16 красавiка 2024, aўторак, 13:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калі да вас прыйшоў прафзвяз РЭП - адразу здавайцеся!

1
Калі да вас прыйшоў прафзвяз РЭП - адразу здавайцеся!
Юры Белякоў

Прафзвязу ўдаецца перамагчы ў большасці спраў у абароне правоў працоўных.

У траўні гэтага года юрыст прафзвязу РЭП Юры Белякоў перамог у справе, прадстаўляючы інтарэсы сябра прафзвязу РЭП. Павел Спецыян, цясляр-бетоншчык, з-за таго, што наймальнік ТАА «Гарант» плаціў яму заробак з затрымкай, надумаў звольніцца паводле 41 артыкула Працоўнага кодэкса: «На патрабаванне работніка». Наймальнік паводле гэтага артыкула павінен быў выплаціць работніку дапамогу з прычыны выхаду. Аднак наймальнік адмовіўся звальняць работніка на ягонае патрабаванне і ўпісаў у працоўную кніжку Паўла Спецыяна артыкул 35. Вось у гэтай працоўнай спрэчцы і прадстаўляў інтарэсы работніка Юрый Белякоў. Суд абавязаў адказчыка звольніць яго паводле артыкула 41 Працоўнага кодэкса, спагнаць з адказчыка заробак, канчатковы разлік і трохразовы сярэдні заробак пры звальненні. Сума выплат склала прыкладна 2 700 рублёў (пасля дэнамінацыі).

Аднак пасля пастановы суда Паўла Спецыяна і Юрыя Белякова чакалі яшчэ некалькі пазоўных заяў і судоў.

Юрый Белякоў распавёў praca-by.info, як наймальнік ТАА «Гарант якасці» пайшоў па шляху найбольшага супраціву ў працоўнай спрэчцы з былым работнікам:

- Пакуль ішлі ўсе суды, Спецыян быў на лістку непрацаздольнасці. А паводле працоўнага заканадаўства, лісток непрацаздольнасці аплачвае апошні наймальнік. Але спроба Паўла аднесці лісток юрысту «Гаранта якасці», яна ж - кадравік, справа скончылася бойкай з мужам юрысткі-кадравіка. Паўлу Спецыяну зламалі нос, ён нават пасля страчваў прытомнасць. Ён выклікаў міліцыю. А юрыст «Гаранта якасці» таксама напісала заяву ў міліцыю пра тое, што Павал Спецыян нанёс ёй цялесныя пашкоджанні. У выніку Спецыян паводле пастановы суда Цэнтральнага раёна Менска выплаціў штраф у суме дзесяці базавых адзінак.

Але Павел Спецыян катэгарычна не пагадзіўся з тым, што ў бойцы была ягоная віна. На падставе пратаколаў, складзеных міліцыяй, ён падаў заяву аб распачынанні крымінальнай справы супраць чалавека, які зламаў яму нос:

- Было ўжо два судовыя пасяджэнні, - распавядае Юрый Белякоў. - Я ўдзельнічаў у іх як прадстаўнік Паўла Спецыяна. Менскі гарадскі суд скасаваў пастанову Цэнтральнага суда, паводле якой Спецыян быў аштрафаваны. Цяпер мы збіраемся напісаць пазоў і спагнаць грошы з дзяржавы за тое, што яго незаконна прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Таксама напішам скаргу на суддзю Цэнтральнага суду і на ўчастковага.

Аднак самым характэрным у справе Спецыяна Юрый Белякоў бачыць не гэта:

- Амаль паўгода прайшло з таго моманту, калі суд абавязаў звольніць Спецыяна паводле 41 артыкула і выплаціць яму кампенсацыю. І дагэтуль - да верасня! - юрыст «Гаранта якасці» не выканала пастанову суда! У працоўнай кніжцы дагэтуль - 35 артыкул. Хутка будзе разглядацца другі пазоў, згодна з другім фірма перанясе даты звальнення на дзень вынясення пастановы суда і аплаціць яму вымушаны прагул. Мала таго: аплаціць яшчэ і маральную шкоду за тое, што артыкул у працоўнай кніжцы напісалі няправільна.

Юрый Белякоў мяркуе, што такія паводзіны наймальніка - нерацыянальна:

- Наймальнік павінен пралічваць свае выдаткі! А ён наадварот ідзе па шляху найбольшага супраціву. Чаму з траўня да верасня не выкананая пастанова суда? Бо будзе другі пазоў, і па ім таксама - выплаты, і немаленькія. Звяртаюся да ўсіх наймальнікаў: калі вы парушылі працоўнае заканадаўства і да вас прыйшоў прафзвяз РЭП - адразу здавайцеся! Плаціце грошы, якія вінныя работніку, і на гэтым усё скончыцца. А супраціў законным пастановам будзе біць наймальніка па кішэні, прычым вельмі моцна.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках