3 лiстапада 2023, Пятніца, 7:23
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Камітэт дзяржкантролю пракаментаваў «справу прафзвязаў»

31
Камітэт дзяржкантролю пракаментаваў «справу прафзвязаў»

У Камітэце дзяржкантролю паведамілі, што «паводле фактаў ухілення ад выплаты падаткаў распачатая крымінальная справа».

Нагадаем, сёння ў Менску былі затрыманыя лідар прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч і шэраг актывістаў прафзвязу. У офісах прафзвязу ў Менску і Салігорску прайшлі ператрусы. На допыт таксама выкліканы кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў Аляксандр Ярашук.

«Органамі фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю аб фактах ухілення ад выплаты падаткаў распачатая крымінальная справа ў дачыненні да кіраўнікоў аднаго з прафзвязаў Рэспублікі Беларусь, якія не ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Падчас праверкі ўстаноўлена, што старшыня і галоўны бухгалтар прафарганізацыі адкрылі ад імя прафзвязу рахункі ў замежных банках, на якія ўвесь час паступалі значныя сумы грашовых сродкаў», - гаворыцца ў паведамленні камітэта.

Як запэўнівае Камітэт дзяржкантролю, гэтым «службовыя асобы прафзвязу парушылі патрабаванне Нацбанку Рэспублікі Беларусь аб неабходнасці атрымліваць спецыяльны дазвол на адкрыццё рахункаў за мяжой».

«Такім чынам яны спрабавалі схаваць факты атрымання за межамі нашай краіны даходаў і ўхіленні ад выплаты падаткаў з гэтых даходаў. Атрыманыя грошы пераводзіліся ў гатоўку і перавозіліся ў рэспубліку, для чаго гэтыя службовыя асобы рэгулярна выязджалі за межы краіны», - гаворыцца ў паведамленні.

Паводле гэтых фактаў управа Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Менскай вобласці і горада Менску ў дачыненні да дзвюх службовых асоб распачала крымінальную справу паводле ч.2 арт.243 (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва значнай суме) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

«Работнікамі фінансавай міліцыі праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні, накіраваныя на дакументаванне супрацьпраўнай дзейнасці службовых асоб прафзвязу, а таксама выяўленне іншых парушэнняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Таксама разглядаецца пытанне аб затрыманні вінаватых асоб», - паведамляе КДК.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках