25 красавiка 2024, Чацвер, 17:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

608 гадоў таму магістр Тэўтонскага ордэна меў неасцярожнасць абвясціць вайну ВКЛ і Польшчы

2
608 гадоў таму магістр Тэўтонскага ордэна меў неасцярожнасць абвясціць вайну ВКЛ і Польшчы

«Вялікая вайна», якая пачалася 6 жніўня 1409 года, стала для Ульрыха фон Юнгінгена апошняй.

Прычынай вайны Польскага Каралеўства і ВКЛ супраць Нямецкага ордэна быў канфлікт праз спрэчныя тэрыторый на польска-ордэнскім памежжы (Добжынская зямля, Памор'е, Новая Марка) і Жамойці. Непасрэдна пачатак вайсковых дзеянняў справакавала Жмудскае паўстанне супраць уладаў Ордэна, што ўпотайкі падтрымаў вялікі князь Вітаўт.

Жамойты паўсталі 31 траўня 1409 года, але Вітаўт да сярэдзіны чэрвеня ў карэспандэнцыі з магістрам адмаўляў свае сувязі з імі, хоць выведка даносіла ў Мальбарк пра адваротнае. Толькі адкрытая мабілізацыя сіл Вітаўтам і аблога замка Фрайбург засведчылі пачатак неаб'яўленай вайны, і жамойцкі войт Ордэна Міхаэль Кюхмайстэр заняўся эвакуацыяй людзей і маёмасці з Жамойці.

Польскі кароль Ягайла рыхтаваўся да сумеснай з Вітаўтам кампаніі супраць Ордэна, але не хацеў выглядаць агрэсарам у вачах хрысціянскай Еўропы. Польская амбасада, якая выехала для перамоваў у Мальбарк, 1 жніўня 1409 г. прапанавала вынесці спрэчныя пытанні (у тым ліку жмудскае) на міжнародны арбітражны суд, але ў дадатак заявіла, што ў выпадку атакі Ордэна на Літву Ягайла стане на бок Вітаўта. Пасля гэтага 6 жніўня вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген афіцыйна абвясціў польскаму каралю вайну.

Падчас вайсковай кампаніі 1409 крыжакі захапілі Добжынскую зямлю, у Новай Марцы разбілі паспалітае войска, войскі ВКЛ уступілі ў Жамойць і выгналі адтуль ворага, палякі вярнулі Быдгашч.

8 кастрычніка 1409 Польшча пры пасярэдніцтве чэшскага караля Вацлава заключыла з Ордэнам перамір'е «да заходу сонца» 24 чэрвеня 1410, згодна з якім абодва бакі захоўвалі ўладанні на час падпісання пагаднення, палякі абавязваліся не дапамагаць Жамойці і іх хаўруснікам.

Перамір'е не тычылася ВКЛ, аднак ордэн актыўных дзеянняў супраць княства не пачаў.

8-9 снежня 1409 года ў Берасці адбылася таемнае нарада, на якой польскі кароль Ягайла і Вітаўт разгледзелі і ўзгаднілі стратэгічныя і тактычныя пытанні летняй кампаніі 1410.

У траўні 1410 года Ордэн заключыў перамір'е з ВКЛ да 24 чэрвеня. Вітаўту ўдалося да канца лета нейтралізаваць войскі Лівонскай правінцыі Ордэна, што значна паўплывала на ход вайсковых дзеянняў (лівонскія войскі з'явіліся на прускім тэатры вайны толькі ў канцы жніўня).

Паказаўшы сябе выдатнымі вайскаводамі, Ягайла і Вітаўт шляхам складаных перамяшчэнняў войскаў увялі ворага ў зман, прымусілі Ордэн рыхтавацца да нападу з розных бакоў і вылучыць значныя сілы на абарону межаў у розных месцах.

Войскі хаўруснікаў рушылі на сталіцу ордэна Мальбарк, прымусілі крыжакоў даць 15 жніўня 1410 года пад Грунвальдам генеральную бітву, у выніку якой тэўтонскае войска пацярпела поўную паражу, а вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген быў забіты.

Ордэнская дзяржава ўратавалася дзякуючы рашучым дзеянням комтура Генрыха фон Плаўэна, які здолеў апярэдзіць хаўруснікаў, які першым дабраўся да сталіцы і арганізаваў яе абарону. Аблога Марыенбурга (Мальбарка) (25 ліпеня - 19 верасня 1410) скончылася беспаспяхова.

Вайсковыя дзеянні працягваліся з перапынкамі на перамір'е. Вялікая вайна скончылася Торуньскім мірам 1411, паводле якога ўсе гарады і замкі, захопленыя падчас вайны, вярталіся ўладальнікам, Жамойць перадавалася ВКЛ, а пасля смерці Вітаўта - Ордэну, Добжынская зямля пакідалася за Польшчай. Перамога хаўруснікаў моцна падарвала магутнасць Тэўтонскага ордэна і спыніла яго агрэсію на ўсходзе.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках