28 красавiка 2024, Нядзеля, 3:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гучныя справы адвакаткі Ганны Бахціной

6
Гучныя справы адвакаткі Ганны Бахціной

Кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі адвакатку палітвязняў Ганну Бахціну.

2011 год. Справа журналісткі Ірыны Халіп

У 2011 годзе Ганна Бахціна абараняла журналістку, жонку лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірыну Халіп, якую абвінавачвалі ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» пасля «выбараў» у снежні 2010-га, паведамляе «Радыё Свабода».

Халіп, якой пагражала рэальнае зняволенне, суддзя Жанна Брысіна з Заводскага суду прысудзіла да 2 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай. На думку журналісткі, у тым, што яе ўсё ж не пазбавілі волі, вялікая заслуга абаронцы:

«Мы пазнаёміліся, калі я была пад хатнім арыштам, а следства яшчэ ішло. Тады мяне вымусілі адмовіцца ад адваката Тоўсціка, а потым ад мяне адмовілася адвакат Агеева. Некаторы час абаронцы не было ўвогуле, і тады мае бацькі патэлефанавалі Ганне. Яна сказала: «З вялікім задавальненнем буду абараняць вашую дачку».

Памятаю, як яна ўпершыню з'явілася ў нас дома, дзе стала знаходзіліся два афіцэры КДБ. І як яна проста, але смела, як начальнік падначаленым, патлумачыла: яны цяпер павінны забіцца ў куток і сядзець там ціха, бо адвакат са сваім падабаронным мае права пабыць тэт-а-тэт і абмеркаваць усё без старонніх вушэй. І яны сапраўды схаваліся. А пасля таго як Ганна сышла, адзін з іх сказаў: «А адвакатка ў вас шыкоўная, яна і нашых абараняла».

Справа блогера Эдуарда Пальчыса

У 2016 годзе Ганна Бахціна абараняла блогера, заснавальніка сайта 1863x.com Эдуарда Пальчыса. І таксама дамаглася, што яго не пакаралі пазбаўленнем волі. Эдуард згадаў пра свайго абаронцу ў «Фэйсбуку»:

«У сваім жыцці я сутыкаўся з шасцю адвакатамі. Аднаму я дагэтуль хачу даць прачуханку за тое, што ён працаваў на следства і фактычна вёў сабатаж маёй абароны. А супрацоўнікі КДБ, калі мяне этапавалі ў Беларусь, пры першай жа сустрэчы заявілі: ты можаш наняць усялякага адваката ў краіне, але толькі не яе».

2017 год. Справа Іллі Валавіка

Улетку 2017-га ў Беларусі судзілі групу футбольных фанатаў-антыфашыстаў. Ганна Бахціна абараняла Іллю Валавіка, якога следства разглядала за лідара «групоўкі». Суд пакараў Іллю 10 гадамі пазбаўлення волі, аспрэчыць гэты прысуд не ўдалося. Сваякі асуджанага мяркуюць, што справа была палітычнай, а прысуд - паказальным. «Ён змагаўся супраць «расейскага свету», - заявіла пасля суда жонка асуджанага Валаўца, якога абараняла Ганна Бахціна.

Сакавік 2017 года. Справа Міраслава Лазоўскага

У канцы сакавіка прайшлі арышты актывістаў былой арганізацыі «Белы легіён» і пачалася так званая «справа патрыётаў». Усяго паводле яе праходзіла больш за 30 актывістаў розных арганізацый. Адным з першых быў арыштаваны Міраслаў Лазоўскі, якога вызвалілі пад падпіску ў апошнюю чаргу - у чэрвені. Увесь час - пад арыштам у КДБ і потым пад падпіскай аб нявыездзе - Лазоўскага абараняе Ганна Бахціна.

Што азначае тое, што яна не прайшла атэстацыю, для абароны актывіста? - журналісты запыталіся ў Ніны Шыдлоўскай, якая дапамагае фігурантам «справы патрыётаў»:

«Ганна Бахціна - выключны прафесіянал і сумленны чалавек. Не думаю, што ёй можна знайсці адпаведную замену. Тое, што ёй не далі прайсці атэстацыю, азначае, што калі пасля ўсіх абскарджанняў яе ўсё ж пазбавяць адвакацкай ліцэнзіі, то Міраслаў Лазоўскі застанецца без адваката. Калі ўлічыць, што ён ключавая фігура ў «справе патрыётаў», то ўзнікае шмат розных нюансаў. Тым больш - невядомая сітуацыя з іншымі адвакатамі, якія таксама абараняюць фігурантаў «справы патрыётаў», - сказала Ніна Шыдлоўская.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках