18 красавiка 2024, Чацвер, 23:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Мы можам і павінны змагацца за сваю незалежнасць

5
Мікалай Статкевіч: Мы можам і павінны змагацца за сваю незалежнасць
Мікалай Статкевіч

У Беларусі наогул не павінна быць замежных войскаў.

«На нашай зямлі Расея будзе вучыцца, як нападаць і ваяваць з NATO», - заявіў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, падпалкоўнік у адстаўцы Мікалай Статкевіч.

Мікалай Статкевіч уважае манеўры «Захад-2017» за вельмі небяспечныя для Беларусі і вызначае дзве групы прычын гэтай небяспекі:

- Па-першае, мы ўцягваемся ў канфлікт, у гібрыдны канфлікт Пуціна з Захадам і гібрыдную вайну з Украінай. На нашай зямлі Расея будзе вучыцца, як нападаць і ваяваць з NATO і, магчыма, з Украінай. Фактычна, мы ўжо становімся яе суўдзельнікам ў гэтым канфлікце.

Пры гэтым нас могуць, не пытаючыся, уцягнуць у гарачы канфлікт, у нейкія правакацыі. Мы фактычна страчваем суверэнітэт ў такім важным пытанні, як мір і бяспека. А гэта ключавыя пытанні для кожнай нацыі, для кожнай дзяржавы.

Але мы тут становімся проста аб'ектам - гэта вялікая небяспека. Не думаю, што хтосьці ў цвярозым розуме або з боку Расеі, або з боку NATO захоча ваяваць, але, з іншага боку, ніхто не хоча і саступаць. І гэтыя крокі «вялікіх дзядзькоў», якія робяцца адзін супраць іншага, могуць прывесці да непрадбачаных жудасных наступстваў.

Для мяне гэтыя манеўры - працяг гібрыднага канфлікту, калі Пуцін палохае Захад. У расейскіх кіроўных элітаў ёсць такая ілюзія, што Захад, еўрапейцы - гэта такія распусныя, сытыя сібарыты, якія ніколі не будуць рызыкаваць сваёй бяспекай. Але калі дойдзе да пэўнага моманту, то дзяржаўныя інстытуты проста зрэагуюць і мала не падасца, такая небяспека ёсць. Таму - калі ласка, рыхтуйцеся да вайны, але не на нашай зямлі.

Другая група пагроз звязаная з самой унутранай палітыкай Расеі. Расейскія кіроўныя эліты вельмі часта выкарыстоўваюць замежныя канфлікты для развязання ўнутраных праблем.

Наперадзе выбары прэзідэнта Расеі, трэба ж падняць рэйтынг, таму вялікім попытам карыстаюцца «дасягненні» мінулых гадоў. Расейскае грамадства вельмі траўмаванае распадам, як яны мяркуюць, сваёй імперыі, стратай зямель, якія яны ўважаюць за свае, бо калісьці іх здабылі нібыта назаўсёды.

Таму вітаецца кожны крок для вяртання гэтых зямель. Успомнім эйфарыю, якая ўзнікла ў Расеі пасля першых падзей ва Украіне, у Крыме - ёсць спакуса гэта паўтарыць.

Таму, калі тут з'яўляюцца войскі краіны, якія маюць досвед вайсковых дзеянняў у захопе зямель нашай суседкі, гэта не можа не абвастраць сітуацыю. Тым больш што беларускі рэжым знаходзіцца пад поўным эканамічным кантролем Расеі, а расейскія спецслужбы дзейнічаюць тут паўсюль і без перашкод.

Сярод беларускіх сілавых структур самы папулярны палітык - Пуцін, а не Лукашэнку. І гэта ўсё стварае пагрозу, што ў выніку тут застануцца вайсковыя базы, што потым гэта можа скончыцца анэксіяй. Успомнім гісторыю балтыйскіх краін. У 1939 году СССР навязаў ім свае базы, а ў 1940-м з гэтых баз выехалі савецкія танкі, і незалежнасць балтыйскіх краін скончылася.

- А што падказвае ваш досвед былога вайскоўца? Ці верыце вы ў тое, што Расея сюды для ўдзелу ў манеўрах накіравала не 3 тысячы вайскоўцаў, як заяўлена, а значна больш?

- Так, Расея традыцыйна заніжае колькасць сваіх удзельнікаў манеўраў і карыстаецца імі за рамкамі, якія дазваляе АБСЕ, як лічыць патрэбным.

І цяпер многім назіральнікам пакажуць толькі тое, што трэба, таму я дапускаю, што гэтых расейскіх войскаў сапраўды будзе значна больш.

Але яшчэ непараўнальна больш войскаў будзе рыхтавацца і рухацца ля межаў Беларусі. Межаў Латвіі, Эстоніі, Украіны.

Гэта значыць, сітуацыя можа здарыцца непапраўная, не выключаныя і правакацыі: напрыклад, рух вялікай масы войскаў у бок нейкай мяжы. Беларуска-ўкраінскай, альбо беларуска-польскай, альбо літоўскай. Альбо магчымы залет самалётаў на суседнія тэрыторыі - усё магчыма.

Безумоўна, войскі павінны вучыцца ваяваць, і беларускія таксама. Але Беларускі Нацыянальны Кангрэс прапануе наогул заканадаўча забараніць прысутнасць чужых войскаў на тэрыторыі Беларусі. Ну, калі міратворцы вучацца, то можна запрасіць іх з-за мяжы, але максімум роту міратворцаў. І такая забарона павінна быць замацаваная ў законе.

Нам не трэба тут чужых войскаў, мы, як той казаў, наваяваліся. З мінулай вайны баімся сказаць, колькі страцілі, што гэта быў кожны трэці. Нам выстарчыла чужых войнаў, мы можам і павінны змагацца толькі за сваю зямлю, за сваю незалежнасць, а не гуляць у гэтыя гульні, якія спачатку здаюцца гібрыднымі, а потым могуць быць і больш як гібрыднымі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках