Хто сеў на шпагат паміж танкамі замест Аляксандра Саладухі
16- 2.08.2017, 15:27
- 14,777
Відавочна, што ва ўсёй гэтай гісторыі не абышлося без аднаго вядомага каскадзёра.
Тэлеканал "Беларусь 1" паказаў цізер праграмы "Спецыяльны рэпартаж", у якой спявак Аляксандр Саладуха садзіцца на шпагат паміж двума танкамі. У карыстальнікаў сацсетак адразу паўсталі сумневы ў тым, што артыст выконвае трук сам, піша euroradio.fm.
Па-першае, пры ўсёй павазе, Аляксандр Саладуха зусім не Жан-Клод ван Дам, які рабіў аналагічны трук на дзвюх фурах Volvo. У канцы студзеня музыка распавядаў, што ён не баксёр і не культурыст:
"Раніцай стаю перад люстэркам і займаюся аўтатрэнінгам: "Ты павінен быць увесь час у форме". У залу не хаджу, гантэлі не цягаю, на трэнажор мяне выстарчыла на два месяцы, цяпер мы на ім бялізну сушым".
Па-другое, у відэа няма ніводнага агульнага плана, на якім бы Саладуха стаяў на шпагаце. А па рознаму становішчу рук на розных кадрах многія зрабілі выснову, што музыку дублюе каскадзёр.
Што кажа сам Аляксандр Саладуха?
Удзень 1 жніўня Аляксандр Саладуха хваліўся, што зрабіў трук сам. Маўляў, добрая расцяжка захавалася з юнацтва. Для таго, каб аднавіць навыкі і сесці на шпагат, выстарчыла некалькіх гадзін заняткаў са спецыяльным трэнерам.
Журналісты, вядома, ведалі, што Саладуха - звышчалавек, але папрасілі паўтарыць трук. Але музыка кажа, што цяпер няма часу, і просіць ператэлефанаваць праз некалькі гадзін.
Увечары адбыўся наступны дыялог:
- Аляксандр Антонавіч, куды да вас пад'ехаць, каб паглядзець на шпагат?
- Хлопцы, часу няма. Гэта ж некалькі гадзін трэба разагравацца, а ў мяне канцэрты, здымкі...
- Добра, але хаця б прозвішча трэнера, з якім працавалі, скажыце.
- Слухайце, ну гэта ж зусім іншая гісторыя! Глядзіце эфір - там усё будзе відаць.
У якога каскадзёра ў сацсетках ёсць фота з "Лініі Сталіна"?
Са звестак журналістаў, сесці на шпагат Саладуху "дапамог" каскадзёр Дзяніс Блахін. Паўгода таму ён ужо здымаўся ў такім роліку, толькі замест танкаў пад яго нагамі былі два велізарныя БелАЗы:
У размове з журналістамі Дзяніс Блахін не пацвярджае, але і не зняпраўджвае, што дубляваў Аляксандра Саладуху: "Вы ж разумееце: такія праекты нельга раскрываць раней вызначанага часу".
Але апошняе фота на старонцы каскадзёра ў Facebook - як раз з "Лініі Сталіна". А гэта самае зручнае месца пад Менскам, дзе можна здымаць трукі на танках.
Са слоў каскадзёра, сесці на шпагат паміж двух БелАЗаў нашмат складаней, чым на ствалах танкаў:
"Уся справа ў руху і ў габарытах: танкі стаялі, а БелАЗы ехалі. І вышыня на БелАЗах была вялікая, і мароз - ногі мерзлі [здымкі адбываліся ў канцы снежня]. Гэта значыць, шпагат ёсць, але цягліцы ўсё адно мерзлі праз холад. Я б сказаў, што трук на БелАЗе больш складаны, чым нават у таго ж Ван Дама, які, да таго ж, быў яшчэ і замацаваны на трасах.
Але, вядома, не ўсё проста і ў варыянце з танкамі. З відэа бачна, што ствалы трохі дрыжаць. Гэта натуральна, танкі ж не новыя. Таксама бачна, што боты слізгаюць па ствалах. На БелАЗе ўсё ж былі крапяжы для ног. Стаяць было адназначна зручней".
"Усё магчыма, калі маеш добрую фізічную падрыхтоўку"
Здольнасць Саладухі сесці на шпагат Дзяніс Блахін не каментуе. Але распавядае пра сябе:
"Не ведаю, як наконт "з нуля", але ўсё магчыма, калі маеш добрую фізічную падрыхтоўку і адчуванне раўнавагі. Таму што яно "грае", яго трэба ўвесь час падтрымліваць і правяраць. А шпагат - гэта зразумела: ён ці ёсць, ці няма. Я калісьці расцягнуўся, і ён у мяне ёсць заўсёды. Я і цяпер магу паўтарыць трук. Умоўна кажучы, раніцай устаў, разагрэўся трохі, пацягнуў ногі - і ўсё, я гатовы".
Аўтары роліка з Аляксандрам Саладухам на танках паабяцалі раскрыць падрабязнасці 10 жніўня а 21:45. Што зробіш: відаць, давядзецца ўключыць "Беларусь 1".