Дурнакіраванне
2- 13.09.2017, 9:41
- 23,087
Выйсце з структурнага крызісу ў рамках існай улады немагчымае.
«Апошнім часам наша ўлада актыўна прэзэнтуе новыя варыянты ў галіне кіравання краінай і эканомікай, якія, на яе думку, маюць кардынальна змяніць да лепшага даволі неспрыяльную эканамічную сітуацыю», - піша Юрый Пшэннік у артыкуле для выдання «Наша меркаванне».
«З гэтай мэтай расхвалілі дакумент аб стварэнні «ІТ-краіны» і нават аб распрыгоньванні бізнэсу загаварылі. Ствараецца ўражанне, што жаданне як-небудзь «абладзіць сітуацыю» шчырае. Вось толькі адысці ад старых падыходаў і метадаў наша ўлада не можа, што называецца, генетычна», - перакананы аўтар артыкула.
Таму ў выніку ўсё роўна выходзіць, што ўтрыманне татальнага кантролю над усім і ўсімі з'яўляецца «фетышам» беларускіх улад. Дзеля гэтага яны ахвочыя ахвяраваць усім іншым, у тым ліку і развіццём краіны, і дабрабытам простых грамадзян. У жніўні кіраўнік дзяржавы, заслухоўваючы даклад аб выкананні даручэнняў аб стымуляванні справовай ініцыятывы, даручыў да кастрычніка падрыхтаваць пакет адпаведных дакументаў. «Да 1 кастрычніка мы павінны выдаць грамадству і прадпрымальнікам гэтыя дакументы», – сказаў Лукашэнка. Разам з тым павысіцца адказнасць прадпрымальнікаў. «Барані бог, пасля першага кастрычніка, калі гэтыя дакументы ўвойдуць у дзеянне, хтосьці дзесьці не так будзе сябе паводзіць – кепска будзе, я вам гарантую», – заявіў правадыр. Ён падкрэсліў, што дзяржава не павінна і не страціць кантроль у эканоміцы. «Людзі нам потым гэтага не даруюць. Калі штосьці здарыцца, спытаюць з нас, з улады, і менш – з бізнэсу», – сказаў беларускі верхавод. Такое вось асаблівае «разняволенне» выходзіць.
Можна таксама ўспомніць аб патрабаванні кіраваць па-сталінску льнаводствам. Наведаўшы ў Аршанскім раёне прадпрыемства «Вусце» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Лукашэнка даў параду Івану Голубу як працаваць з кадрамі: «Ты павінен кіраваць сталінскімі метадамі. Сказаў – зрабілі». Ці сапраўды такая практыка дазваляе эфектыўна кіраваць, ці гэта аўтарытарным кіраўнікам толькі здаецца? Кіраванне ж можна разумець па-рознаму.
«Паглядзім на рэальныя гістарычныя вынікі такога кіравання», - прапануе аўтар артыкула.
Так, у разрэзе сельскай гаспадарак: 4,5 млн чалавек – ахвяры голаду 1921-1922 гадоў, 6, 5 млн чалавек – ахвяры рукатворнага голаду 1933 года, 1,3 млн – ахвяры голаду 1947 года і пасляваеннай барацьбы ўлады з паўстанцамі (звесткі рэсурсу «Праваслаўе і свет»). Гэта пры тым, што нават у перыяды, калі не было голаду, лішку харчоў усё адно не назіралася. Дэфіцыт быў заўсёды. Адсюль пытанне: гэта кіраванне вытворчасцю прадуктаў харчавання або яго поўная страта? Я мяркую, што другое, бо калі людзі паміралі ад голаду ці, як мінімум, недаядалі, то мэты кіравання не былі дасягнуты. З пункту гледжання дыктатара гэта, быць можа, і кіраванне – бо кожны селянін знаходзіцца ў поўнай яго ўладзе. І калі кіраванне і кіравальнасць можна разумець па-рознаму, то наша ўлада разумее яе спрэс па-сталінску. І гэта насцярожвае: выходзіць, што мэта нашай улады – не лён і не хлеб (калі казаць аб сельскай гаспадарцы), а прыгнёт і прымус.
Пагатоў рэальныя вынікі такога кіравання не толькі метадамі, але і вынікамі падобныя. Дзяржаўныя датацыі галіна паглынае як «бяздонная бочка», але вынікамі зусім не вызначаецца, і гэта тычыцца і льнаводства, якое наш правадыр асабіста «адраджае» ўжо два дзясяткі гадоў. Затое старшыняў калгасаў улада можа мяняць як ёй заманецца, можа нават крымінальнікаў, якія «кампенсавалі шкоду» – прычым нават без спецыяльнай адукацыі і досведу – на гэтыя пасады прызначаць. У гэтым мэта, ці ўсё ж у забеспячэнні насельніцтва сельгаспрадукцыяй? Для кагосьці гэта –кіраванне, але, з аб'ектыўнага пункту гледжання, – не, бо забеспячэнню насельніцтва прадукцыяй галіна дае рады, мякка кажучы, дрэнна.
Іншымі словамі, калі разглядаць кіраванне як здольнасць дасягаць публічна агучаных мэтаў, то яго наша ўлада апошнім часам усё больш траціць. Калі ж уважаць за кіраванне здольнасць перашкаджаць людзям дасягаць іхніх мэт, то тады так, тады кіраванне наша ўлада пакуль захоўвае.
Няма ў нас кіравальнасці і паводле іншых крытэраў. Кажуць: «кіраваць - значыць прадбачыць». Але нашы кіраўнікі не прадбачаць наступстваў сваіх пастаноў. Яны практычна ніколі не дзейнічаюць на апярэджанне, галоўным чынам спрабуючы мінімізаваць негатыўныя наступствы. Ці нават не спрабуючы. Напрыклад, дэкрэт супраць «дармаедаў» так і не скасавалі, хоць яго негатыўныя наступствы даўно відавочныя практычна ўсім. Але ж уменне выпраўляць памылкі – таксама прыкмета якаснага кіравання. Ад памылак не засцярожаны ніхто, але пісьменны спецыяліст свае памылкі выпраўляе. А некаторыя ўпарцяцца далей.
Нягледзячы на шматлікія хібы, наша ўлада далей уважае свае пастановы за правільныя і своечасовыя. А няўдачы і хібы – гэта выключна віна нядбайных выканаўцаў. Вось на выканаўцаў і трэба ўзмацняць ціск. Даваць жа ім права прымаць пастановы ў абсягу іхняй кампетэнтнасці ніяк нельга, кіравальнасць страціцца. У рэчаіснасці ж кіраванне гэта – двухстаронні працэс, які прадугледжвае ўзаемныя правы і абавязкі ўсіх яго ўдзельнікаў. Толькі тады яно можа быць дзейсным. Наша ж улада разумее кіраванне вельмі спрошчана, адпаведна кіравальнасць для яе – гэта беспярэчнае і даслоўнае выкананне грамадзянамі абсалютна ўсякіх загадаў улады. Але загады бываюць адэкватнымі і неадэкватнымі, мэтазгоднымі і немэтазгоднымі, выканальнымі і невыканальнымі.
Акрамя таго, кіраўнікі павінны ствараць варункі для выканання сваіх пастаноў, інакш нават выканальны тэарэтычна загад папросту можа стаць невыканальным. Ці будзе выкананы толькі фармальна або наогул даслоўна. Гэта загады накшталт «уладкаваць на працу ўсіх», хто не працуе, або «раздзявацца і працаваць».
Словам, кіраванне – складаны і шматпланавы працэс, авалодаць якім не ўсе здольныя. І спробы кантраляваць усё дапраўды азначаюць нічога не кантраляваць.
Агульная тэорыя сістэм сцвярджае, што шукаць выйсце з структурнага крызісу якімі б то ні было дзеяннямі ў рамках існай структуры бесперспектыўна: такі варыянт толькі пагоршыць крызіс, пераводзячы сістэму ў стан з меншай патэнцыйнай энэргіяй. Усякія дзеянні, якія не развязваюць структурнага крызісу, але на якія патрэбныя рэсурсы, павялічваюць памер патэнцыйнай яміны. Развязанне структурнага крызісу варта шукаць па-за адпаведнай сістэмай. Такім развязаннем, якое прычыняецца да структурных змен, можа быць інавацыя. У нашым выпадку пад «інавацыяй» маецца на ўвазе не стварэнне «беларускага» электрамабіля, а пераход да больш прагрэсіўных і паспяховых метадаў кіравання.