3 лiстапада 2023, Пятніца, 7:21
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Як працаваў «менскі Маўродзі»

4
Як працаваў «менскі Маўродзі»

Менскага прадпрымальніка абвінавачваюць у стварэнні буйной фінансавай піраміды.

Скончанае расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да дырэктара ТАА «СінВал-Лізінг». Паводле інфармацыі Следчага камітэта, неаднаразова судзімы за махлярства 41-гадовы мянчук браў грошы ў людзей, абяцаючы поўнае вяртанне і шчодрыя адсоткі - больш, чым у беларускіх банках. Следства прыйшло да высновы, што «бізнэсовец» не збіраўся выконваць абавязацельствы, паведамляе onliner.by.

У СК паведамілі, што мужчына арганізаваў рэгістрацыю шэрагу фірмаў і са студзеня 2013 года да траўня 2016-га з'яўляўся іх дырэктарам. Абвінавачаны арандаваў і абсталяваў ёмістыя офісы прадстаўніцкага класа на вуліцы Куйбышава ў Менску - там прымаў кліентаў. Грошы прапаноўваў даваць яму, напрыклад, у якасці пазык для развіцця бізнэсу. Акрамя таго, запусціў рэкламную кампанію для прасоўвання сваёй фірмы ў СМІ і інтэрнэце, каб прыцягнуць больш грошай. Пасля сам стаў выдаваць пазыкі людзям пад заклад іх нерухомасці. Пры гэтым, паводле звестак, вяртаць прадметы закладу не меў намеру, фактычна прысвойваў іх і распараджаўся на ўласнае меркаванне.

Каб людзі не звярталіся ў праваахоўныя органы, часткова выплачваў ім свае запазычанасці за кошт сродкаў, якія паступілі ад новых фізічных і юрыдычных асоб, якія ўкладалі дамовы з ягонымі фірмамі. Фактычна так пабудаваная класічная фінансавая піраміда. Устаноўлена блізу 50 пацярпелых. Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, шкода, прычыненая грамадзянам, складае больш за 2,2 млн рублёў. Магчыма, гэтыя лічбы не канчатковыя: паводле іншых ашуканскіх дзеянняў абвінавачанага расследаванне прадаўжаецца.

Прадпрымальнік абвінавачваецца ў махлярстве ў асабліва значнай суме. Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Дзейнасць гэтай фірмы даўно і досыць бурна абмяркоўвалася на нашым форуме. Хтосьці западозрыў нядобрае адразу, як толькі азнаёміўся з занадта прывабнымі прапановамі. Іншыя пачалі маліць вярнуць ім грошы, калі стала позна. Некаторыя нават змаглі нешта выпрасіць. Тактыку дырэктара вобразна апісаў нехта з форумцаў: «Як у тэтрыс гуляе. Аднаго заткне, другі рот адкрывае, узроўні ўскладняюцца. Грошаў няма, гісторыям не вераць...»

Праблемы з праваахоўнымі органамі ў фірмы пачаліся вясной мінулага года. Нацбанк выключыў «СінВал-Лізінг» з рэестра лізінгавых арганізацый «з прычыны сістэматычнага невыканання прадпісанняў аб ліквідацыі парушэнняў». У ліпені 2016 года дырэктар быў узяты пад варту.

«Пірамідальныя» схемы, якія дазваляюць вяртаць частку грошай самым настырным за кошт новых кліентаў, - тэхналогія старажытная. У іх могуць быць мадыфікацыі, але галоўная перавага ў тым, што арганізатара цяжка прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Бо фармальна ён не адмаўляецца вяртаць пазыкі, проста «пакуль не можа». Класічным прыёмам таксама з'яўляецца заява: «Ну будзеце скардзіцца ў органы, пасадзяць мяне, - тады наогул нічога не атрымаеце». На многіх гэта дзейнічае.

Як паказвае практыка, гэтыя механізмы могуць працаваць гадамі. Так было ў гісторыі з шматпавярховікам, на які сабралі грошы, але будаваць не сталі - дырэктар фірмы проста з'ехаў у Расею. Нядрэнныя навыкі непатапляльнасці прадэманстраваў прадавец будматэрыялаў, які набраў папярэдняй аплаты, закрыў фірму і адкрыў новую. Абодва цяпер пад вартай, але перш чым былі распачатыя крымінальныя справы, з'явілася нямала новых пацярпелых.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках