25 красавiка 2024, Чацвер, 15:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі генерал: Для адпраўкі ў Беларусь вайскоўцаў РФ патрэбна тысяча вагонаў, а замовілі 4,5 тысячы

12
Украінскі генерал: Для адпраўкі ў Беларусь вайскоўцаў РФ патрэбна тысяча вагонаў, а замовілі 4,5 тысячы
ІГАР РАМАНЕНКА
ФОТА: ANTIKOR.COM.UA

Вучэнні «Захад-2017» могуць быць спалучаныя з вайсковымі правакацыямі.

Падчас вайсковых вучэнняў "Захад-2017", якія пройдуць у Беларусі, Масква можа стварыць ўдарную групоўку, што пагражае бяспецы Украіны, заявіў у каментары выданню "Гордан" генерал-лейтэнант запасу Ігар Раманенка.

"У вучэннях "Захад-2017" сапраўды ёсць пэўная пагроза для Украіны. Згодна з Венскім пагадненнем, удзел у вучэннях могуць узяць максімум 12 тысяч вайскоўцаў. Масква так і зробіць. Але пры гэтым у іх з 2014 года ёсць выпрабаваны сцэнар. Яны праводзяць вучэнні, але потым Пуцін (прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. - заўв.) абвяшчае раптоўную праверку ўзброеных сілаў. У выніку расейцы ствараюць групоўку такой колькасці, якой ім трэба. У мінулым годзе была такая ж гісторыя. На вучэнні "Каўказ-2016" было заяўлена 12, 5 тысяч чалавек. А фактычна ўдарная групоўка складала больш за 100 тысяч. Для поўнамаштабнай вайны з Украінай ім трэба блізу 240 тысяч вайскоўцаў", - адзначыў Раманенка.

Паводле ягоных слоў, Расея замовіла ў 4,5 разы больш чыгуначных вагонаў, чым трэба для адпраўкі ў Беларусь заяўленай колькасці расейскіх вайскоўцаў.

"Пуцін падпісаў указ аб павелічэнні колькасці расейскіх узброеных сіл больш як удвая. Яны пачалі фармаваць пяць новых дывізій. Тры з іх накіраваныя на Украіну, па адной - на Польшчу і краіны Балтыі. Да таго ж, створана групоўка бронетэхнікі на акупаваных тэрыторыях Данбаса. Там больш за 700 адзінак тэхнікі. Гэта больш, чым у Еўропе разам узятай. І не забываемся, колькі тэхнікі ў самой РФ. На нашых усходніх межах знаходзяцца 50 тысяч расейскіх вайскоўцаў. На поўначы - яшчэ 20 тысяч. Для адпраўкі ў Беларусь заяўленай колькасці вайскоўцаў Расеі патрэбная тысяча вагонаў, а замовілі 4,5 тысячы. Стварыўшы стратэгічную ўдарную групоўку, РФ зможа ціснуць на Украіну і яе партнёраў. Мы ж, бачачы пагрозу з поўначы, канцэнтруем на гэтым кірунку свае сілы", - падкрэсліў Раманенка.

21 ліпеня міністр абароны Украіны Сцяпан Палтарака заяўляў, што вучэнні "Захад-2017" могуць выкарыстоўвацца для пачатку агрэсіі не толькі супраць Украіны, але і супраць кожнай краіны Еўропы.

30 чэрвеня кіраўнік Мінабароны на сустрэчы з генеральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам заявіў, што правядзенне вучэнняў "Захад-2017" на мяжы з Украінай з'яўляецца пагрозай для дзяржавы.

Камандзір наземных войскаў ЗША ў Еўропе генерал-лейтэнант Бэн Ходжэс мяркуе, што расейска-беларускія вучэнні "Захад-2017" могуць выканаць ролю "траянскага каня".

На думку міністра абароны Эстоніі Маргуса Цахкна, Расея можа выкарыстаць "Захад-2017", каб размясціць тысячы жаўнераў у Беларусі ў якасці папярэджання NATO.

У міністэрстве абароны Латвіі заявілі, што гатовыя да правакацый, якія могуць быць падчас вучэнняў у Беларусі.

Вучэнні "Захад-2017" павінны прайсці з 14 да 20 верасня.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках