Лукашэнка: Нам патрэбныя суперкамбайн, супераўтамабіль і супертрактар
69- 1.09.2017, 11:23
- 38,258
Беларуская адукацыя павінна працаваць на стварэнне гэтых «цудаў».
Пра гэта Лукашэнка заявіў сёння падчас наведвання Менскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя акадэміка М.С. Высоцкага, паведамляе БелТА.
«Я ўжо казаў пра гэта на нядаўняй педагагічнай нарадзе і паўтару яшчэ раз: адукацыя павінна арыентавацца на патрэбы эканомікі. Трэба рыхтаваць тых спецыялістаў, якія сёння запатрабаваныя ў нашым жыцці. Дасягнуць поспеху ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі наша краіна зможа толькі сканцэнтраваўшы ўвесь інтэлектуальны рэсурс на стварэнні высокатэхналагічных, навукаёмістых прадпрыемстваў і інавацыйных галін», - перакананы Лукашэнка.
Са слоў правадыра, жыццёва патрэбна забяспечыць кваліфікаванымі работнікамі такія сферы, як будаўніцтва, пераапрацоўчая прамысловасць і машынабудаванне. «Гэта перспектыўныя галіны, і мы будзем іх развіваць, а значыць, і вы будзеце запатрабаваныя. Прычым нам патрэбныя не проста рабочыя рукі, нам патрэбныя майстры сваёй справы, якія сваімі рукамі будуць ствараць дэталі, вузлы, механізмы - канкурэнтаздольныя тавары заўтрашняга дня», - звярнуў увагу дыктатар.
Лукашэнка расказаў, што нядаўна пазнаёміўся з новым камбайнам «Палессе». «Добрая тэхніка, нічым не саступае імпартным аналагам. Але нам трэба, каб яна не проста не саступала, а пераўзыходзіла тэхніку нашых канкурэнтаў. Суперкамбайн! А таксама супергрузавік, трактар, электрамабіль, пры тым самыя сучасныя. Ідэі і напрацоўкі ў нашых канструктараў ёсць, але, каб яны набылі рэальныя абрысы, патрэбныя пісьменныя рабочыя, людзі, адданыя сваёй справе», - канстатаваў ён.
У падрыхтоўцы такіх кадраў вядучая роля адводзіцца прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. «Мы разглядаем яе як школу фармавання прафесіянала, грамадзяніна, патрыёта. Бо працоўны чалавек, як ніхто іншы, шануе дасягненні свайго калектыву, прадпрыемства, сваёй краіны. Шануе мір і дабрабыт. Таму што гэта рабочы чалавек, ён не бандыт, і яму патрэбныя мір і спакой для таго, каб працаваць. Ён кожны дзень укладвае майстэрства, талент і душу ў стварэнне нацыянальнага багацця. Упэўнены, што і вашыя здольнасці, упартасць і мэтанакіраванасць будуць накіраваныя на стварэнне», - заявіў дыктатар.