19 красавiка 2024, Пятніца, 2:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жонка актывіста Валавіка: «Ён змагаўся супраць «расейскага свету»

11
Жонка актывіста Валавіка: «Ён змагаўся супраць «расейскага свету»

Алена Валавік збірае дакументы і сведчанні, каб праваабаронцы прызналі яе мужа палітвязням.

Шасцёра фанатаў футбольнага клуба «Партызан» (ужо не існуе, да 2009 года МТЗ-РІПА) у сакавіку 2017 года атрымалі ад 4 да 12 гадоў пазбаўлення волі за бойку ў тралейбусе з фанатамі футбольнага клуба «Тарпеда». Сама бойка адбылася яшчэ ў 2014 годзе, паведамляе «Радыё Свабода».

Нечаканая рэанімацыя справы і вялікія тэрміны, якія атрымалі падсудныя, прымушае праваабаронцаў казаць пра яе палітызаванасць. А форум «Свабоду палітвязням» ужо звярнуўся да ўладаў Беларусі і Парламенцкай асамблеі АБСЕ з патрабаваннем неадкладна вызваліць двух фігурантаў «справы фанатаў-антыфашыстаў», Іллю Валавіка і Дзмітрыя Цехановіча, называючы іх палітычнымі вязнямі.

Журналістка сустрэлася і паразмаўляла з жонкай галоўнага фігуранта справы 27-гадовага Іллі Валавіка, актывісткай «Маладога фронту» Аленай, якая цяпер адна гадуе дачку Глорыю і разам з адвакатам спрабуе дамагчыся статусу палітычнага зняволенага для свайго мужа.

Што адбылося?

Алена распавядае, што група фанатаў «Партызана» мае выразную антыфашысцкую ідэалогію. За сваіх апанентаў яна ўважае фанатаў футбольных клубаў «Тарпеда» і «Дынама-Мінск». Паміж фанатамі з розных клубаў перыядычны адбываюцца сутычкі, яны могуць быць дамоўнымі або стыхійнымі.

Бойкі паміж фанатамі, у якіх час ад часу ўдзельнічаў Ілля, не хвалявалі Алену.

«Ён не прычыняў шкоды нікому. Ілля - чэмпіён ва ўсходніх адзінаборствах, многія з ягоных паплечнікаў - таксама спартоўцы. Такія людзі, калі б'юцца, ведаюць, як гэта рабіць, каб ніякіх траўмаў не было. Гэта такая забава, гульня нават».

Бойку, якая адбылася ў тралейбусе ў чэрвені 2014 года, следчыя называюць «асабліва злосным хуліганствам з матываў варожасці да іншай сацыяльнай групы». Паводле звестак следства, пасля футбольнага матчу фанаты «Партызана» спынілі тралейбус, у якім ехалі заўзятары ФК «Тарпеда», разбілі акно і знялі рогі тралейбуса, распылілі слезацечны газ. Пацярпелых у інцыдэнце не было, але «Мінсктранс» запатрабаваў 26 BYN як кампенсацыю за выбітую шыбу.

Якія погляды мае Ілля Валавік?

Са слоў Алены, Ілля Валавік - беларускі нацыяналіст, які актыўна выступаў супраць адэптаў «расейскага свету». Больш таго, ён пачаў распаўсюджваць такую ідэалогію сярод фанатаў, на якіх меў уплыў.

«Яны ўважаў за ворагаў тых, хто «за адраджэнне Расейскай імперыі». Ілля наогул мае выразныя нацыяналістычныя погляды. Я сама - актывістка «Маладога фронту», мы з ім і сышліся праз цікавасць да беларускай гісторыі, беларускага адраджэння. Гэта значыць, нашы погляды даволі блізкія. Ведаеце, ёсць такі ўзрост - 15-16 гадоў. Твае далейшыя погляды і інтарэсы вызначаюцца тым, куды ты ў гэты час трапіш, у якую тусоўку. Я трапіла ў «Малады фронт», ён да фанатаў. Я заўсёды Іллі казала, што ён бы выдатна адчуваў сябе ў «Маладым фронце», але ён неяк асцерагаўся палітыкі».

Чаму Ілля Валавік атрымаў аж 10 гадоў турмы?

Валавік быў нефармальным лідарам антыфашысцкага фанацкага руху ў Беларусі, меў вялікі аўтарытэт сярод заўзятараў футбольнага клуба «Партызан», які ў 2014 годзе спыніў існаванне праз фінансавыя цяжкасці.

Справа з тралейбусам спачатку не атрымала агалоскі, за бойку нікога не пакаралі. Але ў 2016 годзе «справай антыфашыстаў» заняўся ГУБАЗіК, прайшлі суды, дзеянні футбольных фанатаў расцанілі як «асабліва злоснае хуліганства», асудзіўшы фігурантаў на тэрміны ад 4 да 12 гадоў. Працэс нават асвятлялі дзяржаўныя тэлеканалы.

«Усё пачалося з 2014 года, калі ва Украіне здарыўся Майдан. Праз тое, што ва ўкраінскіх падзеях вялікую ролю адыгралі футбольныя фанаты «Дынама» (Кіеў), улады Беларусі, відавочна, вызначылі, што трэба знішчыць лідараў фанацкіх рухаў у нашай краіне, каб, калі раптам што, тут не паўтарыліся ўкраінскія падзеі. Эпізод з тралейбусам, у які Ілля трапіў выпадкова, быў адзінай прычынай, каб яго затрымаць. Ні да гэтага, ні пасля нічога з ягоным удзелам не было», - кажа Алена.

Чаму Ілля і Алена не з'ехалі за мяжу?

Алена і Ілля пазнаёміліся ў 2013 годзе ў час спартовых спаборніцтваў. Ужо да таго часу цікавасць Валавіка да футбольных матчаў моцна знізілася - ён сканчаў універсітэт, працаваў мэнэджарам продажаў.

«Да таго ж пачаўся ціск на фанатаў, усіх здымалі на камеры, правяралі дакументы, а Ілля вельмі не хацеў «свяціцца». Нават я ў той час прадаўжала хадзіць на матчы, а ён - не. Але ён у далейшым падтрымліваў кантакт з сябрамі-антыфашыстамі. Калі Іллю прэвентыўна пасадзілі на Акрэсціна падчас чэмпіянату свету, былі думкі з'ехаць. Але праз некаторы час я зацяжарыла, мне было дрэнна, таксікоз. Ілля казаў: «Як я цябе пакіну? Я буду з табой. Да таго ж я нічога не зрабіў, каб мне пагражала нейкая небяспека. Я нікога не забіў, нічога не скраў. Чаго мне баяцца ў сваёй жа краіне?».

Алена выхоўвае дачку Глорыю. Яна нарадзілася, калі Ілля ўжо быў за кратамі. Але менавіта ён абраў для яе імя - «Слава Божая». Алена збіраецца браць Глорыю на нешматлікія дазволеныя спатканні з мужам, каб «пазнаёміць дачку і тату». Цяпер збірае неабходныя дакументы і сведчанні, якіх патрабуюць праваабарончыя арганізацыі, каб разглядаць наданне Валавіку статусу палітвязня. Алена спадзяецца, што, нягледзячы на вялікі тэрмін, пры дапамозе адвакатаў і праваабаронцаў, а таксама народнага рэзанансу ўдасца выцягнуць мужа з турмы раней. Каб не давялося прыдумляць, што сказаць дачцэ, калі яна пачне гаварыць і пытацца, дзе яе тата.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках