29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пайшоў з жыцця заснавальнік «Славянскага базару ў Віцебску»

Пайшоў з жыцця заснавальнік «Славянскага базару ў Віцебску»
Радзівон Бас

Радзівон Бас кіраваў фестывалем 21 год.

На 65 годзе жыцця, пасля некалькіх гадоў барацьбы з цяжкай хваробай, памёр заснавальнік і шматгадовы кіраўнік фестывалю «Славянскі базар у Віцебску», Ганаровы грамадзянін горада Віцебск, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Радзівон Бас.

Пра смерць Радзівона Баса 10 верасня а 02:19 паводле менскага часу паведаміла ў Facebook ягоная жонка Вольга Сальнікава, паведамляе vitebsk.cc.

Радзівон Бас нарадзіўся ў Віцебску 29 лістапада 1952 года ў сям'і слесара швейнай фабрыкі і настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. Ён скончыў хіміка-біялагічны факультэт Віцебскага педінстытута, але, як сам прызнаваўся журналістам, у ВНУ больш займаўся культурна-масавай працай, чым вучобай.

З Віцебскім гарадскім Домам культуры ён пачаў супрацоўнічаць з 1973 года, а ў 1976 годзе, пакінуўшы месца ў школе, перайшоў у ДК на пастаянную працу. З 1977 году Бас стаў арганізоўваць у абласным цэнтры розныя фестывалі і конкурсы: конкурс эстраднай песні і музыкі «Чырвоны гваздзік» - 1977-1982; конкурс бальнага танца «Вясновы баль» - 1978 год; фестываль інструментальнай музыкі "Віцебская восень» - 1979-1980 гады, які потым ператварыўся ў фестываль джазавай музыкі «Віцебская восень», які праходзіў у 1981-1989 гадах. У 1981 году Радзівон Бас стаў кіраўніком Гарадскога цэнтра культуры, змяніўшы на гэтай пасадзе Ірыну Козіну.

У 1983 годзе, дзякуючы Басу ў Віцебску з'явіўся Міжнародны фестываль дыксіленда «Парад дыксіленда», які праіснаваў да 1993 года. Таксама некалькі разоў праводзіліся гарадскія конкурсы прыгажосці "Віцебская прыгажуня» - у 1989 і 1996-1998 гадах. З 1988 да 1990 года Радзівон Бас быў дырэктарам Усесаюзнага фестывалю Польскай песні.

Нарэшце ў 1991 годзе ён стаў ініцыятарам арганізацыі і правядзення ў Віцебску ў Летнім амфітэатры музычнага фэсту «Славянскі базар», а з 1992 года стаў яго дырэктарам. З 1998 года фестываль стаў называцца «Славянскі базар у Віцебску».

Радзівон Міхайлавіч кіраваў «Славянскім базарам» дваццаць адзін год - да пачатку 2013 года, калі ён напісаў заяву з просьбай звольніць яго па ўласным жаданні з 13 красавіка. Абставіны гэтага звальнення дагэтуль да канца не вызначаны.

У тым жа годзе праз ускладненне цукровага дыябету Басу ампутавалі нагу, рэзка пачаў пагаршацца зрок. У 2017 годзе ён страціў другую нагу, яго стан моцна пагоршыўся.

Радзівон Бас быў удастоены мноства ўзнагарод Беларусі, Расеі, муніцыпальных і грамадскіх структур. Ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь» было прысвоена яму ў 2002 годзе, а ў 2011 годзе ён стаў Ганаровым грамадзянінам горада Віцебска.

Журналісты памятаюць Радзівона Міхайлавіча як аднаго з нешматлікіх віцебскіх кіраўнікоў, які ўмеў і, напэўна, любіў мець зносіны з журналістамі. З прэс-канферэнцый з Баса ніхто не сыходзіў пакрыўджаным.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках