У Вільні ў сквар у грамадскім транспарце раздаюць ваду
1- 2.08.2017, 17:08
- 9,842
Ваду ў літоўскай сталіцы будуць раздаваць, пакуль не спыніцца спякота.
У сталіцы Літвы ўстанавілася гарачае надвор'е, а пасажыры віленскага грамадскага транспарту могуць парадавацца - з 1 жніўня кантралёры раздаюць людзям пітную ваду на прыпынках Жалясіс цілтас, Еўропас айкшце і інш.
Акцыя будзе праходзіць на тых прыпынках, дзе фіксуюць самую вялікую колькасць пасажыраў. Усяго плануюць раздаць блізу 6000 бутэлек з вадой, ваду будуць раздаваць, пакуль не спыніцца спякота, піша delfi.lt.
"Спякотных дзён у нас бывае мала, таму мы хочам, каб віленчукі не адчувалі ніякіх нязручнасцяў - у грамадскім транспарце ім павінна быць халаднавата і зручна. Акрамя таго, прыемна бачыць твары людзей, якія бачаць усмешлівых кантралёраў, якія не караюць, а надаюць дапамогу", - сказаў чалец віленскай гарадской рады Вінцас Юргуціс.
Месца раздачы вады ўвесь час будуць мяняць. Запасы вады будуць і ў мікрааўтобусах, на якіх ездзяць кантралёры - вадой будуць частаваць і безбілетных пасажыраў. Спадзяюцца, што гэта заахвоціць іх наступным разам ехаць у грамадскім транспарце з талонам.
"Не заўсёды кандыцыянеры ў грамадскім транспарце могуць на сто адсоткаў забяспечыць свежы і халаднаваты мікраклімат. Адкрытыя вокны, адкрыванне дзвярэй - усё гэта зніжае вынік дзеяння сістэмы. Калі вы адчуваеце, што ў аўтобусе ці тралейбусе дзейнічае кандыцыянер - не адкрывайце вокны - дзякуючы гэтаму ў салоне будзе халадней і паездка - прыемней", - сказаў прадстаўнік Susisiekimo paslaugos Вайдотас Мешкаўскас.
Гэтай восенню ў Вільні з'явіцца новы ўдзельнік на рынку грамадскага транспарту, які будзе працаваць на амаль 100 новых аўтобусах. Парк абновіць і цяперашні перавозчык ЗАТ Vilniaus viešasis transportas - спадзяюцца, што налета віленчукі змогуць карыстацца паслугамі яшчэ 150 новых аўтобусаў. У найбліжэйшыя два гады на грошы ЕЗ плануюць набыць блізу 40 новых тралейбусаў.