Украіна гатовая ўвесці санкцыі супраць Беларусі за гандаль з «ЛДНР»
32- 2.08.2017, 13:28
- 24,848
Афіцыйны Кіеў пастараецца, каб гэтыя санкцыі былі падтрыманы і Еўразвязам.
Пасол Украіны Ігар Кізім заявіў, што калі звесткі расследавання «Белсата» наконт гандлю Беларусі з «ЛДНР» пацвердзяцца, то беларускія прадпрыемствы трапяць у «чорны спіс» ва Украіне.
Супраць беларускіх прадпрыемстваў, якія наўпрост пастаўляюць сваю прадукцыю баевікам у «ДНР» і «ЛНР» будуць уведзеныя санкцыі, і яны не змогуць пастаўляць сваю прадукцыю ва Украіну. Пасол дадаў, што афіцыйны Кіеў пастараецца, каб гэтыя санкцыі былі падтрыманыя і Еўразвязам.
Нагадаем, як стала вядома з расследавання журналістаў, прадукцыя дзясяткаў беларускіх прадпрыемстваў трапляе да сепаратыстаў праз расейска-ўкраінскую мяжу, якая не кантралюецца афіцыйным Кіевам. Шэраг прадпрыемстваў нават не ўтойвае, што гаворка ідзе аб наўпроставых пастаўках у Данецк і Луганск. Беларускія заводы вырабляюць піва і гарэлку пад гандлёвымі маркамі кампаній з «ДНР», уладальнікаў якіх у Украіне падазраюць у фінансаванні тэрарызму.
«Я мяркую, што імавернасць санкцый супраць беларускіх прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць незаконны гандаль з сепаратыстамі, вельмі вялікая, - кажа ў інтэрв'ю «Белсату» кіеўскі палітолаг, кіраўнік Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімір Фясенка, - беларусы павінны разумець, што ў гэтым выпадку гаворка ідзе не пра нейкі недружалюбны акт у дачыненні да Беларусі. Проста гэта прынцыповае пытанне. Украіна выступае за развіццё сяброўскіх дачыненняў з Беларуссю, але ёсць пытанні, паводле якіх пазіцыя вельмі жорсткая. Гэта і сігнал усім астатнім: ёсць «чырвоная лінія». Калі беларускія прадпрыемствы хочуць працаваць на ўкраінскім рынку, то яны павінны зрабіць выбар - ці вы працуеце з Украінай, ці вы працуеце з сепаратысцкімі рэспублікамі».

Фясенка не ведае, наколькі інфармаваны быў афіцыйны Кіеў аб гандлі Беларусі з «ЛДНР» да выхаду расследавання «Белсата», але ўпэўнены, што публікацыя гэтых фактаў падштурхне ўкраінскія ўлады да рашучых крокаў.
«Дзяржаўныя органы вельмі часта працуюць паводле бюракратычнага прынцыпу. Магчыма, нейкая інфармацыя да іх трапляла, але пакуль не было рэзанансу, адпаведныя дзеянні не вяліся, чыноўнікі не хацелі браць на сябе адказнасць за канкрэтную ініцыятыву - а раптам гэта можа нашкодзіць двухбаковым стасункам. Думаю, тут не было палітычнай матывацыі - працавала простая бюракратычная логіка «як бы чаго не выйшла». А паколькі цяпер інфармацыя агучаная публічна, то трэба рэагаваць», - мяркуе экспэрт.