19 красавiка 2024, Пятніца, 9:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Уладзе розуму бракуе»

2
«Уладзе розуму бракуе»

Пры цяперашніх кіраўніках эканоміка ператвараецца ў поле для афёр.

Еўрапейскі Звяз выдасць Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) 6 мільёнаў еўраў на падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу ў Беларусі. Адпаведнае пагадненне паміж ЕЗ і ЕБРР падпісанае 13 верасня ў Міністэрстве эканомікі ў Менску.

6 мільёнаў еўраў - гэта шмат ці мала? Ці сапраўды атрымае гэтыя грошы малы і сярэдні бізнэс? Пра гэта кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін распавёў «Завтра твоей страны».

- Такія рэсурсы лішнімі не бываюць, - кажа лідар прадпрымальнікаў. - Наогул ёсць дзве магчымасці: альбо выдаецца грант для тэхнічнай або кансультацыйнай дапамогі, альбо крэдытны рэсурс. Калі гэта грант для надання тэхнічнай дапамогі, ён, хутчэй за ўсё, дастанецца структурам, якія добра сябе зарэкамендавалі ў рабоце з ЕБРР, і не факт, што гэтыя кансультацыі і даследаванні будуць карысныя беларускаму малому бізнэсу. Але хтосьці ад гэтага нешта атрымае.

Калі ж банк выдзяляе крэдытныя сродкі для беларускіх банкаў у рамках крэдытнай лініі, то ўжо беларускія банкі будуць выдаваць сродкі для беларускіх суб'ектаў малога прадпрымальніцтва.

- 6 мільёнаў еўраў - гэта шмат ці мала?

- Наколькі я разумею, ніколі крэдытныя лініі цалкам да канца не выкарыстоўваліся. Грошы заставаліся, адпаведна, гэтыя грошы не так запатрабаваныя ў Беларусі. Ці ў нас не так шмат пазычальнікаў, якія задавальняюць гэтым патрабаванням.

- Ці патрэбна ўвогуле такая падтрымка з боку ЕББР беларускаму малому і сярэдняму бізнэсу?

- Калі хтосьці атрымлівае даступныя крэдытныя рэсурсы - гэта ўжо добра. У нас не так шмат танных крэдытных рэсурсаў. Як правіла, гэтыя грошы таннейшыя, чым беларускія. Хоць у Беларусі і так лішак крэдытных рэсурсаў.

У нас бракуе праектаў, якія можна было б крэдытаваць. У нас бракуе аплатаздольных пазычальнікаў, а гэта сведчыць пра тое, што ў Беларусі малое і сярэдняе прадпрымальніцтва перажывае не найлепшыя часы. І магчымасць атрымаць крэдыт хай і на нядрэнных умовах - не самае галоўнае для развіцця бізнэсу. Спачатку нам трэба стварыць умовы для развіцця бізнэсу, а потым яму спатрэбяцца рэсурсы. Пакуль жа ў нас рэсурсаў больш, чым бізнэсу.

- Чаго сёння бракуе, каб малы і сярэдні бізнэс адчуў сябе больш упэўнена?

- Розуму бракуе. Бракуе палітычнай волі, жадання, здольнасці з боку дзяржаўнага апарату, чыноўнікаў для стварэння ўмоў для малога, сярэдняга, буйнога - для ўсякага бізнэсу. У нас бізнэсу як такога не асоба шмат. У нас ёсць паспяховыя адносна багатыя людзі, якія маюць нейкія сувязі ва ўладных колах, але гэта нельга назваць паўнавартасным бізнэсам. Як мы бачым, спрыянне ўладаў - з'ява надзвычай нетрывалая: сёння ты алігарх, а заўтра - падсудны ці вязень.

Бракуе празрыстасці, стабільнасці, бракуе гарантый, абароны ўласнасці, бракуе спакою. Так, колькасць праверак знізілася, сталі менш тузаць бізнэс, але ўсё адно ціск з боку дзяржавы залішні, ніхто не можа быць упэўнены ў тым, што зарабіўшы грошай, ён іх не страціць, што заканадаўства не зменіцца прамінулай датай, і давядзецца выплачваць сумы на карысць дзяржавы. І пакуль дзяржава будзе так ставіцца да бізнэсу, у нас будуць з'яўляцца прадпрымальнікі і бізнэсоўцы не вельмі разумныя і сумленныя, але досыць хітрыя, якія ўмеюць знаходзіць несумленныя шляхі, наладжваць кантакты з чыноўнікамі. І эканоміка ў нас будзе такая, якая ёсць.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках