20 красавiка 2024, Субота, 9:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галерэя «Ў» і кнігарня «Логвінаў» у Менску пойдуць пад знос

2
Галерэя «Ў» і кнігарня «Логвінаў» у Менску пойдуць пад знос

Зямлю пад імі прадалі з аўкцыёну.

Тэрыторыя ля былога тралейбуснага дэпо на вуліцы Чырвонай у Менску прададзеная за 17 мільёнаў рублёў. Як паведамляе «Радыё Свабода», пераможцам абвешчаная сталічная кампанія-забудоўшчык «А-100 Дэвелапмент».

У Менскім гарадскім цэнтры нерухомасці, які выступаў арганізатарам аўкцыёну, на зямельны надзел прэтэндавалі тры пакупнікі, пачатковы кошт лота складаў блізу 4 мільёнаў рублёў. Інвестару гарантуецца права на праектаванне і будаўніцтва жылля.

Такім чынам, паводле папярэдніх планаў, на выкупленай пляцоўцы ў квартале вуліц Чырвонай, Кісялёва і праспекта Машэрава плануецца пабудаваць жылы комплекс з аб'ектамі сацыяльна-грамадскага прызначэння і падземнымі паркінгамі.

Раней гэты кавалак зямлі меркавала асвоіць расейская фірма «Маноліум працэсінг», якая перамагла ў тэндэры на яго забудову яшчэ ў 2003 годзе. Тады адной з умоў былі інвестыцыі ў будаўніцтва новага тралейбуснага дэпо ў мікрараёне Уручча. Аднак расейцы ўмовы пагаднення не выканалі і ў 2014-м дамова была скасаваная.

На тэрыторыі, прызначанай пад перабудову, знаходзіцца знакавае для менчукоў месца - галерэя «Ў» і кнігарня «Логвінаў». Тут праводзяцца прэзентацыі, культурныя імпрэзы, прадаюцца кнігі незалежных выдавецтваў.

Галерэя «Ў» будзе дзейнічаць у кожным выпадку

Кіраўнік «А-100 Дэвелапмент» Аляксандр Цэнтэр патлумачыў: паколькі гаворка пра цэнтр горада, праекты і распрацоўка неабходнай дакументацыі запатрабуюць сур'ёзных узгадненняў. Паводле ягоных прагнозаў, на гэта сыдзе прынамсі два гады.

Ці азначае гэта, што тая ж галерэя «Ў» атрымае перадышку, каб знайсці альтэрнатыўную пляцоўку? І ці ёсць імавернасць, што для культавага месца збору актыўных менчукоў могуць зрабіць выключэнне і не крануць бульдозерам?

Саўладальнік галерэі «Ў» Аляксандр Васілевіч не ўпэўнены наконт будучага будынка, але запэўнівае, што пляцоўка так ці інакш будзе дзейнічаць:

«Пакуль складана пра штосьці казаць, але мы, вядома ж, робім крокі, каб галерэя існавала. Больш выразна пра нешта можна будзе казаць крыху пазней, пакуль што ніякай пэўнасці. Той жа Цэнтэр кажа, што два гады нічога не плануюць рабіць, будуць рыхтаваць праект. Але гэта не афіцыйная пазіцыя - можа, так адбудзецца, а можа, і не так. Ніхто не ведае, як атрымаецца фактычна.

У кожным выпадку, як мне здаецца, галерэя развітая ўжо да такога ўзроўню, што трэба шукаць варыянты іншага існавання. Перш за ўсё культавы, але зусім маленькі будынак, якое папросту не спраўляецца з попытам на яго. Таму панікі ў нас няма, хоць відавочна, што будуць значныя грашовыя выдаткі, і вось гэта для нас навіна адназначна дрэнная. Але галерэя - гэта, перш за ўсё, не памяшканні. Сцены, натуральна, рэч важная, але можна знайсці і іншыя».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках