29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Бандажэўскі: Размовы чыноўнікаў аб «чыстай прадукцыі» - звычайная маніпуляцыя

4
Юрый Бандажэўскі: Размовы чыноўнікаў аб «чыстай прадукцыі» - звычайная маніпуляцыя
Юрый Бандажэўскі

Беларускія чыноўнікі распавядаюць казкі пра «ахоўныя захады» і «чыстую прадукцыю» ў Чарнобыльскай зоне.

Указам дыктатара скасаваная ахоўная зона Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы заяўляе, што мы навучыліся ў зонах ад 1,5 да 5 кюры вырошчваць чыстую прадукцыю. Ці сапраўды на тых землях можна атрымліваць бяспечную для здароўя прадукцыю, разважае ў інтэрв'ю «Еўрарадыё» доктар медыцынскіх навук, кіраўнік украінскага міжнароднага навукова-даследчага цэнтра «Экалогія і здароўе» Юрый Бандажэўскі.

- Што азначае скасаванне ахоўнай зоны Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка?

- Запаведнік гэты ствараўся для таго, каб абмежаваць распаўсюджванне радыёнуклідаў і каб вывучаць уплыў радыяцыі на біяпрацэсы. Але справа ў тым, што і за межамі запаведніка тэрыторыя той жа Гомельскай вобласці вельмі моцна забруджаная радыенуклідамі. І калі я працаваў у Гомельскім медінстытуце, мы назіралі ўплыў гэтых радыенуклідаў на здароўе людзей. Уплыў гэты, дарэчы, прадаўжаецца і цяпер. І калі я чую ад беларускіх чыноўнікаў словы пра тое, што ў нас цяпер з гэтым усё добра, то прыходжу ў лютасць. Мы праводзім даследаванні ва Украіне ў рамках аднаго міжнароднага праекта і бачым, які негатыўны ўплыў мае і прадаўжаюць мець на здароўе людзей нашмат меншыя дозы радыеактыўных элементаў. У тых, хто нарадзіўся пасля Чарнобыльскай аварыі, проста цяжкі стан здароўя. А гэта азначае, што ў Беларусі сітуацыя нашмат горшая. Мы гаворым пра тэрыторыі Палескага запаведніка, але вялікія праблемы са здароўем назіраюцца і ў тых людзей, якія жывуць у тых раёнах Гомельскай вобласці, якія ўлады абвясцілі чыстымі. А на гэтых тэрыторыях, якія яны вывелі з ахоўнай зоны Палескага запаведніка, можна атрымліваць вельмі высокія ўзроўні забруджвання радыёнуклідамі.

- Але ж беларускія ўлады кажуць, што навучыліся вырошчваць чыстую прадукцыю праз ахоўныя захады. Таму, маўляў, прадукцыя павінна быць толькі чыстая.

- Я такіх «ахоўных захдаў» не ведаю. Акрамя таго, што такое чыстая прадукцыя? Гэта прадукцыя, якая не ўтрымлівае радыенуклідаў. А тыя дазволеныя ўзроўні радыенуклідаў, якія даюць права вытворцам называць сваю прадукцыю «чыстай», усё адно вельмі небяспечныя для здароўя. Асабліва для людзей другога чарнобыльскага пакалення. Таму ўсе гэтыя размовы чыноўнікаў аб «чыстай прадукцыі» - звычайная маніпуляцыя. Да таго ж, цяпер назіраецца вялікая экспансія стронцыю. І тут самае страшнае тое, што стронцый не выяўляецца ў жывых аб'ектах - так, як мы вызначаем цэзій.

Я прывяду прыклад: людзі набываюць дровы, якія аж пад Кіеў вязуць з забруджаных Чарнобылем тэрыторый Украіны. Паляць гэтыя дровы ў печы, а потым попел выкідваюць на градкі. Мы выявілі 11 тысяч бекерэляў стронцыю на 1 кілаграм попелу. І гэты стронцый трапляе ў арганізм людзей разам з гароднінай, якую на гэтым попеле вырасцілі. Выявіць стронцый так, як мы выяўляем цэзій, немагчыма - ён больш падступны элемент. І яго нельга вывесці з арганізма хутка. Пра якія «ахоўныя захады» можна весці размову? Гэта больш чым непрафесійныя размовы. Сёння наадварот трэба пашыраць ахоўныя зоны. Чарнобыль нікуды не сышоў. Наадварот - ён стаў сябе паводзіць больш агрэсіўна. Таму што плутоній распадаецца, і з'яўляецца ўсё больш амерыцыю, які таксама як і стронцый, вельмі небяспечны элемент. Тут, для таго, каб сказаць, што гэта «чыстая тэрыторыя», не дастаткова пахадзіць туды-назад з дазіметрам. Я магу з поўнай адказнасцю сцвярджаць: людзі на ўсёй тэрыторыі Беларусі, якія нарадзіліся пасля Чарнобыльскай аварыі, маюць вялікую адчувальнасць нават да малой колькасці радыенуклідаў - для іх ужо завялікая тая доза, якой супраціўляліся іх бацькі.

- Усё ж час прайшоў, нешта там распалася, нешта выветрала, нешта мы навучыліся рабіць, каб вырасціць добрую прадукцыю на землях некалі забруджаных раёнаў...

- Нічога там не змянілася. Асабліва, калі ўлічыць адчувальнасць нашых дзяцей нават да малых дозаў радыенуклідаў. І не выветрываюцца яны нікуды, а з'яўляюцца ўсе новыя і новыя небяспечныя элементы ў выніку распаду. Асаблівая тэма - дазволены ўзровень радыеактыўных элементаў у прадукцыі. Да прыкладу, дазволена 100 бекерэляў на 1 літр малака. Як такое малако можна даваць дзіцяці? Дык яны бяруць і робяць 99 бекерэляў на 1 літр. Выглядае як быццам не так страшна, але хіба 99 не так страшна за 100 бекерэляў ?! Змешванне «бруднага» малака з «чыстым» да дазволеных нормаў утрымання радыенуклідаў сітуацыю не ратуе. Менавіта праз такое змешванне ўзровень анкалагічных захворванняў, да прыкладу, у Віцебску амаль такі ж, як у Гомелі. Праз гэтыя змешванні практычна ўся тэрыторыя Беларусі атрымлівала радыяцыйнае апрамяненне. І таму не трэба цяпер казаць пра нейкія «ахоўныя захады».

І гэта мы яшчэ не казалі аб барыі, да якога распадаецца цэзій, і які з'яўляецца вельмі таксічным элементам.

Практычна кожнае дзіця, якога мы даследавалі ва Украіне, мела сур'ёзныя праблемы са здароўем. І гэта з тых тэрыторый, якія ў параўнанні з Беларуссю пацярпелі не так моцна. Я калі гляджу на гэтых дзяцей ва Украіне - 40% з парушэннем гармонагенеза, сур'ёзныя перадумовы да анказахворванняў, я ўвесь час думаю пра Беларусь: «А што ж там - там жа яшчэ горш?». І там жа нічога сур'ёзна не робяць. Толькі казкі расказваюць пра «ахоўныя захады» і «чыстую прадукцыю».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках