Сяргей Гурэнка пра матч з АЕК: Гульцы знаходзяцца ў баявым духу, ірвуцца ў гульню
3- 2.08.2017, 16:37
- 12,932
ФОТА: DINAMO-MINSK.BY
Галоўны трэнер менскага «Дынама» падзяліўся чаканнямі ад матчу з грэцкім клубам у рамках кваліфікацыі Лігі Еўропы.
- У першым тайме мы саступілі 2:0. Заўтра ў нас будзе дастаткова часу, каб адыграцца. Я ўпэўнены, што мы створым і два моманты, і больш - у нас будзе шанец забіць. Важную ролю павінна адыграць рэалізацыя і тое, як хлопцы выканаюць трэнерскую ўстаноўку і ўвасобяць нашы ідэі ў жыццё. Адступаць нам няма куды. У гэтым плане псіхалагічны момант на нашым баку. Плюс нашы заўзятары і родныя сцены павінны нам дапамагчы, - распавёў Сяргей Гурэнка by.tribuna.com.
- У першым матчы ў «Дынама» практычна не было момантаў. Гэта тлумачыцца менавіта сілай праціўніка?
- Я мяркую, што шэраг хлопцаў выпаў. У атацы мы згулялі ніжэй за свае магчымасці.
- Што будзе больш прыярытэтнае ў пачатку матчу: захаваць браму сухой або зрабіць акцэнт на атаку?
- Нам трэба рабіць акцэнт на атаку, забіваць і потым ужо глядзець па абставінах.
- Як адрэагавала кіраўніцтва на паразу 2:0?
- Як адрэагавала? Ранавата вы задаяце гэтае пытанне. У нас яшчэ другая гульня. Спытаеце пасля яе.
- У якім стане цяпер гульцы? Ці ёсць пашкоджанні, траўмы?
- Не, цяпер усе знаходзяцца ў баявым духу, ірвуцца ў гульню. Пашкоджанняў няма. Капленка ўжо аднавіўся пасля атрыманай з «Крумкачамі» траўмы. Вядома, ён яшчэ не ў аптымальных кандыцыях. Я думаю, цяпер мы валодаем дастатковай колькасцю гульцоў, каб гуляць на два фронты.