Баранавіцкі актывіст дайшоў да ААН у справе абароны памяці пра Каліноўскага
2- 2.08.2017, 14:25
- 16,066
Актывіст Юрый Казакевіч упэўнены, што мае рацыю, і верыць у перамогу.
«Учора, 1 жніўня 2017 года, баранавіцкі актывіст руху «За свабоду» Юры Казакевіч звярнуўся ў Камітэт ААН у правах чалавека ў Жэневе са скаргай-паведамленнем на незаконныя дзеянні Свіслацкага аддзялення міліцыі Гарадзенскай вобласці, якія прыцягнулі яго да адміністрацыйнай адказнасці паводле ч.1 арт .23.34 КаАП за тое, што ён, разам са сваімі сябрамі 30 кастрычніка 2016 года на тэрыторыі горада Свіслачы і ў вёсцы Якушоўцы Свіслацкага раёна Гарадзенскай вобласці ўдзельнічаў у мірнай акцыі памяці паўстанцаў 1863 г., якая праходзіла каля помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту і ў былым родавым маёнтку Каліноўскіх - у вёсцы Якушоўцы», - распавёў «Брэсцкай вясне» праваабаронца з Баранавічаў Сяргей Гоўша.
Актывіст звярнуўся па дапамогу ў Баранавіцкае аддзяленне Праваабарончага цэнтру «Вясна». Дзе Сяргей Гоўша і праваабаронца Аляксандр Вайцешык надалі неабходную прававую дапамогу.
Юрый Казакевіч у міліцыі і ў судзе даводзіў, што ўскладанне кветак да помнікаў не падпадае пад Закон «Аб масавых мерапрыемствах», таму не падавалі заяўкі на правядзенне масавага мерапрыемства.
У сваёй скарзе актывісты падкрэслівалі, што міліцыя не адразу адрэагавала на іх дзеянні. Прайшоў час і ў міліцыі на іх быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Зварот у Гарадзенскі абласны суд, а таксама да старшыні таго ж абласнога суда быў без аніякіх вынікаў. Пастанова была «пакінутая без зменаў, а скарга без задавальнення».
Не згодны з пастановамі судоў першай і другой інстанцыі актывіст звярнуўся ў Камітэт у правах чалавека ў Жэневе. Актывіст упэўнены, што мае рацыю, і верыць у перамогу.
Баранавіцкія праваабаронцы абяцаюць і надалей надаваць яму неабходную дапамогу.