19 сакавiка 2024, aўторак, 6:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вадзім Кабанчук: Беларускія патрыёты будуць дзейнічаць

5
Вадзім Кабанчук: Беларускія патрыёты будуць дзейнічаць
Вадзіма Кабанчука
ФОТА: CHARTER97.ORG

Беларускія добраахвотнікі гатовыя бараніць незалежнасць нашай краіны, як таго патрабуе Канстытуцыя.

Пра гэта сайту Charter97.org заявіў адзін з заснавальнікаў руху «Зубр» і арганізацыі «Край», а цяпер валанцёр ва Украіне, лаўрэат Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча за 2016 год Вадзім Кабанчук, каментуючы прыбыццё ў Беларусь расейскіх вайскоўцаў на вучэнні «Захад-2017».

- Расейска-беларускія вайсковыя вучэнні «Захад-2017» нясуць пэўны дэстабілізуючы фактар у наш рэгіён, ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспекі Беларусі і ўсіх суседніх краін. Пад выглядам гэтых вучэнняў мабілізуюцца вельмі вялікія сілы і рэсурсы Расейскай Федэрацыі, якая, як гэта называецца ў вайскоўцаў, пад прыкрыццём вучэнняў праводзіць стратэгічнае разгортванне сіл і сродкаў.

Мы памятаем, як у 2008 годзе пад прыкрыццём вучэнняў рыхтавалася агрэсія супраць Грузіі. Цалкам магчыма, што цяпер у дачыненні да Беларусі адбываюцца такія ж рэчы.

Застануцца расейскі войскі пасля вучэнняў у Беларусі ці не - час пакажа. Але я ўпэўнены, што калі войскі застануцца, то і беларускія патрыёты, і нашы суседзі будуць дзейнічаць. Беларусы будуць бараніць сваю незалежнасць.

- Як вы думаеце, ці дапаможа вам валанцёрскі досвед ва Украіне ў выпадку барацьбы за незалежнасць Беларусі?

- Мы, добраахвотнікі, як таксама частка беларускага народа, ужо цяпер баронім незалежнасць Беларусі толькі ва Украіне. Бо гэта ўсё звязана.

Калі ж пачнуцца такія падзеі ў Беларусі, то, безумоўна, калі мы гатовыя былі ехаць ва Украіну, то няма пытанняў, што будуць дзеянні ў абароне незалежнасці нашай краіны, якія прама прапісаны ў Канстытуцыі Беларусі.

Дай Бог, каб у нас не дайшло да гарачай фазы, але калі дойдзе да развіцця ўкраінскага сцэнару, то, вядома, досвед спатрэбіцца і будзе выкарыстаны.

- 8 верасня ў Менску запланавана Акцыя папярэджання супраць вучэнняў «Захад-2017». Каб вы хацелі сказаць суайчыннікам напярэдадні акцыі?

- Беларусам хачу сказаць, што лепш выходзіць на мірную акцыю пратэсту, чым потым браць удзел у гарачай фазе вайны.

Лепш папярэдзіць небяспеку загадзя, чым потым мець тое, што ўкраінцы цяпер на Данбасе.

Нагадаем, што расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі пачнуцца ў верасні. Для перакідання расейскага кантынгенту задзейнічана рэкордная колькасць чыгуначных вагонаў - больш за 4-х тысяч. Многія палітыкі і вайсковыя экспэрты мяркуюць, што расейскія войскі пасля вучэнняў застануцца ў Беларусі.

У вучэннях будзе задзейнічаны шэраг вайсковых палігонаў на тэрыторыі Беларусі: пад Лепелем, Барысавам, Віцебскам, Асіповічамі, Ружанамі і Даманава. Таксама паведамляецца, што запланаваны рэйды на «ўчастку мясцовасці» каля Дрэтунь.

8 верасня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску а 19.00 пачнецца Акцыя папярэджання з патрабаваннем скасавання вучэнняў «Захад-2017».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках