24 красавiка 2024, Серада, 16:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аптымізацыя па-беларуску

11
Аптымізацыя па-беларуску

Як у Маладзечанскім райвыканкаме паменшылі колькасць дзяржаўных службоўцаў.

З пачатку года Лукашэнка даў ураду даручэнне - аптымізаваць сістэму органаў дзяржаўнага кіравання.

Як праходзіць гэты працэс у Маладзечанскім раённым выканаўчым камітэце і які партрэт дзяржслужбоўцы, kraj.by распавяла начальніца аддзела арганізацыйна-кадравай работы Таццяна Шафаловіч.

Пераразмеркавалі пасады, пенсіянераў адправілі на заслужаны адпачынак

Са слоў нашай суразмоўніцы, праводзіць аптымізацыю было наважана ў двух кірунках. У першую чаргу, колькасць супрацоўнікаў паменшылі за кошт перадачы і аб'яднання дублюючых функцый, пераразмеркавання пасад, невялікай змены структуры.

- У выніку гэтых дзеянняў колькасць работнікаў у нас скарацілася на 15%. Больш за тое, мы паменшылі колькасць людзей пенсійнага ўзросту з 13% да 3,5%. З іх хтосьці сышоў у адстаўку, - адзначыла Таццяна Шафаловіч, - хтосьці - па пагадненні бакоў.

Змена статусу: з дзяржслужбоўца - у абслугоўваючы апарат

- 18% нашых работнікаў былі выведзеныя з катэгорыі дзяржслужбы. Гэта значыць, што замест дзяржаўна-ўладных функцый на іх ўсклалі функцыі па забеспячэнні дзейнасці і тэхнічнаму абслугоўванню райвыканкама. Людзям прапанавалі перайсці ў іншую катэгорыю, але яны мелі права адмовіцца і звольніцца ў сувязі са зменай істотных умоў працы. Так зрабілі чатыры чалавекі. Пры гэтым усе яны зараз працаўладкаваныя.

Новыя прызначэнні: хто сышоў і хто прыйшоў?

У жніўні ў сувязі са сканчэннем кантракта з пасады намесніка старшыні Маладзечанскага райвыканкама архітэктуры і будаўніцтва сышоў Вадзім Цар. Цяпер яго функцыю выконвае намеснік старшыні райвыканкам, які курыруе пытанні жыллёвай і камунальнай гаспадаркі Алег Хлебавец.

- Гэта не значыць, што аддзелы аб'ядналі, - падкрэсліла Таццяна Шафаловіч. - У нас пакуль адкрыта вакансія намесніка старшыні па будаўніцтве. Але так як пытанні будаўніцтва, архітэктуры і землекарыстання адны з самых надзённых для жыхароў раёна, я б хацела, каб людзі ведалі, да каго звяртацца. Гэтыя паўнамоцтвы перададзены Алегу Хлебаўцу. І так будзе датуль, пакуль не ўмацуецца структура райвыканкама.

Са жніўня, паводле інфармацыі начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама, змяніўся начальнік упраўлення справамі райвыканкама. На месца Уладзіміра Камароўскага, які стаў начальнікам іншага аддзела, прыйшла Анжэла Дрозд.

У сувязі з аптымізацыяй змяніўся намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама. Ім стаў Славамір Зубрыцкі, які раней быў спецыялістам у гэтым жа аддзеле.

Ва ўпраўленні працы змяніўся ўвесь склад работнікаў за выключэннем аднаго намесніка. Узначаліла кіраванне Алена Барада. Намеснікам у пытаннях пенсійнага і матэрыяльна-бытавога забеспячэння стала Людміла Пажарыцкая, пытанні працоўных стасункаў цяпер курыруе Людміла Місуна.

Кадравыя перастаноўкі закранулі і сельскія выканаўчыя камітэты. Старшыні Чысцінскага сельсавета Анатоль Пяцюшык і Лебедзеўскага сельсавета Леанід Семашкевіч дасягнулі пенсіённага ўзросту і па праве дзяржслужбоўца сышлі ў адстаўку. На іх месца пакуль прызначылі выканаўцаў абавязкаў - былога дырэктара гандлёвага дома «Забудова» Паўла Філістовіча і былую загадчыцу сектарам у аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Тамару Дудзіч.

- Старшыні ў нас абіраюцца, таму па законе да выбараў мясцовых «Саветаў дэпутатаў», якія пройдуць у лютым наступнага года, яны будуць выконваць абавязкі, - адзначыла суразмоўца.

Партрэт дзяржаўнага службоўца: адукацыя, узрост, пол

Са слоў Таццяны Шафаловіч, пасля аптымізацыі калектыў Маладзечанскага райвыканкама амаладзіўся. Толькі 3% (а гэта шэсць чалавек) ад агульнай колькасці супрацоўнікаў складаюць людзі пенсійнага ўзросту.

Большасць супрацоўнікаў Маладзечанскага райвыканкама - гэта жанчыны. Сярэдні ўзрост чыноўніка - 40 гадоў. Самому маладому работніку райвыканкама - 26 гадоў.

- Усе нашы работнікі маюць вышэйшую адукацыю ў адпаведнасці з пасадамі, многія прайшлі павышэнне кваліфікацыі ў Акадэміі кіравання пры Лукашэнку, - удакладніла Таццяна Шафаловіч.

Яна таксама падкрэсліла: аптымізацыя - не разавае мерапрыемства. Працэс запусцілі яшчэ ўзімку 2017-га і плануецца, што ён будзе доўжыцца да канца гэтага года.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках