19 сакавiка 2024, aўторак, 13:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: Эпоха свабоды набліжаецца

38
Яўген Афнагель: Эпоха свабоды набліжаецца

Беларусь уступіла ў абсяг незваротных перамен.

Кожнаму часу, кожнай вялікай ініцыятыве патрэбны сігнал аб тым, што намаганні энтузіястаў не зніклі дарма і яны знаходзяцца на правільным шляху. Аб тым, што мы сапраўды знаходзімся ў пункце незваротных перамен, у інтэрв'ю Charter97.org распавёў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель.

- У канцы тыдня вы патрапілі «з карабля на баль» – з Акцыі папярэджання ў Менску на фэст у Лідзе. Было адчуванне імклівай змены асяроддзя? Ці наадварот – пачуццё пераемнасці гэтых падзей?

- Пераемнасць паміж Менскам 8 верасня і Лідай 9 верасня – гэта вельмі мякка сказана. Я б сказаў, што ў Лідзе не проста працягвалася дэманстрацыя беларускага духа і беларускага патрыятызму, а сапраўднае святкаванне перамогі пад Воршай.

Мы з сябрамі прыехалі ў Ліду яшчэ раніцай і першае, чым сустрэў горад – гэта бел-чырвона-белыя сцягі. Людзі проста насілі іх на плячах, многія хадзілі ў футболках з «Пагоняй» і нацыянальнай сімволікай.

З розных лакальных сцэн, якія былі раскіданыя па месце, можна было пачуць песні «Брута», «Ляпісаў», Лявона Вольскага.

У Лідзе ў той дзень мы сустрэлі знаёмых і сяброў, якія раней бралі ўдзел у акцыях апазіцыі і цяпер не змянілі сваіх поглядаў. Яны падыходзілі, віталіся, віншавалі нас і адзін аднаго са святам – Днём беларускай вайсковай славы. Узнікала адчуванне, што мы ўсе зноў сабраліся разам, каб скончыць некалі пачатую грандыёзную справу.

Так ужо выйшла, што фэст у Лідзе стаў заканамерным працягам Акцыі папярэджання 8 верасня ў Менску і кульмінацыяй святкавання нашай перамогі пад Воршай.

- Як моладзевы лідар, а потым і каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Вы ўжо не раз бывалі ў Лідзе. Можна сказаць аб тым, што ў самой атмасфэры масавай дзеі з'явіліся нейкія важныя змены?

- Па-першае, Ліда заўсёды славілася сваім вальналюбствам і сваёй еўрапейскасцю. Не дарма яе жартам назвалі сталіцай Вяйшнорыі.

Гэтым разам мяне ўзрадавалі і прыемна здзівілі некалькі рэчаў.

Першае – гэта агульная атмасфэра вольнасці. Хачу параўнаць убачанае ў Лідзе з тым, што адбывалася ў той жа час у Менску, дзе адзначаўся «дзень горада». Туды трапілі некаторыя мае знаёмыя, і сітуацыя там была зусім іншая. У цэнтры Менска была вялікая колькасць міліцыі, шмат людзей прыйшло на дзень горада таму, што наогул больш не было куды ісці. Не было таго адчування вольнасці, якое панавала ў Лідзе.

Другое – гэта тысячы і нават дзясяткі тысяч чалавек, якія скандавалі «Жыве Беларусь!» ды іншыя патрыятычныя лозунгі. Гэтая сціжма людзей не баялася падыходзіць да людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі, вітацца з імі, віншаваць са святам вайсковай славы. І калі саміх нацыянальных сцягоў было, можа, і не так шмат, як на акцыях апазіцыі, колькасць людзей, якія іх падтрымлівалі і ўхвалялі – гэта, мабыць, усе 100% удзельнікаў фэсту. У той дзень у Лідзе не было ні расейскай, ні прарасейскай, ні афіцыйнай, ні БРСМ-сімволікі – толькі нацыянальная, бел-чырвона-белая. Гэта быў фэст Свабоды, фэст іншай Беларусі, краіны нашай будучыні. Эпоха Свабоды 9 верасня як бы падала нам знак: яна набліжаецца.

Яшчэ адзін важны момант: не было ніводнага чалавека, які б паказаў негатыўнае стаўленне да беларускай нацыянальнай сімволікі або да патрыятычных лозунгаў. Проста ніводнага. Такое я ўбачыў, напэўна, першы раз за ўсю гісторыю масавых акцый.

- Расея перакінула ў Беларусь свае войскі на вучэнні «Захад-2017», а беларусы адказалі 100-тысячным фэстам пад бел-чырвона-белымі сцягамі, з песнямі Вольскага і Вакарчука. Аб чым кажа гэты факт?

- Дзясяткі тысяч чалавек, які віталі нашы нацыянальныя сцягі і скандавалі патрыятычныя лозунгі – гэта самы лепшы адказ тым, хто спадзяецца знішчыць нашу краіну і разлічвае на тое, што беларусы сустрэнуць з абдымкамі войскі іншай дзяржавы. Тым, каму косткай у горле засела наша незалежнасць.

За апошнія гады колькасць людзей, якое сустракаецца на вуліцах гарадоў з нацыянальнай сімволікай ці гаворыць па-беларуску, выяўна паказвае: прыхільнікаў незалежнай, свабоднай, еўрапейскай Беларусі стала ў разы больш, гэты працэс ужо незваротны.

Я ўпэўнены, што гэтыя людзі яшчэ скажуць сваё слова на вуліцах і плошчах нашых местаў і рана ці позна возьмуць уладу ў краіне ў свае рукі.

- Вы згадалі вядомы апошнім часам жарт, ці не зусім жарт, пра Ліду як сталіцу Вяйшнорыі... Калі нарэшце Вяйшнорыя стане памерам з усю Беларусь?

- Вяйшнорыя і Беларусь у маім разуменні – гэта ўжо ідэнтычныя памерам абшары. Я ўпэўнены, што колькасць патрыётаў Беларусі ў Магілёве, Гомелі, Віцебску – не меншая, чым у Берасці або Гародні.

Тое, што беларусы так адрэагавалі на ідыёцкую задумку расейскіх вайскоўцаў, якія выдумалі гэты тэрмін і прывязалі яго да канкрэтнай тэрыторыі – гэта паказала, што, па-першае, людзі смяюцца з аўтараў плана вучэнняў «Захад-2017». А па-другое, Вяйшнорыя стала выяўленнем мары аб іншай Беларусі – вольнай, еўрапейскай, дэмакратычнай, беларускай Беларусі.

Я ўпэўнены, што найбліжэйшым часам гэтая мара будзе ажыццёўленая. І ажыццяўляць яе будуць у тым ліку тыя дзясяткі тысяч маладых людзей, якія былі ў Лідзе і на іншых акцыях, дзе ўзнімаюцца бел-чырвона-белыя сцягі і гучыць «Жыве Беларусь!». Якія выходзяць на вуліцы гарадоў у абарону незалежнасці або супраць неразумнай палітыкі ўлады.

Упэўнены, што гэты час надыдзе неўзабаве, і фэст у Лідзе паказаў нам гэта.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках