29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Мікус: Місія беларуса - творчае ўпарадкаванне хаосу

4
Алесь Мікус: Місія беларуса - творчае ўпарадкаванне хаосу
Алесь Мікус

Нам даўно пара пачаць культываваць сваіх герояў.

«Гісторыя доўгі час была «прыкладной навукай» - яе «прыкладвалі» да пункту гледжання таго ці іншага кіраўніка», - сказаў калісьці расейскі навуковец-фізік, асветнік Сяргей Капіца. Сапраўды, перапісваць гісторыю, вырываць цэлыя раздзелы з гераічнага эпасу беларускага народа, забываць сапраўдных пераможцаў - улюбёны занятак дзяржаўнай прапаганды ў Беларусі.

З нашай памяці наўмысна сціраюць часы Вялікага Княства Літоўскага, калі тэрыторыя нашай дзяржавы саступала па плошчы толькі Францыі, рыцарскую славу нашых продкаў, мудрасць нашых кіраўнікоў і еўрапейскую спадчыну нашага народа.

Для гісторыкаў свабоднай Беларусі наперадзе вялікі фронт работы - аднаўленне гістарычнай справядлівасці і вяртанне простым беларусам гонару за свой народ, які ўсімі сіламі спрабавалі ператварыць у «расейцаў са знакам якасці».

Аб забытых старонках гісторыі беларускага народа і штампах дзяржаўнай прапаганды сайт Charter97.org пагаварыў з музыкам, стваральнікам гурта «КРЫВАКРЫЖ», рэдактарам сайта Svajksta.by, перакладчыкам гістарычнай літаратуры Алесем Мікусам:

- Галоўным тэзісам дзяржаўнай ідэалогіі ў Беларусi, ідэалогіі «рускага свету», з'яўляецца тое, што беларусы і рускія - браты блізняты, як вы лічыце, ці так гэта так? Калі не, то якія адрозненні паміж беларусам і рускім.

- Вядома, гэта не так, ніякія не блізняты. Хоць прапаганда ўмее рабіць і не такія рэчы, галоўнае доўга і зацята нешта ў галовы ўбіваць. Рускія - гэта ўвогуле мяшанка, там няма гаворкі пра этнічнасць. Этнолагі цудоўна ведаюць, што, кажучы формульна, да Масквы жылі балты, за Масквой жылі фіны, а яшчэ далей вугры. Масавы прыход славянаў аспрэчваецца не толькі ў нас, аспрэчваюць яго і ў Расіі.

Таму можна было б казаць пра пэўную роднаснасць з жыхарамі тэрыторый ажно да вярхоўяў Акі, да вярхоўяў Волгі. Вядома, знаходжанне ў складзе маскоўскай дзяржавы для іх не мінула дарма - сумныя вынікі назіраем нават ужо на Смаленшчыне. Але гэты момант трэба разумець, пра роднаснасць якога кшталту можна казаць.

Аднак паходжанне - гэта толькі паўсправы. Другі складнік - гэта свядомасць. А яна там імперская, гэта ўжо ўбіта ў галовы і падтрымліваецца самім існаваннем такой цяперашняй фармацыі, як Расія. Магчыма, калі нешта там перафарматуецца, стануць актуальнымі і іншыя ідэнтычнасці, больш этнічна ўгрунтаваныя, больш праўдзівыя.

Расія ніколі не пакіне ў спакоі ні нас, ні Ўкраіну, ні Латвію з Літвой і Каралявецкім (Калінінградскім) краем. У іх гэта ў кодзе. Гэта такія тонкія рэчы, але яны ёсць. Кіева яны не пакінуць, бо там іх пачаткі - і хрысціянства, і дзяржаўнасці. Наш з літоўцамі і латышамі рэгіён яны не пакінуць, бо з балцкага Букала, напрыклад, пачалася Масква, а Раманавы выводзілі сябе ад прускага нобіля Камбіла. Гэтых сувязяў так проста не парвеш. А калі парвеш - дык вылезуць ідэнтычнасці валагодскія, кастрамскія, смаленскія, якіясь чувашскія. Карацей, пасыпецца тады іх гмах.

- У нашага народа тысячагадовая гісторыя, у школьных падручніках прынята рабіць упор на падзеі Другой сусветнай вайны, якія слаўныя перыяды гicторыi нашага народа, якія наўмысна замоўчваюцца, варта ўспомніць і выкарыстоўваць у выхаванні моладзі? Якія гістарычныя фігуры могуць стаць прыкладамі для сучасных беларускіх патрыётаў?

- Дазволю сабе выказаць трохі небанальных думак. Я не ў вялікім захапленні ад фігуры Паўстанца. Каліноўскі, Касцюшка, нават Слуцкі збройны чын, і нават перамога пад Оршай Канстанціна Астрожскага - гэта ўсё калі вымушана рэагавалі на дзеянне моцнага непрыяцеля. І заўсёды маскоўскага непрыяцеля, на якім усё канцэнтруецца. Яны героі, яны малайцы і вартыя нашай безумоўнай пашаны, але такі культ увесь час адсылае да сітуацыі слабой ахвяры перад моцным гвалтаўніком. Гвалтаўнік насоўваецца, ахвяра як можа супраціўляецца. Вядома, такая нашая гісторыя, такі пад бокам вырас сусед. І сённяшняя сітуацыя не выключэнне, трэба нагадваць пра прыклады супраціўлення і натхняцца імі. І тым не менш мае героі - яны іншыя.

Напрыклад, Багуслаў Радзівіл у 17 стагоддзі. Прадстаўнік нашай законнай улады, вялікакняскай. Калі навалай ішлі з поўдня казакі Хмяльніцкага, ён іх разбіваў. Ён з шэрагу фігураў, якія на свой розум упарадкоўваюць хаос і бязладдзе. З таго ж шэрагу - напрыклад, Альгердаў сын Лугвен, які жыў на пераломе 14-15 стагоддзяў. Ужо яго бацька Альгерд сутыкаўся з моцай Маскоўскага княства, а вось Лугвен падпарадкоўваў дробныя княствы на верхняй Ацэ, іх жыхары калісь складалі з намі адзіную прастору.

Ці ўзяць Канстанціна Езавітава. Ён быў міністрам абароны ў Беларускай Народнай Рэспубліцы, ваенным міністрам у Беларускай Цэнтральнай Радзе ў часы Другой сусветнай. Таксама з хаосу ствараў элементы парадку. Не скажу, цяжэй гэта ці лягчэй, чым паўставаць у адчаі, але мне імпануе больш. Або яшчэ адзін, паўзабыты персанаж - генерал Люцыян Жалігоўскі, з ашмянскай шляхты. Гэта той, каторы ў 1920-м захапіў Віленскі край, стварыў "Сярэднюю Літву". Так, ён парушыў дамовы, ён адхапіў у Літоўскай Рэспублікі кавалак яе тэрыторыі, ён дзейнічаў у польскіх інтарэсах. Але гэтая акцыя ставіць Жалігоўскага нароўні, напрыклад, з італьянцам, паэтам і авантурыстам Габрыэле д'Анунцыё. Ён роўна ў той жа час, за месяц да Жалігоўскага, стварыў так званую "Рэспубліку Фіуме".

Дарэчы, я з сябрамі-музыкамі, бардамі, што выступаюць пад імёнамі "Шляхціч" і "Паўночны воўк" маем намер неўзабаве падрыхтаваць такі невялікі музычны рэліз. Папярэдне ён мае назву "Нашы генералы". Там будзе пра Езавітава, Жалігоўскага, Міхала Вітушку, кіраўніка пасляваеннай антысавецкай партызанкі. Я мяркую, што важна культываваць нашых генералаў не менш, чым касінераў ці случчакоў.

Архетып украінца - гэта сапраўды паўстанец. Расійскі архетып - такое "цеста", якое бясконца набухае і ўсіх накрывае. А вось наш архетып, як мне ўяўляецца, - гэта творчы ўпарадкавальнік. Ён стварае і ўпарадкоўвае. Архетыпы літоўца ці латыша, дарэчы, гэта больш унутраныя рэчы, такая іх доля, яны носьбіты архаікі і вельмі старажытнага агня ўнутры. Такія вось “гульцы” ў нашым рэгіёне.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках