23 красавiка 2024, aўторак, 21:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Самыя цікавыя беларускія фестывалі, якія не дадуць засумаваць восенню

Самыя цікавыя беларускія фестывалі, якія не дадуць засумаваць восенню
ФОТА: ARTŪRO SAMALIAUS

Спіс найлепшых мерапрыемстваў, якія чакаюцца ў розных кутках Беларусі.

Лета скончылася, а фестывальнае жыццё працягваецца. Наперадзе яшчэ шмат музычных, спартыўных, гастранамічных, тэатральных святаў, на якія абавязкова варта адправіцца, нягледзячы на халоднае надвор'е і восеньскую ляноту.

Мы сабралі для вас самыя цікавыя мерапрыемствы, якія чакаюцца ў розных кутках Беларусі ў найбліжэйшы час, піша planetabelarus.by.

Тэатр «Шатландская пяхота» у Мірскім замку

Аматарам гістарычных рэканструкцый у гэтыя выхадныя варта заехаць у Мір. Ва ўнутраным дворыку аднаго з самых вядомых беларускіх замкаў клуб «Шатландская пяхота» пакажа спектакль з баямі, дудой і гарматнымі залпамі.

Чаму пяхота «шатландская»? Справа ў тым, што ў часы Рэчы Паспалітай на нашых землях асела шмат шатландскіх імігрантаў. І прадстаўленне, якое пройдзе ў Мірскім замку 16 верасня, прысвечанае менавіта іх культуры і традыцыям.

Міжнародны фестываль агню

Не важна, што пішуць пра прагноз надвор'я - на гэтым свяце, вызначана, будзе горача. З 15 да 17 верасня ў менскім аквапарку «Дрымлэнд» пройдзе фестываль агню з сотняй артыстаў з розных краін. У праграме піратэхнічнае шоу, фігуры з агню, мастацтва дыхаць агнём, вогненны арган і феерверк.

Прафесійныя каманды гатовыя паказаць менчукам свае новыя шоў, прычым сцэну абяцаюць усталяваць максімальна блізка да гледачоў. Гарачыя выходныя гарантаваныя.

Святы польскай і габрэйскай культуры

Не забывайце, што на плошчы Свабоды ў Менску ўсё яшчэ запланавана некалькі святаў нацыянальных культур. У суботу свае вясёлыя песні і танцы прэзентуюць палякі, а ў польскіх танцах, як правіла, удзельнічаюць усе, хто апынуўся паблізу.

А ў нядзелю не менш весела збіраюцца распавесці пра сваю культуру габрэі: будуць нацыянальныя стравы, танцы, віктарыны і шмат цікавай інфармацыі.

«Камяніца»

Якая беларуская восень без «Камяніцы»? Традыцыйны фестываль ужо шмат гадоў збірае беларусаў у Музеі народнай архітэктуры і побыту, каб у старых вясковых дамоў паслухаць фолк-калектывы, прычым не толькі беларускія, бо хэдлайнерам сёлетняга фестывалю будзе ўкраінскі гурт ONUKA.

На «Камяніцу» 16 верасня варта з'ездзіць за неймавернай атмасферай Строчыцаў, добрай музыкай і сельскімі восеньскімі краявідамі.

«Жураўлі і журавіны»

Фестываль для аматараў прыгожай прыроды, птушак і ягад «Жураўлі і Журавін» пройдзе 17 верасня. Мёрскі край славіцца багаццем журавін на сваіх балотах, а збіраюць яе ў верасні.

У гэты ж час у заказніку «Ельня» на навакольных палях спыняюцца тысячы шэрых жураўлёў. Яны кормяцца рэшткамі ўраджаю, каб назапасіць сілы для доўгага падарожжа да месцаў зімоўкі, размешчаным ва Усходняй Афрыцы, а начуюць на выспах пасярод балота, дзе могуць адчуваць сябе ў бяспецы ад драпежнікаў.

Падчас фестывалю можна наесціся журавінамі на год наперад, а яшчэ пагуляць па заказніку, падняцца на вышку і паглядзець на мноства птушак. Выдатная нагода, каб выбрацца на прыроду за здароўем і новымі ўражаннямі.

Фестываль традыцыйнай беларускай кухні «Чарка-шкварка на Суле»

Парк гісторыі Сула запрашае 23 верасня рассмакаваць самыя традыцыйныя беларускія стравы, каб потым доўгімі зімовымі вечарамі рыхтаваць іх дома. На фестывалі ў Суле (Стаўбцоўскі раён) будуць прадстаўлены два фудкорты: шляхецкая зона (з самымі арыстакратычнымі стравамі і напоямі) і літвінская кухня па народных рэцэптах.

Акрамя дэгустацый пройдуць кулінарныя майстар-класы, канцэрт з сярэднявечнай музыкай, танцы, прэзентацыі рамеснікаў і многае іншае.

Дзень Горадні і свята сыру

23 верасня ў Горадні вялікае свята: Дзень горада з прэзентацыямі, феерверкам і шматлікімі канцэртамі з артыстамі з усёй краіны. А апроч эстрадных зорак у горад з'язджаюцца і вытворцы сыру. Бо ў Горадні таксама пройдзе фестываль гэтага малочнага прадукту з арыгінальнай назвай «Тэорыя вялікага сыру».

Прадугледжаны шматлікія дэгустацыі і конкурс на самы смачны сыр.

Свята Багач

Каб наглядна расказаць дзецям пра беларускія святы і традыцыі, можна схадзіць 23 верасня ў культурную прастору «МЁД» на свята сабранага ўраджаю Багач.

Там пакажуць тэатралізаванае прадстаўленне, будзе шмат гульняў, конкурсаў, жартаў і ўсяго іншага, каб весела правесці час і больш даведацца аб традыцыйным беларускім свяце.

АктаӮбэр Фэст

Спадабалася на «Lidbeer»? Неўзабаве пройдзе яшчэ адзін піўны фестываль, на гэты раз бліжэй да Менску, у Лагойску. Абяцаюць рэкі піва, больш за 30 гатункаў, як ад мясцовых бровараў, так і замежных, нават піва з мюнхенскага Актоберфэста прывязуць.

На фестывалі выберуць самыя ўдалыя гатунку, а расплачвацца за піва можна будзе з дапамогай асаблівай валюты, біткоінаў. Акрамя піва і розных забаў, на фестывалі пройдзе таксама Чэмпіянат пераносу жонак, а пераможца атрымае столькі піва, колькі важыць ягоная каханая.

Форум тэатральнага мастацтва «ТэАрт»

Традыцыйна ў Менску ў канцы верасня пройдзе Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТэАрт» з найлепшымі сучаснымі пастаноўкамі беларускага і замежнага тэатра. У праграме 19 спектакляў з 8 краін. Сярод іх нямая камедыя «Жаніцьба» паводле Гогаля, «Іліяда», харэаграфічныя пастаноўкі і шмат іншага.

Усе запрошаныя спектаклі ўжо атрымалі мноства розных узнагарод і лічацца узорам сучаснага тэатральнага мастацтва. Фестываль запланаваны з 27 верасня да 16 кастрычніка.

Восеньскі баль у Мірскім замку

Яшчэ адна гістарычная падзея ў Мірскім замку гэтай восенню - баль «Імяніны Дамініка». На гэты раз наведвальнікам прапануюць перамясціцца ў пачатак XIX стагоддзя на імяніны ўладальніка замка Дамініка Радзівіла. На балі будуць танцавальныя майстар-класы, фанты і старадаўнія рамансы.

Але адмысловая разыначка мерапрыемства, вядома ж, у саміх залях палаца і дрэс-кодзе. Бо патрапіць на баль жанчыны могуць толькі ў сукенцы ў стылі ампір, а мужчыны ў строгім касцюме. Каб паглыбіцца ў атмасферу балю XIX стагоддзя, нарад можна ўзяць напракат.

Кінафестываль «Лістапад»

Яшчэ адзін сімвал беларускай восені, доўгачаканая падзея для беларускіх кінаманаў - кінафестываль «Лістапад». Сёлета самае вялікае свята ў сферы кіно пройдзе з 3 да 10 лістапада. Так што вызваляйце сабе час у гэтыя дні на шматлікія кінапрагляды. А акрамя іх, як звычайна, будзе яшчэ шмат сустрэч з рэжысёрамі, выстаў і майстар-класаў.

Дарэчы, арганізатары заклікаюць не толькі глядзець кіно, але і браць удзел у фестывалі ў ролі валанцёраў, што таксама можа апынуцца незабыўным досведам.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках