18 красавiка 2024, Чацвер, 8:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юнкер прапанаваў увесці пасаду прэзідэнта ЕЗ і перайсці ўсім на еўра

10
Юнкер прапанаваў увесці пасаду прэзідэнта ЕЗ і перайсці ўсім на еўра
ЖАН-КЛОД ЮНКЕР
ФОТА: AP

Старшыня Еўракамісіі выступіў са штогадовым пасланнем у Еўрапарламенце.

Старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер прапанаваў увесці адзіную еўрапейскую валюту на ўсёй тэрыторыі Еўрапейскага Звязу. Выступаючы ў сераду, 13 верасня, у Еўрапарламенце са штогадовым пасланнем аб сітуацыі ў Еўразвязе, Юнкер заявіў, што ўважае за мэтазгодны пераход на еўра ўсіх без выключэння краін ЕЗ, перадае dw.com.

Пашырэнне еўразоны на ўвесь Еўразвяз

Да еўразоны, на ягоную думку, павінны далучыцца і ўсходнееўрапейскія сябры Еўразвязу, сярод якіх - краіны з нестабільнай эканомікай, такія як Балгарыя і Румынія, а таксама краіны, якія крытычна ставяцца да палітыкі еўрапейскага адзінства - Польшча і Вугоршчына. Юнкер прапанаваў вылучыць у бюджэце ЕЗ асобны артыкул выдаткаў для пашырэння еўразоны. Гэтыя сродкі, паводле ягонай канцэпцыі, павінны ўмацаваць эканоміку нестабільных дзяржаў ЕЗ і аблегчыць ім пераход на адзіную еўрапейскую валюту. Цяпер у зону еўра ўваходзяць 19 з 28 краін Еўразвязу.

Акрамя таго, старшыня Еўракамісіі заклікаў да больш шчыльнага супрацоўніцтва ўнутры Еўрапейскага Звязу. На ягоную думку, неабходна распрацаваць стратэгію, якая забяспечыць канкурэнтаздольнасць еўрапейскай прамысловасці. Варта таксама стварыць новую структуру, якая будзе сачыць за выкананнем адзіных стандартаў на рынках працы краін ЕЗ. Юнкер заклікаў да ўмацавання гандлёвых дачыненняў з партнёрамі ЕЗ і заявіў, што да 2019 года Еўразвяз мае намер укласці гандлёвыя пагадненні з Аўстраліяй і Новай Зеландыяй.

Юнкер прапанаваў стварыць пасаду прэзідэнта ЕЗ

Разам з тым Жан-Клод Юнкер не падтрымлівае радыкальныя агульнаеўрапейскія рэформы, прапанаваныя прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам. У адрозненне ад Макрона, які выступіў з ініцыятывай стварэння пасады міністра фінансаў Еўразвязу з уласным шматмільярдным бюджэтам, кіраўнік Еўракамісіі не бачыць патрэбы ў пашырэнні еўрапейскіх адміністрацыйных структур і змене еўрапейскіх дамоў.

У якасці кампрамісу Юнкер разглядае варыянт, пры якім абавязкі «еўрапейскага міністра фінансаў» будзе выконваць еўракамісар у эканамічных пытаннях, які адначасова з'яўляецца кіраўніком еўрагрупы. У ягоныя задачы будзе ўваходзіць таксама поўнае каардынаванне ўсіх інструментаў фінансавання ЕЗ.

Кажучы пра неабходнасць мадэрнізацыі адміністрацыйных структур ЕЗ, Юнкер прапанаваў заснаваць пасаду прэзідэнта Еўразвязу, а пасаду старшыні Еўракамісіі сумясціць з пасадай кіраўніка Еўразвязу. Паводле ягоных слоў, гэтыя захады павысяць эфектыўнасць Еўразвязу і зробяць больш празрыстым апарат ЕЗ. Юнкер, чые паўнамоцтвы кіраўніка Еўракамісіі заканчваюцца ў 2019 годзе, асобна падкрэсліў, што не прэтэндуе на новую пасаду.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках