19 красавiка 2024, Пятніца, 11:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Асуджаны за карупцыю экс-намеснік міністра спорту ізноў заняў высокую пасаду

9
Асуджаны за карупцыю экс-намеснік міністра спорту ізноў заняў высокую пасаду

Сяргей Нерад стаў дырэктарам у Беларускім лыжным саюзе.

Асуджаны ў 2014 годзе на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму Сяргей Нерад «усплыў» на пасадзе спартовага дырэктара Беларускага лыжнага саюза, паведамляе pressball.by.

На новую пасаду былога намесніка міністра спорту і турызму Сяргея Нерада ў тэме абмеркавання новага прызначэння Андрэя Фомачкіна звярнуў увагу адзін з карыстальнікаў форуму pressball.by.

Сяргей Нерад у 2014 годзе быў асуджаны паводле ч.3 арт.426 КК РБ на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленнем права займаць пасады ў органах дзяржаўнага кіравання, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, тэрмінам на пяць гадоў.

Як выявілася, Сяргей Міхайлавіч Нерад, які на прысуд суда павінен быў выйсці на волю толькі у 2018 годзе (ён быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ Беларусі ў красавіку 2013-га), сапраўды цяпер займае адказную пасаду спартовага дырэктара Беларускага лыжнага саюза.

У 2014 годзе прысудам Менскага абласнога суда было ўстаноўлена, што былы намеснік міністра спорту і турызму Сяргей Нерад у 2011 - 2012 гадах лабіяваў інтарэсы некалькіх камерцыйных структур, перавышаючы свае службовыя паўнамоцтвы, аддаваў падначаленым супрацоўнікам загадзя незаконныя ўказанні аб набыцці за бюджэтныя грашовыя сродкі неабходных для патрэб Міністэрства спорту і турызму спартовых тавараў і медыцынскага абсталявання ў парушэнне ўстаноўленага заканадаўствам парадку ажыццяўлення дзяржаўных закупак.

У выніку злачынных дзеянняў намесніка міністра гэтым пастаўшчыкам тавараў падаваліся неабгрунтаваныя перавагі, якія ставяць іх у больш спрыяльнае становішча ў дачыненні да іншых суб'ектаў на таварным рынку і абмяжоўвалася права падведамных Міністэрству спорту і турызму арганізацый на выбар на канкурэнтнай аснове пастаўшчыка абсталявання і тавараў.

Справа была такой рэзананснай, што пра яе згадаў прэзідэнт краіны падчас штогадовага паслання да беларускага народа і Нацыянальнага сходу 22 красавіка 2014 года. З ягоных слоў, «складаная сістэма дзяржзакупак не зашкодзіла намесніку міністра спорту і турызму Нераду неаднаразова атрымліваць хабар ад камерцыйных арганізацый за перамогу ў конкурсах на пастаўку спартыўнага інвентару».

Падчас следства абвінавачванне Нерада ў хабарніцтве было перакваліфікаванае ў абвінавачванне ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў.

Цягам двух апошніх гадоў (2015-2017) пасаду старшыні Беларускай федэрацыі лыжных гонак займаў Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусі Аляксандр Канюк, які страціў сваю грамадскую пасаду 17 траўня 2017 года на хвалі шматлікіх перавыбараў кіраўнікоў спартовых федэрацый.

Беларуская федэрацыя лыжных гонак уваходзіць у Беларускі лыжны саюз разам з Беларускай федэрацыяй фрыстайла, спартовым клубам скачкоў на лыжах з трампліна і лыжнага дваяборства, Беларускай федэрацыяй гарналыжнага спорту і сноўборда.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках