19 сакавiка 2024, aўторак, 13:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Хашчавацкі: Час навесці ў сваім доме парадак

47
Юрый Хашчавацкі: Час навесці ў сваім доме парадак
ЮРЫ ХАШЧАВАЦКІ
ФОТA: CHARTER97.ORG

Нараджаецца новая, зусім іншая Беларусь.

Паказушны характар кіравання Лукашэнкі і ягонага атачэння выклікае ўсё больш раздражнення ў беларусаў. Калі раней на «пацёмкінскія вёскі» ўлады людзі рэагавалі амбівалентна, імкнучыся атрымаць нейкую выгаду з «Дажынак» і іншых мерапрыемстваў, то цяпер акцэнты сур'ёзна памяняліся.

«Цырк, паказуху зладзілі. Порткі нацягваюць, а яны парваліся», - такімі словамі сустракаюць старанні мясцовых уладаў да прыезду Лукашэнкі жыхары Случчыны.

Можна казаць пра змены ў настроі людзей, і што гэта азначае для тых, хто паслядоўна змагаўся з рэжымам Лукашэнкі? Пра гэта сайт Charter97.org спытаў вядомага беларускага рэжысёра Юрыя Хашчавацкага.

- Людзі ў рэгіёнах усё часцей адкрыта, разумеючы, што іх словы апублікуюць, вельмі рэзка выказваюцца на адрас уладаў. Як вы гэта пракаментуеце?

- Першае, што хацелася б зрабіць - гэта звярнуцца і да гэтых людзей са Слуцка, і з іншых гарадоў і вёсак. Гэта вельмі добра, што яны нарэшце сталі відушчымі і ўсю гэтую сутнасць улады ўбачылі.

Важна на гэтым не спыняцца. Бо шмат для каго гэта было відаць ужо больш за дваццаць гадоў таму, а іншыя - хадзілі на «выбары» і галасавалі. Вядома, у апошнія гады яны галасавалі супраць Лукашэнкі, але ж потым іх галасы кралі. І тут пачынаецца самы важны паваротны момант: трэба не проста абурацца, а выходзіць на плошчы і пратэставаць.

Пара ад звычайнага абурэння пераходзіць да таго, каб навесці ў сваёй краіне парадак. Таму што тыя драныя порткі, пра якія кажуць случчакі, сталі дранымі і таму, што ў 2010 годзе далёка не ўсе выйшлі на Плошчу ў Менску.

Гэта добра, што многія цяпер спахапіліся - лепш пазней, чым ніколі. Пратэставаць трэба, каб не прачнуцца ў адзін дзень самім у падраных, падраных портках і з горыччу ўсвядоміць, што ў гэтым ёсць і частка ўласнай віны.

- Але ж у гэтай сітуацыі ёсць і іншы бок - улады. Што для іх азначаюць такія сімптомы?

- Ёсць такая прыказка: чым вышэй малпа лезе на дрэва, тым лепш бачны яе чырвоны зад. Гэта сказана як раз аб нашай уладзе. Чым больш яны будуць ладзіць розныя інспекцыйныя паездкі, чым больш яны будуць будаваць сабе рэзідэнцый на шматлікія сотні мільёнаў даляраў і атачаць сябе недазваляльнай раскошай - тым больш выразным будзе становіцца велізарны сацыяльны разрыў, створаны гэтымі калгаснымі Шарыкавымі, якія дарваліся да ўлады.

Гэта яны мяркуюць, што малады настаўнік фізкультуры можа жыць на 40 даляраў за месяц, а моладзі не трэба вышэйшая адукацыя - дастаткова навучыць вадзіць напільнікам па жалязяках. Чым больш улада будзе дапускаць такіх слоў і спраў, тым больш выразна для людзей будзе бачны поўны правал яе палітыкі.

І ўладам зноў быў дадзены выразны сігнал аб тым, што народ абуджаецца. І некаторыя з іх, напэўна, гэта разумеюць, проста маўчаць «у анучку». І чым даўжэй гэта маўчанне будзе прадаўжацца - тым больш балюча ім потым будзе сцягваць гэтыя драныя порткі, якія ўжо сталі сімвалам нашай улады. І гэты калектыўны Шарыкаў усё больш смешны.

- Якія высновы з гэтага «мэсэджу» простых людзей уладам павінны зрабіць нашы апазіцыйныя палітыкі?

- Наогул, строга кажучы, яны нам нічога не вінныя: у гэтых людзей сапраўды вельмі складанае жыццё і сапраўды цяжкія ўмовы для барацьбы з рэжымам Лукашэнкі.

Але ўсё ж я хачу сказаць ім наступнае: трэба трымаць руку на пульсе настрояў народа і звяртаць увагу на тыя падказкі, якія дае само жыццё. Напрыклад, на тое, што адбылося на гэтых выходных у Лідзе.

Мы ўбачылі, што там нараджаецца новая, зусім іншая Беларусь. На некалькі дзён Ліда стала той самай краінай, пра якую мы так доўга марылі. Чаму так адбылося? Таму што там сабраліся адукаваныя, цывілізаваныя людзі, якія разумеюць, якой павінна быць будучыня Беларусі і ўяўляюць сабе каштоўнасць нацыянальных сімвалаў, ідэалаў і роднай мовы.

Таму палітыкі павінны зрабіць простую выснову: Беларусь, за якую мы змагаемся, яна ёсць. Яна чакае ад іх новых хадоў, курсу на аб'яднанне і прыцягненне да сваіх ідэалаў астатняга насельніцтва. У нас маса людзей ужо дасведчаных, якія разумеюць, што да чаго. Цяпер трэба пашырыць гэтае кола, даць людзям як мага больш праўдзівай інфармацыі.

І вядома ж, трэба разумець, што гэтая новая Беларусь чакае ад нас аб'яднання. Кожны з нас мае рацыю па-свойму, і ўсе супярэчнасці могуць быць адкладзеныя «на пасля». У нас усіх цяпер ёсць адзін інтарэс - прыбраць гэтую калгасную ўладу, якая вядзе да дэградацыі краіны. Дзеля таго, каб гэтая ўлада абрынулася, трэба забыцца пра ўсё дробязнае і аб'яднаць высілкі. А ўсё астатняе дадасца.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках