У Горадні з'явяцца тратуары з выкарыстаных пакетаў
19- 20.08.2017, 16:21
- 43,089
Тратуарная плітка з пакетаў адрозніваецца высокай трываласцю.
На гарадзенскім заводзе ўтылізацыі і механічнага сартавання адходаў запушчана лінія вытворчасці тратуарнай пліткі з адходаў поліэтылену, якія яшчэ нядаўна не належалі да другасных матэрыяльных рэсурсаў і вывозіліся на сметнік. Гаворка ідзе пра забруджаныя поліэтыленавыя пакеты, пакеты з-пад малака, тонкую храбусткую плёнку ды іншае, піша hrodna.life.
Высвятляецца, дзякуючы сучасным тэхналогіям, нават гэтыя непрывабныя «хвасты» яшчэ могуць быць карыснымі. А ўтвараецца іх досыць шмат. Так, на гарадзенскім прадпрыемстве толькі за тры першыя месяцы работы сабрана блізу 70 т такой сыравіны, што прымусіла задумацца пра перспектывы яе выкарыстання. Забруджаны поліэтылен не вывозілі на палігон, а складавалі на адной з пляцовак завода, адначасова займаючыся пошукамі магчымых развязанняў
Закупленая ў Расеі лінія пакуль не мае аналагаў у Рэспубліцы Беларусь. Вытворчасць складаецца з чатырох этапаў.
Спачатку адходы здрабняюцца з атрыманнем шматкоў памерам 3-5 мм. Затым здробнены поліэтылен падаецца ў змяшальнік, дзе змешваецца з пяском у суадносінах 3:7. Гатовая маса паступае ў экструдар, дзе пад дзеяннем высокай тэмпературы ператвараецца ў падатлівую пасту. Гэтая паста і з'яўляецца зыходным матэрыялам для вырабу пліткі. Яна парцыённа выштурхваецца на прэс, дзе і фармуецца выраб.
Плітка адрозніваецца высокай трываласцю і эстэтычнасцю.
Першая партыя пратэставаныя прама на прадпрыемстве, падчас добраўпарадкавання тэрыторыі. У найбліжэйшы час тут плануюць набыць яшчэ адну прэс-форму, а пасля вырабляць борцікі, «зялёныя» паркоўкі, некалькі узораў аздаблення падмурка.
Са слоў дырэктара завода Вячаслава Андрэеўскага, недахопу ў сыравіне для лініі не будзе.
Перапрацоўка «некандыцыйнага» поліэтылену дасць магчымасць не толькі знізіць нагрузку на палігон, але і палепшыць эканоміку прадпрыемства.
У ліпені на заводзе адсартавалі 400 т другаснага матэрыяльнага рэсурсу, хоць яшчэ ў траўні аб'ёмы не перавышалі 220 т. Такая дынаміка звязана з актыўным удасканаленнем паасобнага збору ЦКА ў абласным цэнтры, дзе на працягу некалькіх месяцаў правялі працу па заварваню смеццеправодаў. Перад гэтым у горадзе з'явіліся 823 добраўпарадкаваныя кантэйнерныя пляцоўкі.
Абслугоўваюць кантэйнеры больш за 50 сучасных смеццявозаў, закупленых у рамках праекта за кошт сродкаў Пазыкі Сусветнага банка рэканструкцыі і развіцця.