19 красавiка 2024, Пятніца, 7:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладальнік аўташколы: Пад горку Geely не едзе ўвогуле

80
Уладальнік аўташколы: Пад горку Geely не едзе ўвогуле

Набытыя на спробу два беларуска-кітайскія аўтамабілі горшыя, чым можна ўявіць.

Пакуль улады разважаюць над тым, якім чынам прастымуляваць продаж Geely, уладальнік адной беларускай аўташколы апярэдзіў "стымуляцыі" і паўтара месяца таму добраахвотна набыў Geely LC Cross у двух асобніках. Расчараванне ад набытку прыйшло практычна адразу.

Набыццё аўтамабіляў адбывалася практычна ўсляпую. Ключавую ролю адыгралі нізкі кошт, запамінальны і нават сімпатычны дызайн і непасрэдна памеры аўтамабіля: усё ж такі ў якасці навучальных найлепш падыходзяць менавіта кампактныя хэтчбэкі.

Але што хаваецца за прывабным дызайнам? Пра гэта журналісты abw.by пагутарылі непасрэдна з уладальнікам і двума інструктарамі, якія эксплуатуюць аўтамабілі разам з вучнямі.

– У нас шмат пытанняў да зборкі. Чаму на адным аўтамабілі зазоры адны, на другім – іншыя? Чаму зазоры з левага і правага бакоў могуць адрознівацца? Чаму адна фара тырчыць, другая ўсталяваная ўпоравень з кузавам? Чаму паміж кузаўнымі панэлямі прыступкі? Хіба нармальна, што ў дзвярах адкрытыя самарэзы? А на рэлінгі фарбу пашкадавалі? – рытарычныя пытанні гучаць адно за адным.

– Чаму ўсе вуглы ржавыя? – прадаўжаецца спіс пытанняў.

Слова "чаму" гучыць і адносна маркіроўкі шкла і дэталяў, а дакладней – іхняга ўзросту.

На чырвоным экзэмпляры пры павароце руля чуваць гідкае і гучнае рыпенне, прытым што на серабрыстым такога няма.

На серабрыстым экзэмпляры "адзначылася" ручка багажніка. Адчыняецца замок цяжка і з характэрным гукам – глядзі адламаецца. Прычым падымаць самое века з тых жа меркаванняў лепш за запасное кола. У чырвонага аўто замок багажніка адчыняецца значна мякчэй.

Але гэта не адзінае нараканне да ручкі. Яна трэцца аб кузаў у абодвух аўтамабіляў, ЛКП сціраецца.

– Уся машына такая. Баішся за што-небудзь лішні раз схапіцца, настолькі ўсё далікатнае. Дэфлектары абдзімання ўвогуле як цацкі. Пластык у салоне агідны. Пастаянна прысутнічае пах таннай кітайскай пластмасы, асабліва пасля прастою аўтамабіля на сонца.

На абзе капота ўжо з'явіўся скол. Прабег з моманту набыцця – амаль 6000 км. Рабіць нейкія высновы пра якасць ЛКП не будзем, але, як мяркуюць інструктары, яно будзе такім самым пяшчотным. На адным экзэмпляры ўжо праведзеная дадатковая апрацоўка.

Незадаволенасць выклікае і выдатак паліва. Дый 1,3-літровы рухавік не вылучаецца нейкай дынамікай або запасам магутнасці.

Лямпачка запраўкі загарэлася пасля першых для аўто 193 км прабегу па трасе. Перад выездам у бак было заліта 20 л АІ-95

– Па горадзе расход большы за 9 літраў, на трасе – блізу 6. Гэта пасля абкаткі рухавіка. Пад горку машына не едзе ўвогуле. На загараднай дарозе машына пасля хуткасці 90 км/г ледзь разганяецца. А калі яшчэ кандыцыянер уключыць, чакай і зусім спыніцца. Я езджу без кандыцыянера, таму што ў ім сэнсу няма. І магутнасць знікае зусім, і астуджае ён так сабе. Машына можа прастаяць 5 хвілінаў з уключаным кандыцыянерам, але ў ёй усё адно будзе горача.

На гэтым незадаволенасць не сканчаецца. Фары ўжо рэгуляваліся, святло пры гэтым засталося сярэднім. Супрацьтуманныя фары асвятляюць дрэвы, знакі і неба.

У чырвоным экзэмпляры ўжо паспеў сам сабой загарэцца і згаснуць значок падушкі бяспекі. Яшчэ адно пытанне паўстала да "страказы", якая не адшчоўкваецца пасля заканчэння павароту.

Інструктар на серабрыстым аўтамабілі адзначыў некарэктную працу "дворніка", які кожны раз вяртаецца ў розныя палажэнні.

Абодва інструктары паскардзіліся на незразумелае ўключэнне другой перадачы. Часам яе ці выбівае, ці рычаг КП "улятае" на сваё месца з хрустам. Не заслужыў LC Cross пахвальных словаў і ў частцы камфорту.

– Ззаду месца няма, пасадка нязручная, "ляжалых паліцыянтаў" неабходна літаральна перапаўзаць, інакш падвеска спрацоўвае на адбой. Хоць на ямках і купінах такога за ёй заўважана не было.

Што самае цікавае, паводле словаў інструктараў, вучні рэагуюць на машыны станоўча. Хоць у гэтым Geely LC Cross заслужылі пахвалы, хай і з боку пакуль што неспрактыкаваных будучых кіроўцаў.

Ва ўважлівых чытачоў напэўна паўстала пытанне: чаму б з пералічанымі праблемамі не звярнуцца да дылера, бо аўтамабіль новы? Адказ просты: пры набыцці ўладальніку было сказана, што ўстаноўка дадатковага камплекту педаляў анулюе гарантыю. Праўда, крыху пазней высветлілася, што гэта не дакладна, але атрымаць напэўна слушны адказ пакуль не атрымалася. Што яшчэ цікавей, на тое самае пытанне пра ўсталяванне дадатковых педаляў на новую вучэбную KIA адказ быў дадзены адназначны: гарантыя захаваецца.

Пра свой набытак уладальнік аўташколы ўжо пашкадаваў і ў сваім вердыкце памежна кароткі:

– Ці набыў бы я яшчэ такія машыны? Адназначна не.

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках