Буйны рагаты ківок
1- 2.08.2017, 18:25
- 13,038
Здавалася б, няма больш апалітычнай істоты, чым карова.
Але ў Беларусі з імі раз-пораз здараюцца якія-небудзь прыгоды, якія навяваюць непажаданыя грамадска-палітычныя асацыяцыі, піша «БелГазета».
Старажылы яшчэ памятаюць, як у кастрычніку 2006 года велізарны статак беларускіх кароў - аж 242 галавы - пераплыў беларуска-польскую мяжу па рацэ Буг і катэгарычна адмовілася плыць к зваротным кірунку. Многія тады жартавалі, што гэта першы выпадак у гісторыі, калі ў быдла масава прарэзаўся розум.

Або ўзяць нядаўні выпадак, які адбыўся ў Менску ў красавіку гэтага года, калі карова выскачыла на хаду з грузавіка, які вёз яе відавочна не на сунічныя паляны. Зноў жа жартаўнікі тады выказалі здагадку, што воля да свабоды ў беларускіх кароў значная мацнейшая, чым у беларускага электарату, які пакорліва едзе туды, куды вязуць.
А на мінулым тыдні ў затоках YouTube з'явіўся цікавы ролік, зняты на відэарэгістратар, і які паказаў цэлы статак кульгавых кароў, якія пераходзяць дарогу ў раёне вёскі Ліпнішкі Іўеўскага раёна Гарадзенскай вобласці. У кадры чуваць, як аўтар роліка здзіўлена каментуе гэтыя падзеі: «Усе каровы ідуць з поля, усё кульгаюць, ледзь ногі цягнуць. Куды гэтыя каровы трапілі? Увесь статак. У іх ва ўсіх разбітыя ногі, нейкія хворыя. Ніводная нармальна ісці не можа». Мужчына цікавіцца ў пастушкі, чаму каровы кульгаюць, на што тая не без долі чорнага гумару адказвае: «На мяса хочуць!».
У лічаныя дні ролік стаў вельмі папулярны ў Байнэце. Партал Tut.by высвятліў, што кульгавыя каровы не фэйк, а рэальныя пярэсткі з мясцовага СВК «Агра-Ліпнішкі». Як растлумачыў ягоны старшыня Уладзімір Ціткоў, «надзвычайнай сітуацыі тут няма. У кожнай гаспадарцы ёсць некаторая колькасць хворых жывёлін. У нас іх прыкладна 70-80 галоў (усяго ў гаспадарцы 2200 кароў, 1190 - дойных). Яны сабраныя ў асобны статак, таму кіроўца і ўбачыў іх усіх разам».
Са слоў старшыні, у некаторых кароў хворыя капыты ў першую чаргу праз умовы ўтрымання: у Ліпнішках пярэсткі знаходзяцца ў будынку з бетоннай падлогай. Таму жывёліны могуць кульгаць праз «запалення капытоў» або праз «капытную гніль». «Для аздараўлення жывёл мы выводзім іх прагуляцца, - дадаў ён. - Вось з такога шпацыру яны і вярталіся».
І ўсё б нічога, але, зноў жа, знайшліся жартаўнікі, выказалі здагадку, што гэта тыя самыя каровы, якія ў 2006 годзе адмовіліся ўцякаць разам з братамі і сёстрамі праз беларуска-польскую мяжу ў Еўразвяз. І цяпер, дарэшты абадраўшы капыты аб саўгаснае «шчасце», яны разумеюць, што наперадзе ў іх толькі адна дарога - на мяса. Ай-ай-ай, якія ідэалагічна няўстойлівыя каровы!