Экс-намеснік кіраўніка NATO: Перадача Украіне смяротнай зброі пазбавіць РФ «аднабаковай перавагі»
7- 27.08.2017, 12:30
- 14,169
Альянс застаецца прыхільным суверэнітэту Украіны.
Былы намеснік генеральнага сакратара NATO Аляксандр Вершбоў сказаў у інтэрв'ю англамоўнай рэдакцыі DW (пераклад - newsader.com), што Альянс застаецца прыхільным суверэнітэту Украіны, паказаўшы, што ў варунках, калі перамовы з Расеяй прадаўжаюць буксаваць, узнікае неабходнасць вывучыць іншыя варыянты, у тым ліку - выдачу супрацьтанкавай зброі. Гаворка ідзе пра даўнюю альтэрнатыву, якая пры адміністрацыі Дональда Трампа здабыла рэальныя шанцы на жыццё з улікам пазіцыі Дзярждэпу і Пентагона, якія рэкамендавалі Беламу дому выдаць Кіеву як зенітныя прылады, так і легендарныя Javelin.
«Як сябар Украіны, я спадзяюся, што ЗША наважаць зняць забарону былога прэзідэнта Абамы на выдачу смяротнай абарончай зброі, каб Украіна мела магчымасць сябе абараніць», - сказаў выданню Вершбоў, дадаўшы, што «ёсць рэальны шанец» на атрыманне Кіевам доўгачаканага амерыканскага ўзбраення.
Ён адзначыў, што магчымасць выдачы зброі «дапаможа спецпрадстаўніку Курту Уолкеру дасягнуць пастановы ў рамках перамоваў». З ягоных слоў, «расейцы разумеюць, што ў выпадку выдачы зброі яны не змогуць беспакарана ўтрымліваць статус-кво, уключаючы штодзённыя напады на ўкраінскія сілы».
«Цяпер у іх аднабаковая перавага, - сказаў Вершбоў, - бо яны могуць атакаваць ўкраінскія сілы беспакарана, выкарыстоўваючы ракеты і артылерыю».
«Ва Украіны ёсць рэальны шанец атрымаць смяротную абарончую зброю, - адзначыў ён. - Аднак, калі Расея не будзе займацца абструкцыяй перамоваў і пачне сур'ёзна казаць пра ўвасабленне Менскіх дамоўленасцей, то, можа быць, ужо і не спатрэбіцца выдаваць гэтую зброю».
«ЗША сігналізуюць аб тым, што захаванне тупіка ў перамовах можа прывесці да выдачы ўзброеным сілам Украіны смяротнай абарончай зброі, у тым ліку супрацьтанкавай», - падкрэсліў суразмоўца.
На ягоную думку, выдача Кіеву смяротнай абарончай зброі прывядзе зусім не да эскалацыі, як пра тое кажа Масква, а, наадварот, да павышэння эфектыўнасці дыпламатычных намаганняў.
«Гэта зброя не накіраваная на гарантаванне Украіне магчымасці дасягнуць ваеннай перамогі. Яна паставіць бакі ў роўныя варункі з тым, каб палепшыць шанцы на дасягненне развязання ў рамках Менскіх дамоўленасцей», - сказаў экс-намеснік дзяржсакратара NATO.
Каментуючы палітыку прэзідэнта ЗША Трампа ў дачыненні да Украіны, Вершбоў адзначыў, што кіраўнік Белага дома «прыняў шмат станоўчых крокаў, каб дапамагчы Украіне».
Сярод дасягненняў цяперашняй адміністрацыі Вершбоў назваў падпісанне санкцыйнага закона, які б’е па Крамлі, а таксама правядзенне сустрэчы паміж Трампам і прэзідэнтам Парашэнкам, якая адбылася да, а не пасля рандэву паміж амерыканскім і расейскім лідарамі.
«Расея можа не спадзявацца на зняцце санкцый без выканання...Менскіх пагадненняў, - канстатаваў Вершбоў. - Найгоршыя асцярогі з нагоды таго, што Трамп укладзе ўгоду з Пуціным за спіной украінцаў, не спраўдзіліся».
«Калі Захад будзе адзіны ў падтрымцы Украіны, і калі ціск на Расею прадоўжыцца, пры неабходнасці ўзмацняючыся, то Расея, магчыма, будзе вымушаная перагледзець свае доўгатэрміновыя інтарэсы ва Украіне, - заявіў Вершбоў, асабліва звярнуўшы ўвагу на дыпламатычныя высілкі ЗША ў дачыненні да Украіны, а таксама той «сігнал, які быў пасланы ў сувязі з візітам міністра абароны Мэціса ў Кіеве на Дзень Незалежнасці Украіны».