29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лікёра-гарэлачны завод у Клімавічах абвясцў сябе банкрутам

23
Лікёра-гарэлачны завод у Клімавічах абвясцў сябе банкрутам

Плойма гатовых пратэставаць беларусаў у рэгіёнах папоўнілася новымі «навабранцамі».

Яшчэ больш беспрацоўных у правінцыі: клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод стаміўся змагацца за выжыванне і падаў заяву аб банкруцтве. Магілеўскі абласны суд пачаў разглядаць справу на мінулым тыдні, але ніякай інфармацыі пра вынікі пакуль няма – кіраўніцтва заводу каментаваць сітуацыю адмаўляецца, паведамляе «Белсат».

Мясцовыя: бывала, рабілі на заводзе і ў тры змены, нават уначы

Цяпер жа прадпрыемства працуе са стратамі, а спробы ўратаваць сітуацыю не прынеслі выніку.

Два гады таму клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод трапіў пад крыло алкагольнага холдынгу «Менск Крышталь груп», якім кіруе кампанія «Менск Крышталь». Указ аб стварэнні холдынгу падпісаў Лукашэнка – маўляў, гэта аптымізуе рынак айчыннага алкаголю і дапаможа прасоўваць яго за мяжою.

Аднак за апошнія гады клімавіцкі лікёра-гарэлачны атачалі пераважна кепскія навіны: працаўнікоў скарачалі, затрымлівалі заробкі, прадпрыемства нават трапіла на газетныя палосы праз скандал з новай італьянскай лініяй: на яе выдаткавалі немалыя грошы, але яна доўга стаяла без справы.

«Цяжар набраных крэдытаў цягне прадпрыемства на дно. Дырэктар жа Белапану сказаў – мы не можам нават падаткі плаціць», – тлумачыць незалежны журналіст Сяржук Аржанцаў.

Працу знайсці амаль немагчыма

Калі лікёра-гарэлачны завод усе ж прызнаюць банкрутам і зачыняць, у Клімавічах з’явіцца больш як паўтысячы беспрацоўных, а знайсці іншае месца ў горадзе ці хаця б у раёне – выпрабаванне не з простых.

«Горад ніяк не развіваецца, калі шчыра. Усё ў заняпадзе, беспрацоўе, паўсюль скарачаюць. Усе калгасы стаяць, працы нідзе няма, гэта я вам кажу як ёсць, шукаю трэці месяц – завуць у Расею. У Расею не хачу, хачу працаваць удома. Пайшоў у калгас клімавіцкі – ніхто нідзе не бярэ».

«ЛВЗ, кажуць, банкрут. Увогуле ў будучыні, хутчэй за ўсе, калі ён збанкрутуе, не ведаю, як і за што мы будзем жыць тут, у Клімавічах».

– даводзяць мясцовыя жыхары.

Па раёне пракацілася хваля скарачэнняў і ліквідацыяў прадпрыемстваў

Гэтак, зачынілі жыллёва-камунальнае прадпрыемства са штатам 200 чалавек, на Міхалінскім спіртовым заводзе замест сотні працаўнікоў застаўся адзін – ахоўнік.

Паводле апошняга перапісу, у Клімавічах жывуць 16,5 тысячаў чалавек, а з буйных прадпрыемстваў, апроч лікёра-гарэлачнага, засталіся заводы вапны і хлебны. Але мясцовыя кажуць, што і там масава скарачаюць людзей, а сярэдні заробак вагаецца ад Br 250 да Br 500.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках