25 красавiка 2024, Чацвер, 6:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што не так з бязвізавым рэжымам у Горадні

6
Што не так з бязвізавым рэжымам у Горадні
ФотА: RACYJA.COM

Попыт на бязвізавы рэжым у Горадню вялікі, але не ўсё ідэальна.

Экспэрты адзначаюць, што попыт на бязвізавую Горадню вырас у дзясяткі разоў, і гэта стала штуршком для паляпшэння інфраструктуры і пашырэння сферы паслуг. Пры гэтым гораду, з іх слоў, дагэтуль не стае недарагіх якасных гатэляў, піша ej.by.

Нагадаем, што з 26 кастрычніка мінулага года замежныя турысты на працягу пяці дзён могуць без візы знаходзіцца ў Горадні і прылеглых населеных пунктах Гарадзенскага раёна, у тым ліку на Аўгустоўскім канале.

На пачатак верасня ў рамках дзеяння ўказа ў бязвізавым рэжыме Горадню наведала больш за 35 тысяч турыстаў з 55 краін свету. Блізу 70% замежнікаў з агульнай колькасці гасцей з-за мяжы прыбываюць у складзе арганізаваных груп. Вядома, што найбольш папулярны горад у жыхароў Польшчы і Літвы.

Ва ўпраўленні спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкама адзначылі яшчэ адну станоўчую тэндэнцыю: колькасць турыстычных кампаній, якія займаюцца ўязным турызмам, вырасла з 12 да 70.

«Попыт з увядзеннем бязвізу вырас у разы, - распавяла кіраўніца гарадзенскай кампаніі «Фірма Таксапарк» Таццяна Піскун. - Горад ужо прыняў 35 тысяч турыстаў, раней у год прыязджала блізу 3-4 тысяч, а цяпер - столькі прымаем у тыдзень».

Пры гэтым на думку дырэктара турфірмы «Зэт» Сяргея Яшкевіча, бязвізавы турызм толькі-толькі пачынае набіраць абароты. «На жаль, многія замежнікі яшчэ не ведаюць пра бязвізавы рэжым. Пра гэта занадта мала інфармацыі. А хтосьці проста не верыць і афармляе візы - я, напрыклад, ведаю такія выпадкі».

«Праз нашу турфірму, напрыклад, да гэтага прыязджае шмат візавых турыстаў, між іншым, палякаў. Яны хочуць паглядзець не толькі Горадню, едуць у Навагрудак, Берасцейскую вобласць, мясціны, звязаныя з Польшчай і гісторыяй дзвюх дзяржаў, таму ім мала пяці дзён», - сказаў ён.

Палякі едуць за экскурсіяй, іх шопінг не цікавіць, падсумаваў Сяргей Яшкевіч.

Са слоў Таццяны Піскун, літоўцы таксама едуць паглядзець Горадню, адпачыць тут, нярэдка адпраўляючыся пасля экскурсійнай праграмы на шопінг.

Гораду патрэбныя хосталы

Начальнік упраўлення спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык адзначыў, што з'яўленне бязвізавага рэжыму станоўча адбілася на развіцці турыстычнай інфраструктуры рэгіёну, паспрыяла пашырэнню сферы паслуг.

«Стала больш падзейных мерапрыемстваў. Бязвізавы рэжым стаў імпульсам для развіцця рынку сувенірнай прадукцыі, і як высветлілася, ён шырокі і вельмі запатрабаваны, - распавёў Алег Андрэйчык. - Што тычыцца грамадскага харчавання, у горадзе з пачатку года адкрылася больш за дзясятак новых аб'ектаў харчавання».

У сваю чаргу, прадстаўнікі турыстычных кампаній не хаваюць і існыя праблемы: адсутнасць недарагіх гатэляў, слабае веданне замежных моў персаналам і інш.

«У горадзе няма танных якасных гатэляў, - распавяла Таццяна Піскун. - Праблемы з ложка-месцамі сапраўды ўзнікаюць, асабліва ў пікавыя даты, напрыклад, травеньскія і іншыя святы. І быццам бы сітуацыя крыху мяняецца ў лепшы бок, нешта будуецца, мадэрнізуецца, але, на мой погляд, для развязання гэтай праблемы трэба падключаць прыватны бізнэс».

Тое, што праблемы з рассяленнем ёсць, пагадзіліся і ў кіраванні спорту і турызму.

«Гатэльны фонд патрабуе мадэрнізацыі, гораду не стае хостэлаў, - прызнаў Алег Андрэйчык. - Але праблема развязваецца. Сёння для размяшчэння замежных турыстаў падключаюцца аграсядзібы, шмат прапануецца прыватных апартаментаў, кватэр».

Алег Андрэйчык адзначыў, што цяпер ўладамі горада гэтае пытанне вынесенае на парадак дня. Плануецца, што ў горадзе найбліжэйшыя некалькі гадоў павінна з'явіцца блізу дзясятка новых аб'ектаў размяшчэння. Упор будзе зроблены на гатэлі эканом класа і хостэлы.

Што тычыцца персаналу гатэляў і аб'ектаў харчавання, ён, са слоў прадстаўніка кіравання спорту і турызму, «перабудоўваецца» да сустрэчы замежных турыстаў. Сёння там пры фармаванні кадравага складу абавязкова ўлічваецца веданне замежных моў. Наведвальнікам кавярні і рэстаранаў прапануецца меню на замежнай мове. Усё робіцца для ліквідацыі моўнага бар'еру, падкрэсліў Алег Андрэйчык.

Турысты скардзяцца на чэргі на мяжы

Яшчэ адным вострым пытаннем, якое патрабуе развязання, кіраўнік кампаніі «Зэт» назваў вялікія чэргі на мяжы пры выездзе з Беларусі. З ягоных слоў, нярэдка замежніку даводзіцца стаяць да 4-5 гадзін у чарзе, каб выехаць з краіны. Трэба зрабіць так, каб чалавек, які заехаў у бязвізавым рэжыме, меў права пазачарговага выезду на мяжы, мяркуе прадстаўнік турбізнэсу.

Таццяна Піскун не згодна з калегам. «Вядома, такая праблема як чэргі на межах - ёсць, але яна не глабальная. Трэба разумець, што гэта мяжа і там людзі выконваюць сваю працу. Трэба рэальна глядзець на рэчы. Калі мы зробім для турыстаў свабодны калідор, нашы людзі пачнуць казаць: чаму я, грамадзянін Беларусі, стаю ў чарзе, а замежнік - не. У гэтай сітуацыі, на мой погляд, лепш працаваць над аператыўнасцю, над павелічэннем штату супрацоўнікаў і г.д.», - адзначыла яна.

Нягледзячы на наяўныя праблемы, у турфірмах упэўненыя, што многае сёння проста пытанне часу: будуць турысты, будуць паступова паляпшацца і ўмовы знаходжання для гасцей, адчыняцца новыя кавярні, будавацца гатэлі, паляпшацца якасць абслугоўвання.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках