17 красавiка 2024, Серада, 0:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мама школьніцы: Нас прымушаюць выкупляць форму

28
Мама школьніцы: Нас прымушаюць выкупляць форму
ФОТА: TUT.BY

Бацькоў вучняў адной з менскіх школ прымушаюць купляць школьную форму прама ў сталовай.

«Выкупіць трэба абавязкова 24 жніўня», - напісалі мамам і татам. 24 жніўня бацькоў у школе чакаюць з 10.00 да 19.00.

- Ледзь не ў загадным ладзе нам паведамляюць, - паскардзілася tut.by мама адной з вучаніц. - Дагэтуль нам неаднаразова казалі, што ўсё будзе добраахвотна. А тут школа замовіла, а нам: «Прыходзьце, купляйце».

Мама ўспамінае, што дачка распавядала ёй, як на адным з урокаў з яе знялі меркі, але значэння гэтаму не надала.

- На бацькоўскім сходзе усё было на ўзроўні абмеркавання: «Так, можна падумаць». Прадпрыемства прапаноўвала варыянты. Але канкрэтнай, пісьмовай згоды я не давала. Таму мяне і здзівіла інфармацыя пра выкуп. Мне не вельмі падабаецца выбар формы, але калі будуць ціснуць, вазьму хаця б камізэльку, каб не было праблем у дзіцяці. У мяне, напрыклад, дачка спадніцы не любіць. Ды і даволі дорага аб школьныя крэслы ірваць калготкі.

Названыя бацькам кошты - камізэлька для хлопчыкаў за 15 рублёў, камізэлька для дзяўчынак за 18 рублёў. Пінджак для дзяўчынак каштуе 34 рублі, а спадніца 20 рублёў. Паводле падлікаў мамы, у гандлёвых цэнтрах дзякуючы зніжкам атрымаецца купіць дзіцяці штаны, блузку і камізэльку «разы ўдвая танней».

«Хочацца, каб вучні разумелі, што ідуць у школу»

- Так, для вучняў з першага да восьмага класа ў нас школьная форма, - патлумачыла дырэктар школы Святлана Главацкая. - Але не ў тым разуменні, да якога прызвычаілася большасць. Хутчэй, гаворка ідзе пра элементы формы. Напрыклад, у старэйшай школе ў дзяўчынак спадніцы ў клетку - трох фасонаў. Мы не ціснем на дзяцей, у іх ёсць выбар.

Са слоў дырэктара, пытанне з набыццём школьнай формы вырашалася яшчэ ў траўні. Выбраныя мадэлі паказалі бацькам, атрымалі іх адабрэнне.

- На бацькоўскіх сходах мамы і таты запісвалі, што хочуць набыць для свайго дзіцяці: напрыклад, штаны і пінджак для хлопчыка. Ставілі свой подпіс.

У спісах былі пазначаныя і памеры адзення паводле вынікаў школьных абмераў. Пры жаданні бацькі маглі паправіць лічбу. Спісы перададзеныя на прадпрыемства, так што перш за ўсё бацькам прапануюць форму названага памеру. Але калі дзіця падрасло, без праблем дадуць іншыя варыянты.

- Бацькі ж не возьмуць тое, што дзіця не зможа насіць, - запэўніваюць у школе.

Мамы і таты забіралі замоўленае адзенне ў фірмовых крамах марак «Славянка» або «Палессе», але 24 жніўня прадстаўнікі брэнда «Палессе» прыедуць і ў школьную сталовую, каб бацькі выкупілі замоўленае.

- У школе бацькі атрымаюць чэк. Не ўсе дзеці ўжо вярнуліся ў горад, так што калі пасля прымеркі дзіцяці нешта не падыдзе, ёсць магчымасць памяняць ці здаць, - удакладніла дырэктарка.

На куплю формы пагадзілася больш за палову бацькоў. Але ёсць і тыя, каму паўдзельнічаць у замове адзення не дазволілі матэрыяльныя ўмовы.

- Напрыклад, у школе бацькі замовілі хлопчыку камізэльку і пінджак. Цяпер паглядзелі, што з грашыма невялікія праблемы, і вырашылі купіць толькі камізэльку. Дзеля бога! Мы нікога не абавязваем.

А тыя, каму не замовілі форму, будуць прытрымлівацца дзелавога стылю адзення.

- Калі дзяўчынка будзе ў сінім сарафане, але з іншай клеткай, гэта ж не трагедыя. Мы стараемся, каб дзецям было зручна. Каб не было разбежкі, калі адзін можа дазволіць сабе дарагія рэчы, а другому і надзець няма чаго. Хочацца, каб дзеці больш думалі пра вучобу, а не пра тое, што надзець, - рэзюмавала дырэктарка.

«Ці знойдзецца пакупнік і на тую рэч, ад якой адмовіліся ў школе»

У кампаніі «Палессе» адзначылі, што паводле прынцыпу выязнога гандлю сёлета працуюць з некалькімі ўстановамі адукацыі, якія заказалі адзенне маркі.

- Наша крама з таварам і касавым апаратам выязджае па дамове ў школу, арганізуе выдачу замоўленага тавару ў памяшканні, - распавяла начальніца ўпраўлення па маркетынгу, планаванню і збыце трыкатажных вырабаў Наталля Шарук.

А калі бацькі па нейкіх прычынах не выкупяць замоўленую камізэльку або пінджак, рэч проста застаецца ў фірмовай краме.

- Бывае, і 3-4 чалавекі адмаўляюцца ад замовы, але нічога страшнага. Акрамя таго, што форму ў нас бяруць школы, мы выпускаем школьнае адзенне для гандлю. Усё роўна арыентаваны на тое, каб апрануць школьнікаў. Так што нашы камізэлькі і пінджакі не так і адрозніваюцца ад тых, якія замаўляюць у школах. Акрамя таго, у класах заўсёды ёсць пачаткоўцы або тыя, каму захочацца памяняць памер формы, - патлумачылі на прадпрыемстве.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках