19 красавiка 2024, Пятніца, 1:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дайце грошы!»

37
«Дайце грошы!»

Беларускія ўлады хочуць «раскулачыць» кожнага.

Ва ўсёй краіне сёння ідуць затрымкі заробкаў, масавыя скарачэнні, перавод прадпрыемстваў на няпоўны працоўны тыдзень. І адначасова - бесперапынны рост коштаў спажывецкіх тавараў і тарыфаў ЖКГ. Пра настроі людзей у рэгіёнах распавёў у інтэрв'ю Charter97.org аўтар відэаблога «Народны рэпарцёр» з Берасця Сяргей Пятрухін.

- Недалёка ад Берасця, у Івацэвічах, будуюць льготнае жыллё старшыні райвыканкама, а не шматдзетным сем'ям. Вы чулі пра гэта?

- Такая праява беззаконня ад уладаў у нашай краіне - ужо даўно не навіна. Чыноўнікі будуюцца паўсюдна. Я дакладна ведаю, што старшыня выканкаму ў Івацэвічах будуе сабе жыллё, хоць у яго ўжо ёсць службовае.

А з нагоды шматдзетных сем'яў хачу сказаць: гэта ўжо даўно не льготная катэгорыя насельніцтва. Хутчэй - наадварот. Гэта цяпер людзі, да якіх найперш прыходзяць адключаць электрычнасць ці прыцягваць да адказнасці паводле дэкрэта №18. Ніякага «клопату дзяржавы» пра шматдзетныя сем'і даўно ўжо не засталося.

Для гэтай катэгорыі сем'яў захавалася толькі адная назва з мінулага, а ніякай сацыяльнай палітыкі ўлады і блізка не праводзяць. Я ведаю значна больш выпадкаў, калі шматдзетным сем'ям дапамагалі актывісты, незалежныя блогеры, проста неабыякавыя людзі, але не дзяржава.

- Учора стала вядома, што ў Менску рабочых адпраўляюць у выправу ў Расею, а кампенсацыю за выправу плацяць утрая меншую, чым трэба паводле закона. Ці былі аналагічныя выпадкі ў Берасці?

- У Берасці пра такія выпадкі не чуў, тут не так развітая практыка выпраў у Маскву. Затое квітнее іншая з'ява: проста не плацяць поўны заробак, скарачаюць людзей, якія не падаўжаючы кантракты, пераводзяць прадпрыемства на няпоўны працоўны тыдзень.

Вось гэтага «дабра» стае з гакам, увесь час даводзіцца чуць ад людзей гісторыі пра скарачэнні. Усе прадпрыемствы нават не пералічу, настолькі часта гэта адбываецца. Пачалося ўсё з самых буйных нашых «флагманаў» - завода дываноў, «панчошнага», потым і астатнія «падцягнуліся».

- Людзі апынаюцца на вуліцы або атрымліваюць смешныя грошы за няпоўны працоўны тыдзень, а рахункі ўсё адно трэба аплачваць... Нават больш, чым адразу - бо тарыфы на ЖКГ з верасня паднялі. Як доўга такое будзе прадаўжацца?

- Абурэнне людзей вераснёўскай «камуналкай» пакуль толькі на падыходзе - бо за яе яшчэ не прыйшлі рахункі. А вось што ўжо цяпер вельмі раздражняе народ - гэта непразрыстасць нашай сістэмы ЖКГ. Непразрыстасць - гэта яшчэ мякка кажучы. Вось з нагоды гэтага я вельмі часта чую абурэнне людзей. Немагчыма нічога даведацца: што колькі каштуе, куды колькі мы рэальна плацім.

А рост камунальных паслуг будзе, пакуль ёсць гэтая ўлада і яе «падыходы» да народа. Глядзіце самі: грошай у краіне няма і іх аднекуль трэба браць. Вось і бяруць - усялякімі шляхамі, адусюль, дзе толькі можна. У ход ідуць штрафы, падвышэнне тарыфаў ЖКГ, платныя група прадоўжанага дня ў школах з раніцы. Адусюль, дзе можна нешта выцягнуць - бяруць грошы. Усе льготы ў краіне зрэзаныя, «ільготнікаў» як такіх ужо не засталося. І працягвацца гэта будзе, пакуль «ладзіць баль» гэтая ўлада. І чым далей - тым больш будзе пабораў.

Бо як усё пачыналася? Спачатку пачалі «душыць» тых, хто багацейшы. Потым перакінуліся на тых, хто менш багаты. І так на зніжэнне ўлады дойдуць да кожнага. Ужо дайшлі да многіх! Работы ж няма ў людзей і заробку няма - дык іх запісваюць у «дармаеды» і абкладаюць падаткам.

Пачалі «раскулачваць» прадпрымальнікаў, а калі тыя пазакрываліся або з'ехалі з краіны - спускаліся па сацыяльнай лесвіцы ўсё ніжэй і ніжэй. І вось што мы маем: трэба плаціць у скарбніцу ўжо тым, хто не мае працы, бо што ўлады не ствараюць працоўных месцаў і не прыцягваюць інвестыцыі.

Ды яны і не могуць нічога ствараць, бо падыход у іх адзін: «Дайце грошай!». «Дайце, бо мы хочам гэтак жа добра жыць, як ужо прызвычаіліся. А вы там выжывайце, як у вас атрымаецца», - вось так размаўляе гэтая ўлада з народам.

- Беларускі Нацыянальны Кангрэс абвясціў на 20 кастрычніка «Марш абураных беларусаў 2.0». Ці будуць, на вашую думку, у Берасці такія ж пратэсты, як увесну гэтага года?

- Чакаю, што людзі выйдуць на вуліцы. Гатовы дапамагаць інфармацыйна і здымаць відэа з народнымі пратэстамі. Я ж журналіст.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках