29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Чарнавус: Што ты нам са сваіх Драздоў пакажаш?

77
Мікалай Чарнавус: Што ты нам са сваіх Драздоў пакажаш?

Увосень на Плошчу выйдуць усе - і прадпрымальнікі, і «дармаеды».

Адносіны беларускай дыктатуры з прыватным бізнэсам, асабліва тыя эпітэты, якімі Лукашэнка ўзнагароджваў прадпрымальнікаў, могуць заняць годнае месца ў музеі цынізму.

Учора Лукашэнка, у духу 23-гадовай традыцыі, даручыў да 1 кастрычніка падрыхтаваць пакет дакументаў па ўмовах працы прадпрымальнікаў у Беларусі. Дыктатар паабяцаў нейкія туманныя «паблажкі», але наўзамен патрабуе безумоўнай пакоры. «Не дай Бог, пасля першага кастрычніка, калі гэтыя дакументы набудуць моц, хтосьці дзесьці не так будзе сябе паводзіць - мала не будзе, я вам гарантую», - заявіў кіраўнік.

Дыктатар таксама заклікаў прадпрымальнікаў працаваць не толькі на сябе, але і на «карысць дзяржавы». «Бізнэс - гэта вельмі цяжкая ноша. Там трэба варушыцца і ведаць многае. Таму заўсёды шукайце прычыну ў сабе і не бегайце па вуліцах і плошчах, галосячы аб тым, што дзяржава нешта не стварыла», - папярэдзіў Лукашэнка.

Што азначаюць чарговыя нязграбныя «рэверансы» дыктатара ў бок бізнэсу? На гэта і іншыя пытанні Charter97.org адказвае прадпрымальнік і грамадскі актывіст з Баранавічаў Мікалай Чарнавус.

- Учора ў парыве нейкага «самабічавання» Лукашэнка заявіў, што «прадпрымальнікі справай займаюцца, а мы пачынаем блох вышукваць». Што гэта значыць? Ці варта ягоным словам верыць?

- Божа, якое трызненне! Гэта кажа чалавек, які зневажаў прадпрымальнікаў апошнімі словамі! Нічога, абсалютна нічога ён не «палепшыць» ва ўмовах вядзення бізнэсу. Дваццаць гадоў была магчымасць «паляпшаць» - і дзе вынік?

Хай бы ён спярша «палепшыў» заробкі беларусаў - тады б і прадпрымальнікі на ногі сталі. Самі, без яго «паляпшэнняў». Бо даходы бізнэсу залежаць шмат у чым ад пакупніцкай здольнасці грамадзян, ад агульнага «самаадчування» эканомікі. Вось тут хай і паляпшае. Ды толькі куды яму!

Што ён здольны «палепшыць» у краіне? Людзі ўжо выжываюць па прынцыпе «ледзь-ледзь душа ў целе».

- Але ў абмен на абстрактныя «паляпшэнні» Лукашэнка патрабуе цалкам пэўнага падпарадкавання, ды яшчэ пагражае, што «мала не падасца». Як вы гэта пракаментуеце?

- Яшчэ б! Ён баіцца пратэстаў. Гэта-то яго і больш за ўсё турбуе. Таму што восенню прадпрымальнікі выйдуць на Плошчу.

Але слова не верабей: калі ён так заявіў, значыць ужо дакладна зразумела, што не будзе ніякіх ільгот і паслабленняў. Наадварот, выканкамам і падатковым, рознага роду кантралёрам дадзена адмашка: «не пушчаць!». Прадпрымальнікаў і далей будуць выцясняць з рынку.

Але я скажу так: гэта яго «мала не падасца» ўжо безнадзейна спазнілася. Яно нам - як гарох аб сцяну. Нам ужо сёння «мала не падаецца». Што ён там яшчэ сабраўся «паказаць» у кастрычніку? Чым ён нас «здзівіць» сабраўся?

Больш Лукашэнка для прадпрымальнікаў ужо нічога не «пакажа». Мы ўжо ўсё выпрабавалі і ўсе бачылі: і ў натуры, і ў профіль, і анфас. Нам застаецца банальна выжыць - не толькі прадпрымальнікам, усяму беларускаму народу. Не будзе даваць выжыць - самі пакажам яму такое, чаго яшчэ не бачыў.

1 кастрычніка ўсе пойдзем паглядзець, што ён нам са сваіх Драздоў «пакажа». На Плошчу пойдзем паглядзець, не куды-небудзь. Народ пойдзе ўвесь - яшчэ больш, чым вясной. Раней выходзілі толькі самыя баявыя, а ўвосень, калі ён пойдзе «паказваць» - на Плошчу выйдуць усе. Паспрабуй, пакажы нам тады, на што ты здольны.

- Чаму ўлада замітусілася так менавіта з прыцэлам на 1 кастрычніка? Новую версію дэкрэту аб «дармаедах» хочуць выдаць 1 кастрычніка, новыя правілы для прадпрымальнікаў - таксама. Што за магічная дата?

- Таму што ўлады ведаюць: увосень ім «прыпячэ». Увосень на Плошчу выйдуць разам - прадпрымальнікі і «дармаеды» - паглядзець, што ён нам «пакажа».

Людзям дзявацца ўжо няма куды. Народ жадае працаваць, а яго пераводзяць у «дармаеды». Ды і рабочым на прадпрыемствах няма чым плаціць.

Напісаць каментар 77

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках