24 красавiка 2024, Серада, 14:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як кансалідаваць нацыю

20
Як кансалідаваць нацыю
Мікалай Статкевіч

Праграмны артыкул лідара Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу.

Гэты артыкул Мікалай Статкевіч напісаў за дзень да свайго арышту. Сайт Charter97.org публікуе артыкул без змен.

Кансалідацыя нацыі

1. Неабходнасць кансалідацыі

Персанаж, які незаконна ўтрымлівае ўладу ў Беларусі, вядзе нас да непазбежнага краху. Для выратавання сваёй краіны беларусам трэба як мага хутчэй адабраць уладу ў злачыннага, бяздарнага і карумпаванага рэжыму. Праз выбары ці юрыдычным шляхам гэтага не зробіш, бо выбары даўно замененыя спектаклем з загадзя напісаным вынікам. А ўсе юрыдычныя дзяржаўныя структуры фармуюцца і жорстка кантралююцца самім дыктатарам.

Няма іншага выйсця, як прымусам вярнуць народу скрадзеную ў яго ўладу. Але наша грамадства геапалітычна і культурна падзеленае. Вонкавым сілам пасля адхілення «перасідэнта» ад улады будзе вельмі лёгка справакаваць унутраны грамадзянскі канфлікт паміж беларусамі, якія па-рознаму бачаць будучыню сваёй краіны. Што можа прывесці да страты незалежнасці нашай дзяржавы.

Атрымліваецца замкнёнае кола - каб выратаваць краіну, трэба памяняць уладу. Але спробы зрабіць гэта могуць знішчыць краіну.

Выхад адзін - кансалідаваць нацыю вакол прывабных для большасці людзей базавых каштоўнасцяў, каб не дазволіць замежным правакатарам сутыкнуць беларусаў паміж сабой.

Для лепшага разумення праблемы кансалідацыі звернемся да яе гісторыі.

2. Спробы кансалідацыі ў першыя гады незалежнасці

Беларусь атрымала незалежнасць у выніку самараспаду Савецкага Саюза, а не дзякуючы барацьбе тагачаснага пакалення. У пачатку незалежнасці яе падтрымлівала менш траціны жыхароў Беларусі. Траціна выступала супраць незалежнасці, а астатнія былі абыякавыя да гэтага пытання.

Патрыятычныя сілы спрабавалі кансалідаваць нацыю на аснове ідэі незалежнасці, беларускай мовы, нацыянальнай сімволікі і гісторыі. Але гэтыя каштоўнасці былі прывабнымі толькі для меншасці беларусаў.

Абраны ў 1994 годзе першы прэзідэнт краіны, у надзеі абмяняць незалежнасць Беларусі на трон у Крамлі, актыўна прапагандаваў тэзіс аб беларусах, як «сапраўдных рускіх». Ён абрынуў на патрыятычныя каштоўнасці ўсю моц дзяржаўнай прапагандысцкай машыны. Вялікі маральны ўдар таксама нанесла неабгрунтаваная, з пункту гледжання большасці, эміграцыя ў 1996 годзе тагачаснага лідара патрыятычных сіл.

Але нацыянальным сілам удалося кансалідаваць патрыятычную меншасць і мабілізаваць яе на «вулічную вайну за незалежнасць» 1996-2000 гадоў.

Нягледзячы на намаганні ўладаў, прыклад самаахвярнай барацьбы патрыётаў, а таксама досыць працяглае жыццё ў самастойнай дзяржаве, прывялі да росту падтрымкі незалежнасці краіны. Рэжым улічыў новыя рэаліі (у тым ліку і змену кіраўніцтва ў Крамлі) і з пачаткам новага тысячагоддзя стаў усё больш актыўна выкарыстоўваць незалежніцкую рыторыку. Пагроза незалежнасці часова адступіла.

3. Праца па кансалідацыі ў «нулявых»

Дзеля атрымання эканамічных датацый ад Расеі рэжым стаў актыўна выкарыстоўваць тэму «славянскай еднасці». Разам з тым, улады прадаўжалі пераслед беларускай мовы, гістарычных сімвалаў і спробаў гісторыка-патрыятычнага выхавання грамадства, каб перашкодзіць нацыянальнай кансалідацыі і дагадзіць Крамлю. Увогуле, усякую спробу кансалідацыі, акрамя як вакол свайго кіраўніка, рэжым успрымаў, як пагрозу. Яму трэба было пакорлівае атамізаванае насельніцтва.

Праз слабую нацыянальную кансалідацыю патрыятычныя сілы Беларусі паспрабавалі выкарыстаць ідэю еўраінтэграцыі дзеля аб'яднання вакол яе большасці грамадства. Бо еўрапейская ідэя адначасова ўвасабляла матэрыяльны дабрабыт, нацыянальнае развіццё і палітычныя свабоды. З розных матываў у «нулявых» еўраінтэграцыю падтрымлівалі да паловы беларусаў. Але праз рост праблем ЕЗ, якія ў гіпертрафаванай форме актыўна выкарыстоўваліся дзяржаўнай прапагандай, і рост эканамічнай залежнасці ад Расеі, папулярнасць еўраінтэграцыі сярод беларусаў цяпер істотна знізілася.

Разам з тым, прыхільнікі незалежнасці з цягам часу сталі пераважнай большасцю. Уваходжанне ў склад Расеі падтрымлівае толькі 4-5% насельніцтва. Мужнасць беларускамоўных актывістаў, якія пераследуюцца рэжымам, вярнула павагу да беларускай мовы і выклікала рост цікавасці да яе сярод адукаванай моладзі. Гэта цікавасць яшчэ больш узрасла на фоне расейска-ўкраінскага канфлікту.

4. Намаганні ў кансалідацыі пасля пачатку канфлікту ва Украіне

Падзеі ва Украіне і падтрымка большасцю беларусаў анэксіі Крыма зрабілі для рэжыму небяспечным выкарыстанне «славянскай» ідэі. Пагроза інкарпарацыі з боку Масквы прымусіла ўлады спыніць ціск на беларускую мову і часам нават звяртацца да нацыянальнай гісторыі. Але цалкам залежны ад расейскай дапамогі рэжым так і не адважыўся на большае. Разам з тым, спробы часткі нацыянальных сіл кансалідаваць большасць нацыі вакол падтрымкі Украіны былі беспаспяховыя.

Усё большая неэфектыўнасць эканомікі і памяншэнне расейскіх датацый прывялі да істотнага пагаршэння жыцця людзей. Рост сацыяльнай напружанасці вярнуў у цэнтр увагі грамадства патрыятычныя сілы, якія дзякуючы сваім публічным пратэстным акцыям сталі ўспрымацца, як адзіная бачная альтэрнатыва рэжыму.

Гэта дазволіла патрыётам узначаліць масавы сацыяльны пратэст і дало ім шанцы кансалідаваць вакол сацыяльных патрабаванняў незадаволеную большасць.

Каб выйсці з тупіка, у якім выявілася краіна, не дапусціць крывавых канфліктаў і захаваць пры гэтым незалежнасць дзяржавы, неабходная кансалідацыя нацыі вакол базавых каштоўнасцяў, якія падтрымліваюцца пераважнай большасцю грамадства. Тады імавернасць вонкавага ўмяшання ў адказ на законныя дзеянні аб'яднанага народа для вяртання сабе ўлады істотна паменшыцца.

5. Базавыя каштоўнасці кансалідацыі

Галоўная з гэтых каштоўнасцяў, вакол якой ужо існуе агульнанацыянальны кансэнсус - незалежнасць Беларусі.

Другая каштоўнасць, якая мае падтрымку пераважнай большасці - змяняльнасць улады. 80% беларусаў мяркуюць за неабходнасць правядзенне рэформаў. У Беларусі ёсць страх адкрыта выказаць сацыёлагам сваю незадаволенасць уладай. Таму «падтрымка рэформаў» у завэлюмаванай форме паказвае жаданне рэспандэнтаў сыходу ад улады таго, хто не хоча праводзіць ніякіх рэальных рэформаў. Можна сцвярджаць, што 80% - гэта рэальны антырэйтынг улады.

Кансенсус таксама існуе вакол непрыняцця пераважнай большасцю гвалту і крыві, як сродку развязання супярэчнасцяў у грамадстве. Мір - трэцяя базавая каштоўнасць беларусаў.

Чацвёртай базавай каштоўнасцю можа стаць вяртанне да дэмакратыі. Бо толькі механізмы дэмакратыі могуць быць эфектыўнымі мірнымі сродкамі развязання супярэчнасцяў, пошуку грамадскіх кампрамісаў і шляхоў да годнага жыцця. Выбраныя на сумленных выбарах дэпутаты парламента будуць прадстаўляць пазіцыі значных груп грамадства і знаходзіць кампрамісныя развязанні, каб прадухіляць канфлікты паміж гэтымі групамі. Менавіта таму Беларускі Нацыянальны Кангрэс зрабіў заклік «Улада - народу!» лозунгам усіх сваіх публічных акцый.

Пятай базавай каштоўнасцю можа стаць імкненне да ваеннага нейтралітэту, замацаванае ў Канстытуцыі Беларусі.

Абапіраючыся на кансенсус у пералічаных базавых каштоўнасцях, грамадства здолее знайсці кампраміс і наконт праблем, якія цяпер яго падзяляюць. Найбольш відавочныя з іх - гэта геапалітычны падзел і моўная праблема.

6. Праблема геапалітычнага выбару

Большасць беларусаў бачаць сваю краіну ў саюзе з Расеяй, меншасць - у складзе ЕЗ. Прычым, для абедзвюх груп незалежнасць з'яўляецца прыярытэтнай перад замежнымі саюзамі. Перавага саюза з Расеяй над інтэграцыяй у ЕЗ выкліканая не толькі дамінаваннем расейскай тэлевізіі ў інфармацыйнай прасторы Беларусі ці культурнай блізкасцю. Паводле расейскіх ацэнак, блізу мільёна беларусаў легальна або нелегальна працуе ў Расеі. Для гэтых людзей і мільёнаў іх блізкіх захаванне такой магчымасці з'яўляецца жыццёва важным. Асабліва ў варунках значнага зніжэння даходаў ва ўласнай краіне і ўсё большага іх адставання ад расейскіх.

Кампрамісам тут магло б быць не пазбаўленне людзей магчымасці зарабляць на ўсходзе, а стварэнне дадаткова такіх жа магчымасцяў і на захадзе. А яшчэ лепш - ва ўласнай краіне. Хоць, некаторыя элементы дамовы аб стварэнні «саюзнай дзяржавы» – напрыклад, агульныя ўрад і войска, нават назва аб'яднання, якія супярэчаць Канстытуцыі Беларусі, павінны быць скасаваныя.

Павінна быць таксама гарантавана, што пастановы аб уваходзе Беларусі ў міждзяржаўныя саюзы прымаюцца толькі на ўсенародных рэферэндумах пад міжнародным кантролем.

7. Моўная праблема

Кіроўны рэжым 23 гады знішчае беларускую мову. Для гэтага выкарыстоўваецца ўвядзенне расейскай мовы ў якасці другой дзяржаўнай. Што на практыцы азначае яе манапольнае панаванне ва ўсіх уладных органах і ва ўстановах вышэйшай адукацыі. У выніку колькасць людзей, якія не гавораць па-беларуску, складае пераважную большасць грамадства. Гэта стварае пагрозу не толькі захаванню нацыі, але і незалежнасці дзяржавы. Бо ў Расеі на ўсё больш высокіх узроўнях гучаць выказванні пра «недарэчнасць факту існавання дзвюх асобных суседніх дзяржаў, у якіх гавораць на адной мове».

Кампрамісам, які дазволіў бы прадухіліць знікненне беларускай мовы і абараніць правы расейскамоўных беларусаў, на гэты момант магла б стаць сапраўдная рэалізацыя прынцыпу дзвюх дзяржаўных моў. Гэта значыць, што грамадзянін, пры звароце ў дзяржаўныя ўстановы або да службоўцаў на кожнай з дзяржаўных моў павінен атрымаць адказ на мове звароту. Таму кандыдаты ў прэзідэнты і дэпутаты парламента, а таксама чыноўнікі, якія працуюць з грамадзянамі, павінны здаваць іспыты на валоданне дзвюма дзяржаўнымі мовамі. Каб даць ім такую магчымасць, неабходна парытэтнае выкладанне на дзвюх мовах ва ўстановах вышэйшай адукацыі, а таксама стварэнне сеткі моўных курсаў.

Гэта толькі магчымыя варыянты грамадскага кампрамісу ў найбольш відавочных рознагалоссях. Але рэалізаваць такі кампраміс можна толькі праз дэмакратычныя механізмы, якія грамадству яшчэ трэба будзе вярнуць.

8. Высновы

Выйсці са створанага нязменнасцю ўлады тупіка, пазбегнуць пры гэтым ўнутранага канфлікту і забяспечыць нармальнае развіццё немагчыма без кансалідацыі нацыі. Асновай кансалідацыі можа быць аб'яднанне грамадства вакол базавых каштоўнасцяў, прымальных для пераважнай большасці беларусаў - незалежнасці, змяняльнасці ўлады, мірнага развязання ўнутраных канфліктаў, дэмакратыі, імкнення да нейтралітэту.

Паспяховае развіццё Беларусі немагчымае без прыняцця пераважнай большасцю наступных прынцыпаў:

- прыярытэт інтарэсаў беларускай дзяржавы перад інтарэсамі ўсіх астатніх дзяржаў і іх блокаў;

- прыярытэт агульнанацыянальнага адзінства перад геапалітычнымі, моўнымі ці эканамічнымі рознагалоссямі паміж рознымі групамі насельніцтва;

- мірныя сродкі развязання ўнутраных супярэчнасцяў праз дэмакратычныя механізмы.

Ад таго, наколькі хутка грамадства зразумее гэтыя відавочныя ісціны, будзе залежаць лёс краіны і кожнага з нас.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках