24 красавiка 2024, Серада, 15:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

РФ і Беларусь не запрасілі назіральнікаў NATO на вучэнні «Захад-2017»

18
РФ і Беларусь не запрасілі назіральнікаў NATO на вучэнні «Захад-2017»

NATO заклікае Расею выконваць Венскі дакумент.

Ні Расея, ні Беларусь, якія сумесна будуць праводзіць маштабныя вайсковыя вучэнні «Захад-2017», не запрасілі экспэртаў NATO назіраць за імі ў адпаведнасці з Венскім дакументам 2011 года аб мерах, накіраваных на ўзмацненне даверу і бяспекі.

Як паведамляе УНИАН, пра гэта заявілі ў штаб-кватэры Альянсу.

«Беларусь запрасіла вайсковыя місіі ўзяць удзел у дні для «выбітных наведвальнікаў» на сваёй тэрыторыі, і NATO адправіць двух экспэртаў. Аднак гэта не тое ж самае, што назіранне ў адпаведнасці з Венскім дакументам. Мы шкадуем, што ні Расея, ні Беларусь не прынялі меры, што забяспечваюць празрыстасць, згодна з Венскім дакументам у дачыненні да «Захаду-2017» у адпаведнасці з правіламі, узгодненымі ўсімі дзяржавамі АБСЕ», - канстатавалі ў Альянсе.

Прадстаўнікі NATO падкрэслілі, што меры Венскага дакумента, якія забяспечваюць празрыстасць, «важныя, бо яны прадухіляюць непаразуменні і пралікі».

«Назіраннем, згодна з Венскім дакументам, прадугледжана, між іншым, правядзенне брыфінгаў у дачыненні сцэнарыя і ходу вучэнняў, магчымасць зносін з асобнымі жаўнерамі пра вучэнні і авіяназіранне за вучэннямі. Расея і Беларусь, наадварот, выбіраюць выбарчы падыход. Такое ўхіленне ад абавязковай празрыстасці выклікае пытанні», - заявілі ў штаб-кватэры Альянсу.

У арганізацыі таксама адзначылі, што NATO і хаўруснікі «паслядоўна і рэгулярна» ўжываюць правілы Венскага дакумента і нават выходзяць за іх межы, запрашаючы назіральнікаў тады, калі колькасць вайскоўцаў у вучэнні не перавышае абавязковага парогавага ўзроўню.

Нагадаем, сумесныя стратэгічныя вучэнні ўзброеных сілаў РФ і Беларусі «Захад-2017» запланаваныя на 14-20 верасня. Паводле папярэдніх звестак, у іх возьмуць удзел да 13 тыс. вайскоўцаў.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках