27 красавiка 2024, Субота, 16:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шрубуйце шырэй!

14
Шрубуйце шырэй!

Зробленыя ў Беларусі «высокатэхналагічныя» попельніцы і ніты адназначна набліжаюць сінгулярнасць.

Кажуць, чалавецтва хутка сыдзе ў сінгулярнасць. Ну, гэта значыць навукова-тэхнічны прагрэс стане настолькі хуткім і складаным, што апынецца недаступным разуменню. Калі менавіта наступіць гэтая сінгулярнасць, ніхто дакладна не ведае.

Амерыканскі пісьменнік Вернор Віндж мяркуе, што гэта адбудзецца ўжо блізу 2030 года. А вядомы вынаходнік і футуролаг Рэйманд Курцвэйл дае прагноз на 2045 год. Увогуле, пакуль усё туманна з гэтым пытаннем. Але на мінулым тыдні туман крыху разышоўся, піша «Белгазета».

Пачалося ўсё з таго, што нацыянальная экспазіцыя Беларусі ўпершыню была прадстаўленая на Усходнім эканамічным форуме, які адкрыўся 6 верасня ва Уладзівастоку. "Чэсныя" афіцыйныя СМІ ў традыцыйным для іх стылі выказалі процьму кампліментаў беларускаму стэнду. «Удзельнікі экспазіцыі прэзентуюць інавацыйныя і навукова-тэхнічныя распрацоўкі ў сферы энэргетыкі, медыцыны, электронікі, авіякасмічных даследаванняў, геадэзіі, будаўніцтва і архітэктуры, аграхіміі, глебазнаўства, харчавання ды іншае», - распавяла БелТА.

Аднак да «нячэсных» СМІ прэзентаваныя нашай краінай тэхналогіі павярнуліся іншым вуглом. 6 ж верасня ў Інтэрнэце з'явіліся фотаздымкі беларускай экспазіцыі, якія прывялі публіку ў вясёлае здзіўленне. Высветлілася, што НАН РБ прыехала на форум з высокатэхналагічнымі попельніцамі, шрубамі і металічнымі шарамі. Улічваючы бравурныя заявы пра «інавацыйныя і навукова-тэхнічныя распрацоўкі», шрубы ды попельніцы патрапілі пад шквал іроніі ды сарказму ў сацсетках.

Не ўтрымаліся ад з'едлівых каментароў і самі СМІ. «Ну, з такімі-то тэмпамі навуковага прагрэсу мы непазбежна створым уласны касмічны карабель для заваёвы абшараў Сусвету... Прынамсі, рэйкавыя шрубы, шаравыя пальцы, металічныя шары і глебаапрацоўчыя нажы для нашага зоркалёту ўжо гатовыя», - з'іранізавалі ў СМІ.

Але, высвятляецца, не ўсё так проста. На наступны дзень у Фізіка-тэхнічным інстытуце НАН (калі верыць карткам на фота, попельніцы і шрубы з'яўляюцца менавіта яго інавацыяй) карэспандэнту партала растлумачылі, што экспазіцыю трэба разглядаць крыху глыбей.

«Прадстаўлены не самі дэталі, а розныя ўмацавальныя пакрыцці для іх. Сутнасць менавіта ў гэтых пакрыццях. Гэта дэманстрацыя, што мы можам рабіць умацаванне рознымі метадамі: напыленнем, накалкай. Што да попельніцы, то гэта ўзор магнітна-імпульснай штампоўкі: пад дзеяннем магніта нарыхтоўка прымае форму той дэталі, у якую яна ўцягваецца», - распавёў намеснік дырэктара інстытута агульных пытанняў Алег Повараў.

Увогуле, глыбіня беларускай навукова-тэхнічнай думкі была недаступная разуменню большасці беларусаў. Гэта значыць, пакуль астатняе чалавецтва толькі-толькі рыхтуецца скочыць у сінгулярнасць, мы туды ўжо сіганулі. Адной нагой мы ўжо ў сінгулярнасці. Цяпер нам засталося дачакацца, калі абяцаны прэзідэнтам суперкамабайн заімчыць нас на крылах стабільнасці ў светлае заўтра і дазволіць увайсці ў сінгулярнасць другой нагой. І няхай тады Ілон Маск гоніцца за намі на сваёй «Тэсла» - нас з нашымі напыленымі шрубамі ні халеры не здагоніш.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках