18 траўня 2024, Субота, 16:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Бухвостаў: Справа Фядыніча можа развівацца паводле сцэнару справы Бяляцкага

3
Аляксандр Бухвостаў: Справа Фядыніча можа развівацца паводле сцэнару справы Бяляцкага
АЛЯКСАНДР БУХВОСТАЎ

У Міжнароднай арганізацыі працы пільна сочаць за ўсім тым, што адбываецца ў Беларусі.

Старшыня Свабоднага прафзвязу металістаў Аляксандр Бухвостаў пакуль на волі. Позваў з'явіцца на допыт або гутарку ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў ён не атрымліваў.

Затрымання сваіх калегаў Аляксандр Бухвостаў уважае за самым сур'ёзны ціск на незалежны прафзвязны рух за апошні час, піша belaruspartisan.org.

- Я акурат чытаю на сайце Камітэта дзяржкантролю інфармацыю пра тое, што распачатая крымінальная справа супраць двух чалавек, якія мелі рахункі ў замежным банку і прывозілі сюды нейкія фінансавыя сродкі і выдаткоўвалі іх, як яны пішуць, у мэтах асабістага ўзбагачэння. На мой погляд, тут проста ідзе ціск на незалежныя прафзвязы. Апошнія сем гадоў спецыяльныя органы працавалі ў гэтым кірунку, а цяпер раптам пачалі сур'ёзна прэсаваць прафзвязных лідараў. Ужо быў такі выпадак з Алесем Бяляцкім – вельмі магчыма, што падзеі ў справе Фядыніча могуць развівацца паводле такога ж сцэнару.

Я думаю, улады надумалі канчаткова дабіць незалежны прафзвязны рух...

- А чаму цяпер? Лета, ніякіх сур'ёзных акцый прафзвязы на найбліжэйшыя месяцы не планавалі. Фядыніч нядаўна толькі прапанаваў уладам правесці экспэрымент - правесці рэформы ў двух раёнах Беларусі. Але калі гэта прапанова здалася ўладам такой ужо непрыемнай, яе можна было ціха праігнараваць. Чаму раптам цяпер такі ўдар па прафзвязам? Матывы?

- Магчыма, і гэта адыграла сваю ролю. Фядыніч шмат актыўнічаў апошнім часам - актыўнічаў і ў справе Дэкрэта №3, і ў іншых вострых праблемах выступаў больш за ўсіх, многія мерапрыемствы арганізоўваў даволі паспяхова. Магчыма, яго актыўнасць надумалі здушыць. А заадно і Кангрэс дэмакратычных прафзвязаў прыціснуць... Прэцэдэнты такія ёсць. Аляксандр Ярашук нядаўна ездзіў у Казахстан. Там быў суд над прэзідэнткай Канфедэрацыі свабодных прафзвязаў Казахстана Ларысай Харкавай. Ёй таксама інкрымінавалі нібыта фінансавыя злачынствы. Справа Фядыніча, мабыць, будзе такой жа. І разлічаная яна, перш за ўсё, на здушэнне ўсялякай актыўнасці, накіраванай на падрыў аўтарытэту цяперашняй улады.

Прафзвязы збіраліся правесці вялікую акцыю 7 кастрычніка - гэта Дзень барацьбы за годную працу. Яна магла быць масавай...

Вядома, усё гэта непрыемна. І, мяркуючы з выстаўленых прэтэнзій, справа будзе сур'ёзнай...

- Вы ўсё жыццё ў прафзвязах, ведаеце ўсю кухню знутры. Можаце растлумачыць, пра якія сотні тысяч даляраў ідзе гаворка?

- Мне складана нешта каментаваць. Кожны каментар сёння можа быць выкарыстаны супраць таго ж Фядыніча, супраць ягоных калег і супраць незалежных прафзвязаў наогул. Я думаю, цяпер трэба сабрацца і пагаварыць, што рабіць далей. Звярнуцца па падтрымку ў міжнародныя інстанцыі. Таму што ўціск лідараў незалежных прафзвязаў - гэта сур'ёзны крок з боку ўладаў. Тым больш што ў Міжнароднай арганізацыі працы даволі пільна сочаць за ўсім тым, што адбываецца ў Беларусі.

Складана пакуль што-небудзь каментаваць яшчэ і таму, што пакуль не зразумела, якую мэту паставілі ўлады, пайшоўшы на затрыманні вядомых прафзвязных лідараў. Чаго яны гэтым хочуць дамагчыся? Спыніць дзейнасць незалежных прафзвязаў і паставіць іх на месца? Раскруціць фінансавы скандал на пустым месцы? У кожным выпадку, трэба зразумець, што за ўсім гэтым стаіць... Пакуль такі сур'ёзны ўціск незалежныя прафзвязы перажываюць ўпершыню за многія гады, хоць бывалі розныя часы...

- Аляксандр Іванавіч, а ці не асцерагаецеся, што праз пару гадзін або заўтра праваахоўныя органы пастукаюць і ў вашыя дзверы?

- Хто яго ведае... У нашай краіне можа быць усё што хочаш...

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках