29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чым Нарвегія здзівіла падарожнікаў з Беларусі

10
Чым Нарвегія здзівіла падарожнікаў з Беларусі

Абыдземся без напаміну пра касмічныя заробкі і ўзровень жыцця - пра гэта чулі ўсе.

Журналіст «Нашай Нівы» Арцём Гарбацэвіч тыдзень правёў у Нарвегіі і распавядае пра тое, што ў гэтай краіне больш за ўсё можа здзівіць беларуса, пра тое, што варта б было пераняць і чаму. Абыдземся без напаміну пра касмічныя заробкі і ўзровень жыцця - пра гэта чулі ўсе.

Давер як ідэалогія

Нарвежскае грамадства пабудаванае на даверы. Як асабліва ўразіў мяне момант, прывяду размову з сябрам адной выбарчай камісіі (парламенцкія выбары ў Нарвегіі прыйшліся якраз на час паездкі). Дык вось, ён распавёў, што толькі ў 2012 годзе нарвежцаў абавязалі паказваць пашпарт (ці іншы дакумент) пры галасаванні, і тое, толькі пад ціскам справаздач міжнародных назіральнікаў. Дагэтуль чалавек проста называў сваё імя, атрымліваючы бюлетэнь.

«Так можна некалькі разоў прагаласаваць, падаючы розныя імёны», - сказаў я, навучаны беларускімі «каруселямі».

Адказ нарвежца быў наіўным, але сумленным.

«А навошта камусьці гэта рабіць?», - сказаў ён.

Людзі тут не разумеюць, як можна хлусіць і махляваць, грамадскасць такіх не прымае.

Хаваць што-небудзь - значыць выклікаць да сябе недавер. Гэтая філасофія выяўляецца ва ўсіх сферах жыцця: ад гандлю да дзяржаўнай службы.

«Можа здацца, што ў нас лёгка жылося б жуліку, але гэта не так. Яму жылося б цяжка. Як цяжка сумленнаму чалавеку жыць сярод крывадушнікаў, так і жуліку цяжка сярод сумленных людзей», - сказаў мне нарвежац.

Дзіўная сітуацыя з алкаголем

Быць алкаголікам у Нарвегіі вельмі дорага - тут 0,5 л піва каштуе блізу 10 еўраў. Але добра яшчэ, калі вы яго знойдзеце - у 90% харчовых крам, куды я заходзіў, яго проста не прадавалі. Што хочаш пі: ад малака да энэргетыкаў і сокаў з мякаццю, але алкаголю няма. У той краме, дзе я знайшоў піва, яго прадавалі толькі да 21.00. Але гэта быў і самы моцны алкаголь там - ні гарэлкі, ні віна. Нарвежцы звычайна прывозяць алкаголь з duty free пасля пералётаў, ці ходзяць у бары з драконаўскімі накруткамі.

Беларусаў выдае твар

Давялося пабываць у начным клубе, дзе тусуецца сталічная моладзь. У асноўным, усё як і ў нас. Вось толькі студэнты не могуць дазволіць сабе ні кактэйлі, ні нават піва, таму тут кампаніямі напіваюцца дома, а ўжо потым ідуць танцаваць. Што ўразіла: недзе праз 20 хвілін да мяне падышоў ахоўнік са словамі «калі вы не будзеце ўсміхацца, то мы вас выганім». Вядома, наўрад ці гэта была сур'ёзная пагроза, хутчэй проста паведамленне, маўляў, у забаўляльных установах тут прынятае весяліцца так, каб гэта было відавочна.

Праблемы нарвежскага грамадства

Большасць беларускіх праблем у Нарвегіі ў той ці іншай ступені ўжо вырашаныя, калі гаворка аб узроўні жыцця: школы з дзіцячага садка тут бясплатныя, але ў іх не кормяць. Медыцына бясплатная, але вялікія чэргі. Заробкі высокія, але хочацца яшчэ большыя.

Аднак найбольш яскрава аб праблемах грамадства кажа дыялог, які адбыўся ў мяне з прадстаўніком Цэнтральнай партыі, якая ў далейшым набрала 19 з 161 месца ў Стортынгу (парламенце).

Дык вось, ён распавядаў мне пра ваўкоў. У Нарвегіі іх да мінулай зімы было блізу 130, але, маўляў, за зіму іх папуляцыя павялічылася на 19%», - пераконваў ён лічбамі.

«Ваўкі нападаюць на фермерскіх авечак. Павелічэнне іх колькасці - пагроза. Наша выбарчая праграма прадугледжвае ўвядзенне квоты на колькасць ваўкоў у Нарвегіі, астатніх мы прапануем адстрэльваць. Наогул-то, больш глабальным рашэннем было б пасяліць іх усіх у адной рэзервацыі, адкуль яны б нас не даймалі», - сказаў ён.

Спробы пасяліць ваўкоў у рэзервацыі рабіліся і раней, але тыя чакана праігнаравалі пастанову нарвежскага парламента і разбегліся адтуль :)

Цяжка ўявіць, каб у Беларусі адным з пунктаў выбарчай праграмы ў кагосьці стала прапанова скарачэння папуляцыі баброў, якія таксама ўяўляюць праблему, але не палітычную.

Тусоўка для старых

Як чалавек, якому знаёмы лад жыцця беларускіх пенсіянераў, асабліва ў глыбінцы, я быў шакаваны, выпадкова зайшоўшы ў царкву ў прыгарадзе Осла.

Гэта быў вечар аўторка, але ўнутры нібы пчолы гулі: уся заля была застаўленая сталамі, за якімі стаялі/сядзелі людзі сталага ўзросту, усе пра штосьці размаўлялі, разбіўшыся на гурткі па інтарэсах за сталамі. Нехта там карту абмяркоўваў, хтосьці еў.

Вядома, без алкаголю. Апранутыя як на выхад, але без перабору: у джынсах, красоўках.

Як я зразумеў, гэта такая тусоўка для старых, якія ўжо не пойдуць ні ў клуб, ні гуляць у баскетбол, але і не згаджаюцца залазіць у панцыр свайго дома, хочуць падтрымліваць сувязь з навакольным светам. У гэтым жаданні і ёсць розніца з нашымі старымі, якія жывуць мінулым, не прымаючы ўсё новае.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках