20 красавiка 2024, Субота, 4:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Куды сыходзяць грошы беларусаў?

32
Куды сыходзяць грошы беларусаў?

Відавочна, што Лукашэнка плаціць «даніну Ардзе».

На нарадзе з кіраўніцтвам галоўных сілавых структур Лукашэнка нагадаў, што ўжо даручаў генеральнаму пракурору арганізаваць працу ў спагнанні пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці замежных партнёраў перад беларускімі суб'ектамі гаспадарання. Але, калі меркаваць з ягоных слоў, даручэнне засталося нявыкананым: «Мы сёння бярэм крэдыты пад пэўныя адсоткі, а нямала соцень мільёнаў даляраў боўтаецца за межамі краіны - неаплачаных за пастаўленыя тавары і паслугі».

«У гэтай сувязі ўзнікаюць пытанні. Чаму даручэнне не выкананае? Хто вінаваты? Што трэба зрабіць? Ці можна наогул нешта зрабіць?», - піша для выдання «Наше Мнение» вядомы беларускі журналіст Кастусь Скуратовіч.

Спецыялісты раяць пры ўзгадненні ўмоў угоды ўключаць у дамовы папярэднюю аплату, пажадана стоадсоткавую. На практыцы гэта зрабіць немагчыма. Напрыклад, нельга патрабаваць поўнай папярэдняй аплаты ад партнёра, з якім збіраюцца наладзіць доўгатэрміновае і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Асабліва, калі прапануюцца прадукцыя і паслугі пры наяўнасці на рынку канкурэнтаў-прадаўцоў, якія не будуць намагаць на папярэдняй аплаце.

«Увогуле, існуе мноства нюансаў, якія могуць сарваць самую выгадную ўгоду. Напрыклад, контрагент, пагадзіўшыся аплаціць тавар толькі па факце яго пастаўкі, прыняўшы яго, адмаўляецца аплачваць на розныя прычыны або, як гэта бывае, проста знікае з даступнай для пастаўшчыка эканамічнай і юрыдычнай прасторы. Апраўдваючыся пры гэтым: нічога асабістага, проста бізнэс!», - адзначае журналіст.

Але дзіўна, што Лукашэнка заўсёды з нейкай прычыны абураецца ростам пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці, але пазбягае ўзгадваць пратэрмінаваную крэдыторскую запазычанасць (запазычанасць арганізацый Беларусі), якая для сваіх контрагентаў з'яўляецца дэбіторскай. І калі паглядзець на статыстыку, то выявіцца, што партнёры па бізнэсу дэманструюць роўнае стаўленне да сваіх абавязкаў. Так, на 1 ліпеня 2017 года пратэрмінаваная запазычанасць беларускіх арганізацый (крэдыторская) склала BYN977,3 млн, а запазычанасць замежных арганізацый (дэбіторская) - BYN974,3 млн.

Зразумела, статыстычныя звесткі характарызуюць агульны стан праблемы (у партнёрскія дачыненні ўступаюць канкрэтныя суб'екты эканомікі, дзе здараецца ўсякае), таму можна сказаць пра контрагентаў, што яны ўслаўляюць і Хрыста, і мамону, - у залежнасці ад існых абставін. Напрыклад, пратэрмінаваная запазычанасць беларускіх арганізацый партнёрам у СНД складае BYN323,2 млн, а тыя завінаваціліся беларусам - BYN 554,9 млн. У 1,7 разы больш. Але сярод усіх вылучаюцца хаўруснікі ў мытным саюзе. Беларускія фірмы завінаваціліся казахам BYN3,9 млн, а тыя пратэрмінавалі аплату беларускіх тавараў на BYN55 млн. Аналагічна на адзінай эканамічнай прасторы паводзіць сябе Расея. Суб'екты яе эканомікі завінаваціліся беларускім арганізацыям за тавары і паслугі BYN425 млн. Беларусы спрабуюць даць ім адэкватны адказ, але здолелі адмовіцца ад своечасовай аплаты іх тавараў толькі на BYN281,8 млн.

Роўна выстройваюцца партнёрскія стасункі з украінскімі фірмамі. Тут за паўгоддзе дэбіторская запазычанасць беларускім арганізацыям склала BYN22,7 млн, а беларусы пратэрмінавалі сваю пазыку на BYN24,4 млн. Хочацца сказаць: вайна ва Украіне ідзе, і яна патрабуе большай адказнасці.

«А расейцы з аплатай беларускай прадукцыі не спяшаюцца. І поўнай папярэдняй аплаты ад іх не запатрабуеш, і не прымусіш плаціць своечасова. Паколькі гэта самы вялікі і фактычна адзіны наш пакупнік, які можа наогул адмовіцца купляць нашу прадукцыю», - адзначае Канстанцін Скуратовіч.

Агулам, на падставе выкладзеных у артыкуле звестак, ствараецца ўражанне, што беларускі дыктатар проста плаціць «ясак ў Арду», а грошы і праца беларусаў сыходзяць у бязмежныя прасторы ўсходняга суседа.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках