3 лiстапада 2023, Пятніца, 7:23
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы ўзрушаныя чуткамі пра казачныя прыбыткі ад мухамораў

38
Беларусы ўзрушаныя чуткамі пра казачныя прыбыткі ад мухамораў
Фота: Shutterstock

Навіна пра тое, што на звычайных сушаных мухаморах можна зарабіць шалёныя грошы, узрушыла грамадскасць.

Звычайная сушылка для грыбоў пасуе і для мухамораў. Але ці трэба іх сушыць? Чуткі пра тое, што на звычайных сушаных мухаморах можна зарабіць шалёныя грошы, узрушыла грамадскасць. У асаблівасці — сельскую. Праўда гэта ці не, высвятляў mlyn.by.

«Чуеш, Іванаўна, — незнарок журналісты падслухалі размову дзвюх жанчын на ўздзенскай аўтастанцыі. — Пляменнік распавядаў, што ў Літве сушаныя мухаморы скупляюць па 150 еўраў за кілаграм».

Вось дык справы! А мы іх у лесе нагамі шпурляем.

— Мухаморы? Вы што, жартуеце? — надта здзівілася нашаму пытанню намесніца старшыні ўправы нарыхтовак Уздзенскага райспажыўтаварыства Галіна Ламака. — 34 гады працую ў спажыўкааперацыі і ніколі не чула, каб хто-небудзь прымаў іх у насельніцтва.

— Мы калі-небудзь пахаваем гэтае мухаморнае трызненне? — яшчэ больш эмацыйна адрэагаваў галоўны лекар Менскага клінічнага анкалагічнага дыспансера Уладзімір Каранік. — Чым толькі сёння не «лечаць» анкалогію: і грыбам вясёлкай, і чыстацелам, і балігаловам, і алеем з гарэлкай згодна з метадам Шаўчэнкі, і настойкай мухамора — толькі гэта ўсё поўнае невуцтва і не мае ніякага дачынення да навукі.

Больш таго, акцэнтаваў увагу Каранік, ужо даведзена, што атрута чырвонага мухамора ніяк не ўплывае на пухліну.

Адкуль мухаморы растуць?

Але вось сайт аднаго беларускага лекара па-ранейшаму цвердзіць, што «фунгатэрапія (ад лацінскага «фунгус» — «грыб»), або лячэнне анкалагічных захворванняў грыбамі, заснаванае «на запуску сінтэзу фермента перфарыну, што знішчае ракавыя клеткі». Тут жа — рэцэпт цудадзейнай настойкі з мухамора.

А што кажа навука? У НДІ экспэрыментальнай батанікі імя Купрэвіча НАН Беларусі распавялі, што пладовыя целы грыбоў як злучэнне раслінных і жывёльных бялкоў утрымліваюць вялікую колькасць біялагічна актыўных рэчываў і цалкам адкідаць лячэбныя ўласцівасці гэтых дароў лесу было б няправільна.

— Тым больш мухамораў у Беларусі блізу 50 відаў і паміж імі ёсць істотная розніца, — патлумачыла супрацоўніца лабараторыі мікалогіі кандыдатка біялагічных навук Вольга Гапіенка, вядучая ў краіне спецыялістка ў грыбах.

У лячэбных мэтах, паводле ейных слоў, часцей за ўсё выкарыстоўваюць мухамор чырвонага колеру, але эфект ад яго вельмі нязначны і выяўляецца ў здольнасці памяншаць запаленне, абязбольваць. І Вольга Гапіенка не бачыць нічога страшнага ў выкарыстанні разнастайных формаў на аснове мухамора пры анкалагічных хваробах, але толькі як дадатак да асноўнага лячэння на ўзгадненне з лекарам.

У большай ступені, заўважыла міколаг, гэта мае сэнс пры сухотах, падагры, рэўматызме і судзінных праблемах.

І зусім здзівіла нас, паведаміўшы, што гэтыя цудоўныя грыбы цалкам можна нарыхтоўваць і прадаваць. Пакупніка знайсці вельмі нават рэальна — Амерыка і краіны Захаду даўно шалеюць па мухаморах.

Якое глупства!

Атрымліваецца, у нашых лясах пад нагамі валяюцца, дакладней, растуць немалыя грошы? Але...

— Мы кожны год заводзім крымінальныя справы аб фактах збору, захоўвання і збыту раслінных псіхатропаў, у якіх утрымліваюцца небяспечныя рэчывы псілацын і псілацыбін, — распавялі ва ўправе наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі УУС аблвыканкама.

— У тым ліку і мухамораў?

— Яны ў гэтым спісе не значацца. Магчыма, таму, што канцэнтрацыя такіх рэчываў у іх вельмі невялікая. Так што па нашай частцы — іншыя галюцынагенныя грыбы, толькі вось называць іх не станем...

На наступны дзень у паездку па Менскім раёне, дзе мы з эколагамі вывучалі зусім іншую тэму, наш аўтамабіль спыніўся за Астрашыцкім Мястэчкам. Два мужчыны ў дажджавіках, сагнуўшыся, штосьці выбіралі з травы. Мабыць, ім не спадабалася наша цікавасць да іх персон, і яны сталі адыходзіць далей, не спыняючы свайго дзіўнага занятку.

— Былі б з мігцелкай, адразу б уцяклі, — пасмяяўся наш дасведчаны кіроўца. — Грыбкі яны тут шукаюць, каб самім насалоджвацца або на продаж. Вар'яцтва поўнае!

Я падышла. Дык гэта ж грыбы, пра якія мне ў дзяцінстве казала мама, што яны атрутныя і іх нельга было нават браць у рукі...

Але ўсё ж на мухаморах можна зарабіць?

Тлустая кропка над «i»?

Каб канчаткова гэта растлумачыць, журналісты пайшлі на пошту. Там у іх адбыўся надзвычай цікавы дыялог з супрацоўніцай аддзелу.

— Прабачце, можна адправіць за мяжу засушаныя мухаморы? Адзін мяшок — у Літву, другі — у Расею? Менавіта там, паводле версіі сарафаннага радыё, скупляюць сушаныя капялюшыкі гэтых грыбоў.

— Калі ласка, іх перасылка не забароненая.

— А колькі гэта будзе каштаваць?

— Як звычайна, 23 рублі за кілаграм.

— Ну, дык давайце запакуем.

— Добра, ваш сертыфікат?

— Сертыфікат? Які?

— Фітасанітарны, які выдае Галоўная дзяржаўная інспекцыя насенняводства, каранціну і абароне раслін. У гэтым выпадку пасылка ўважаецца як экспартнае адпраўленне.

Эксперымент патрабаваў прадаўжэння, і журналісты адправіліся ў каранцінную інспекцыю і Менскую рэгіянальную мытню. Высветлілася, што нават калі і зможам атрымаць сертыфікат фітасанітарнай службы, пасылку не прапусціць мытня. З той прычыны, што ў мухаморах змяшчаецца адразу тры псіхаактыўныя рэчывы, а перасылка атрутных рэчываў у міжнародных паштовых адпраўленнях забароненая.

Так што, на жаль, бізнэс на мухаморах не выгарыць.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках