8 траўня 2024, Серада, 20:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка запатрабаваў стварыць электрычны супермабіль

120
Лукашэнка запатрабаваў стварыць электрычны супермабіль
ФОТА: BELTA.BY

Дыктатар прызнаўся, што аўтамабілі - ягоная даўняя слабасць.

Развіццю беларускага аўтамабілебудавання была прысвечаная нарада ў Лукашэнкі, на якой прысутнічалі ягоныя памочнікі Аляксандр Косінец, міністр прамысловасці Віталь Воўк, старшыня прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў, а таксама непасрэдныя распрацоўнікі айчынных электракараў, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Лукашэнка падкрэсліў, што ўвесь свет сёння развівае кірунак электрамабіляў, у тым ліку Вялікабрытанія, Нямеччына і ЗША. "Свет развіваецца ў гэтым кірунку. Амерыканцы стварылі супераўтамабіль. Малайцы! Tesla стварыла выдатны аўтамабіль", - заўважыў дыктатар.

Электрамабіль Tesla яму далі для тэставання, і Лукашэнка вельмі высока ацаніў яго тэхнічныя характарыстыкі і дынаміку. "Хуткасць набірае, што ўсе нашы нямецкія тэставыя аўтамабілі на рухавіках унутранага згарання засталіся імгненна ззаду і здагнаць не здолелі. Стартуе ён, як касмічны карабель, і яшчэ больш магутны. За дзве з паловай секунды - 100 км. Але мяне цікавіла, як ён трымае дарогу, - ідэальна", - адзначыў Лукашэнка.

Са слоў дыктатара, гэты аўтамабіль айчынным распрацоўнікам можна выкарыстоўваць у якасці ўзору, да якога трэба імкнуцца. Ён таксама адзначыў, што падрабязна азнаёміўся і з нядаўна створаным беларускім электракарам на базе Geely. "Я з ім уважліва азнаёміўся, паглядзеў усе вашыя дэталі. Не ведаю, наколькі высокі ўзровень рухавіка, які вы стварылі, хадавая частка і гэтак далей, але выглядае вонкава прыстойна", - сказаў правадыр. Разам з тым ён падкрэсліў, што да ўзроўню Tesla яшчэ, вядома, далёка і неабходна далейшая тэхнічная праца ў гэтым кірунку.

"Але вашы абяцанні мяне натхняюць і, з другога боку, насцярожваюць. Калі мы можам стварыць і батарэю-назапашвальнік электраэнергіі - найлепшую ў свеце, чаму мы не ствараем? Што для гэтага трэба? Людзі, грошы, кампетэнцыі? Неадкладна трэба гэта рэалізоўваць", - заявіў Лукашэнка.

Дыктатар не пасаромеўся даць некаторыя практычныя рэкамендацыі. "Батарэя - адзін з асноўных элементаў. Не трэба яе засоўваць у багажнік. Як вы ўбачылі, яе паклалі на дно ў Tesla, і яна, як я зразумеў, нават утрымлівае на высокай хуткасці аўтамабіль, балансуе рух. Таму і нам гэтым шляхам трэба пайсці , - сказаў на заканчэнне Лукашэнка. - Галоўнае - стварыць добры рухавік. Аснова ў вас ёсць. Таму мэта сённяшняй гутаркі - я вам паказаў аўтамабіль. Вывучыце, паглядзіце. Гэта найлепшае, што ёсць".

"Гэта будучыня, мы не можам адстаць. Мы не можам пры нашай кампетэнцыі, пры такой навуцы плесціся ў хвасце, - падкрэсліў правадыр. - Ніхто паслязаўтра, у найбліжэйшай будучыні не будзе купляць масава так, як гэта было раней, аўтамабілі з рухавіком унутранага згарання. Параўнайце гэты аўтамабіль з тым, які мы стварылі, і імкніцеся да гэтага".

Лукашэнка адзначыў, што наогул цікавіцца навінкамі сусветнага аўтапраму, у тым ліку ў сферы электрычнага аўтамабілебудавання. "Гэта не першае маё знаёмства з такімі аўто. Я ведаю, Mitsubishi стварылі ў свой час. Горшую, магчыма. Потым BMW - добры, вельмі вёрткі, хуткі, меншых памераў. І вось трэці аўтамабіль, які мне даводзіцца тэставаць. Я вам раскрываю усе мае карты: з даўніх часоў аўтамабілі - гэта маё хобі, я сачу за развіццём гэтай галіны", - прызнаўся дыктатар.

Паводле ягоных слоў, лінейка машын Geely з рухавікамі ўнутранага згарання - гэта толькі першая прыступка. "Нам патрэбны электрамабіль. Магчыма, на тым заводзе, магчыма, асобна. Ці будзеце вы з амерыканцамі, з немцамі або з ангельцамі яго ствараць - вашая справа. Вы павінны мне найбліжэйшым час унесці прапановы", - даручыў дыктатар.

Падчас сустрэчы Лукашэнка звярнуў увагу і на неабходнасць развіцця іншых тыпаў электрычнага транспарту, у тым ліку ровараў, матацыклаў і скутараў. "У нас гэта прадпрыемства ёсць. Вы можаце гэта ўжо рабіць, гэта трэба хутчэй запускаць. Для вёскі - адзін варыянт, для горада - іншы. Мы падумаем, як вас падтрымаць потым у вытворчасці, каб гэта было даступна для людзей. Трэба пераходзіць на электрычнасць. Мы ўжо спазняемся. Падключайце ўсіх і пачынайце працаваць, што не атрымліваецца - паведамляйце", - рэзюмаваў дыктатар.

Напісаць каментар 120

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках