28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Людзі на балоце» каля Драздоў пастанавілі даць бой будаўнічай мафіі

18
«Людзі на балоце» каля Драздоў пастанавілі даць бой будаўнічай мафіі

Забудоўнікі і адміністрацыя скралі не менш як $ 8 мільёнаў толькі з аднаго будынка на вуліцы Камайскай.

Да тэлеканала «Белсат» па дапамогу звярнуліся жыхары дома ў сталічным мікрараёне «Лебядзіны», ашуканыя забудоўнікам.

За кватэры з расколінамі ў сценах яны заплацілі прыкладна $ 1000 за метр. І кажуць пра «будаўніча-адміністрацыйную мафію» ў сталічнай адміністрацыі.

Дом №20 на вуліцы Камайскай у Менску павінен быў прынесці радасць сваім жыхарам. Але выйшла наадварот. Няякаснае выкананне будаўнічых працаў, парушэнні ў праекце, проста крадзеж будаўнічых матэрыялаў – і ў выніку дадатковыя клопаты для людзей, якія і так сацыяльна не абароненыя.

Вуліца Камайская – гэта ў мікрараёне «Лебядзіны», побач з рынкам Ждановічы і недалёка ад Драздоў. Усяго ў доме 256 кватэраў, большая частка пабудаваная з дзяржаўнай падтрымкай для шматдзетных сем'яў, людзей з інваліднасцю і іншых ільготнікаў. Будынак здалі больш за 2,5 гады таму, але ў сценах кватэраў прадаўжаюць з'яўляцца велізарныя расколіны.

«Рамонт рабілі двойчы. Расколіны з'яўляюцца ўсё адно. Хоць гэта 9 паверх. Цяпер гэта пасля рамонту, чарговы раз зрабілі замазванне расколінаў», – распавядае саўладальнік кватэры Аляксандр Пытко.

Дом амаль у аварыйным стане, бо быў пабудаваны на падземным балоце з парушэннямі тэхналогіяў падмурка, кажуць жыхары. З парушэннямі пабудавалі і вентыляцыю – яна задзімае паветра ў кватэры, зверху ўніз. Усе пахі застаюцца ўнутры.

«Тут узімку пры маразах 20 градусаў было плюс 3. Вось тут яны зрабілі калодзеж – а ў мяне апошні паверх – тут праз 2 метры ўжо неба», – прадаўжае Аляксандр Пытко.

Дом быў даўгабудам, управа капітальнага будаўніцтва Цэнтральнага раёна задоўжыла здачу дома на некалькі гадоў. Пакуль будавалі, кошт матэрыялаў рос, а якасць падала.

«Напрыклад, у сцяжцы нам замянілі керамзіт на пенаплекс, а потым высветлілася, што замест пенаплексу паклалі пенапласт. Вы чуеце, якое рэха ў кватэры і якая чутнасць з суседніх кватэраў», – распавядае іншы саўладальнік кватэры Аляксандр Мацукевіч.

Вышыня столі на 4-7 сантыметраў ніжэйшая за норму. Замест палепшанай тынкоўкі – звычайная. Замест пластыкавых шклопакетаў на балконе – алюмініевыя рамы, а разам з імі і холад. 60 кватэраў не атрымалі перагародак паміж кухняй і залай. Хоць за ўсё было заплачана.

Што яшчэ ў доме не так, апісвае ягоны жыхар Аляксандр Ваўчок, які сам працуе ў будаўніцтве:

«Тут павінна быць перагародка з ПВХ-пакетаў. Яе таксама скралі. Таксама не дарабілі. Сказалі, што са мной узгаднілі і зробяць пераразлік. Такая перагародка цяпер каштуе $ 1850 – 2500 даляраў. Дзе яна?»

Але самы нахабны крадзеж – жылой прасторы.

«Няма ніводнай кватэры, дзе праектаваная плошча супала б з рэальнай. У мяне не хапае 2,3 квадратных метра. У іншых лічбы розныя. Усяго не хапае 200 квадратных метраў», – заўважае Аляксандр Мацукевіч.

Плюс 200 квадратных метраў крамаў пад гаўбцамі, якія палічылі як жылыя. І за кожны трэба плаціць камуналку штомесяц. Праблемны будынак прымала вялікая камісія – Дзяржнагляд, тэхнагляд, МНС, выканкам, санстанцыя. Цяпер шлюць адпіскі на ўсе скаргі жыхароў. Гэтак сама, як і пракуратура.

Увесь дом – прыклад карумпаванасці будаўнічай галіны, кажуць уладальнікі кватэраў. І заклікаюць праваахоўныя органы правесці комплексную праверку.

«Калі закрануць фінансавыя махінацыі, то таксама шмат у нашым доме было зроблена. Бюджэтныя грошы клалі на разліковыя рахункі пад адсоткі. Усё гэта было ў заяве ў пракуратуру, у АБЭЗ. Нам наўпрост сказалі: пакуль няма каманды, ніхто гэтым займацца не будзе», – дадае Аляксандр Ваўчок.

Паводле падлікаў жыхароў, забудоўнікі і адміністрацыя скралі не менш як $ 8 млн толькі з аднаго будынка на вуліцы Камайскай. У барацьбе за скрадзеныя метры яны амаль дайшлі да Вярхоўнага суда. Кажуць, калі б у следчых органах былі амбіцыйныя супрацоўнікі і калі б не было «прыкрыцця будаўнічай мафіі», атрымаўся б гучны працэс.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках