю!

26
Гонар маю!
Алег Воўчак
ФОТА: CHARTER97.ORG

Вядомаму праваабаронцу Алегу Воўчаку сёння спаўняецца 50 гадоў.

Напярэдадні юбілею з ім сустрэўся карэспандэнт sn-plus.com. Але размова атрымалася зусім не святочная.

- 1998 год. Ты працуеш у пракуратуры. На добрым рахунку. Кар'ерны рост - пытанне часу. Таму твой сыход «на вольны хлеб» для многіх стаў нечаканасцю. Пытанне простае - чаму сышоў?

- Таму што за пяць гадоў працы ў пракуратуры юнацкі рамантызм спрэс знік.

Хоць быць следчым, то бок, з дапамогай законаў абараняць іншых, мне хацелася заўсёды. Пасля тэрміновай службы ў Афганістане трохі папрацаваў слесарам у вагонарамонтным дэпо, дзе брыгадзір, падтрымліваючы маё пастаяннае імкненне да справядлівасці (слесараў прымушалі рабіць не сваю працу), і параіў паступаць на юрфак. Маўляў, з «афганскімі» ільготамі ў мяне вельмі добрыя шанцы.

У 1995 годзе я скончыў юрыдычны факультэт БДУ а за паўгода да гэтага (яшчэ будучы студэнтам) ужо быў прыняты на працу на стаўку старэйшага следчага пракуратуры Фрунзенскага раёна Менска.

Аб пяцігадовай працы дакладна не буду распавядаць. Скажу толькі, што за гэты час я зразумеў: у пракуратуры склалася сістэма жорсткай цэнтралізацыі, якае не дае самастойнага развіцця асобы. Ці ты беспярэчна, бяздумна падпарадкоўваешся загадам начальнікаў, альбо ты чужы. Спачатку я не разумеў, чаму ліберальнае імкненне да перамен самага маладога дэпутата Мінгарсавета не знаходзіць падтрымкі ў начальства і нават успрымаецца ў штыкі, а потым стала ясна - гэта сістэма. Яна не прымае якіх-небудзь перамен, а кар'ерны рост магчымы толькі ў тым выпадку, калі становішся яе, калі хочаце, шрубкай. Каб нешта змяніць, спачатку трэба памяняць саму сістэму. І я пайшоў.

Безумоўна, для многіх гэта стала нечаканасцю. Асабліва для маёй мамы, Ядвігі Антонаўны.

На той момант я быў наіўным рамантыкам, думаў, што хутка знайду іншую працу. Высветлілася, усё значна больш складана. Калі ты пры пракурорскай пасадзе, сярод службоўцаў, у цябе шмат сяброў і проста добрых знаёмых. Але варта выпасці з абоймы, і ўсё гэта бясследна знікае.

Месяц я перабіваўся мізэрнымі ганарарамі за артыкулы, якія былі напісаныя для дэтэктыўных выданняў на аснове тых спраў, якія сам вёў.

Потым Мікалай Статкевіч параіў стварыць праваабарончую арганізацыю і заняцца тым, што было знаёмае і блізкае, то ёсць канкрэтнай юрыдычнай дапамогай людзям. Так нарадзілася зарэгістраваная цяпер ва Украіне «Прававая дапамога насельніцтву». Перада мной адкрыліся новыя магчымасці для самарэалізацыі.

- Ці не шкадуеш, што сышоў?

- Ніколькі.

Сёння некаторыя мае калегі ўжо на генеральскіх пасадах, атрымалі палкоўніцкія пагоны, але я не бачу ў іх працы самага галоўнага, дзеля чаго мы жывём - карыснасці для грамадства. Магчыма, гэта прагучыць крыху пафасна, але мы прыходзім у гэты свет, каб дапамагаць іншым, а не толькі, каб рабіць уласную кар'еру. Праца павінна прыносіць карысць не толькі табе, але і тым, хто побач.

Сёння гучыць вельмі шмат крытыкі ў адрас следчага камітэта, судоў, пракуратуры.

Нібыта добра мець высокую пасаду, вялікія зоркі на пагонах, пенсію ў 1200-1400 рублёў. Але ж мы жывём не толькі дзеля выгод. Лічу, што, адмовіўшыся ад іх, я толькі выйграў, бо не прыйшлося плаціць за ўсё гэта. Сумленне, напрыклад...

- А што набыў?

- Перш за ўсё, унутраную свабоду і магчымасць дапамагаць іншым.

Вядома, у жыцці было нямала цяжкасцяў: збіцці, ператрусы, арышты, суды, звязаныя з гэтым сямейныя цяжкасці - мне нават давялося развесціся з першай жонкай, ды і другая ад таго, што адбываецца, мякка кажучы, не ў захапленні, але было больш іншага - людской падзякі.

У наступным годзе нашай арганізацыі - 20 гадоў. За гэты час мы аказалі дапамогу 22 тысячам чалавек. З многімі маем зносіны і нават сябруем дагэтуль.

Дзеля гэтага і варта было сыходзіць.

Дарэчы, мы абавязкова вернемся ў «сістэму», каб яе кардынальна рэфармаваць. Хай гэта буду не я, але без рэформаў не абысціся. Я нават напісаў пра гэта ліст міністру замежных спраў Уладзіміру Макею, які вядзе пастаянныя перамовы з Брусэлем.

- Ведаю, што прыкладна гэта ты і сказаў падчас чарговага суда...

- Цалкам дакладна.

Не буду называць канкрэтных прозвішчаў, але ўжо нямала выпадкаў, калі да тых, хто несправядліва асуджаў вядомых апанентаў улады, лёс быў больш чым не добразычлівы. Вядомыя выпадкі самагубства, цяжкіх хвароб. А пракурор, які мяне пераследаваў і «дапамог» апынуцца ў турме аднаму з кандыдатаў у прэзідэнты, цяпер пабіты цяжкім інсультам і амаль паралізаваны.

Што тычыцца непасрэдна дэкрэту аб «дармаедах», за стаўленне да якога мяне і судзілі, то я вельмі ганаруся тым, што яго бяздумнае выкананне нам удалося значна прытармазіць.

Дарэчы, мы дапамаглі не толькі канкрэтным пацярпелым, але і самой уладзе, бо настроі былі вельмі радыкальнымі.

За тое, што гэтыя пратэсты атрымалася накіраваць у юрыдычнае рэчышча, улада павінна быць у першую чаргу ўдзячная менавіта нам, праваабаронцам, актывістам.

Наколькі мне вядома, восенню ўлада збіраецца гэты дэкрэт нейкім чынам рэанімаваць і шпурнуць у мяккім варыянце. Па-мойму, хтосьці не да канца разумее, што адбываецца.

Эканоміка імкліва пагаршаецца, цэны растуць, рэальныя заробкі скарачаюцца, колькасць працоўных месцаў памяншаецца. Ад безвыходнасці людзі могуць выйсці пратэставаць на вуліцы. Акрамя гэтага, яны даведзены да мяжы беспакаранасцю, хамствам, прававым беззаконнем, адкрытай хлуснёй і карупцыяй уладаў, якіх утрымліваюць.

Сацыяльны выбух можа быць такім моцным, што ніхто не зможа яго кантраляваць.

Менавіта гэтай стыхійнасці, непрадказальнасці і асцерагаецца Еўропа.

У еўрапейскіх структурах выдатна разумеюць, чаго вартая беларуская стабільнасць...

На мой погляд, на выкананне гэтага дэкрэту лепш за ўсё накласці мараторый і пачаць дыялог паміж уладаю і грамадзянскай супольнасцю.

Сайт Charter97.org віншуе Алега Воўчака з юбілеем!

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках